Настаўніца з вялікім сэрцам

“Вялікае шчасце сустрэць на сваім шляху настаўніка, які вучыць самаму галоўнаму — быць чалавекам. Мы, 26 вучняў 11 класа ліцэя Івацэвіцкага раёна, такога настаўніка маем!” — з упэўненасцю сцвярджаюць 20 юнакоў і 6 дзяўчат. І гэтым настаўнікам яны называюць свайго класнага кіраўніка настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Алену Уладзіміраўну Самасюк. “Мы вучымся з задавальненнем, таму што наша Алена Уладзіміраўна так нас вучыць. Мы не баімся ёй прызнацца ў нязробленай “дамашцы”, падысці з асабістым пытаннем, таму што наша класная заўсёды прымае нас такімі, якія мы ёсць, імкнецца дапамагчы кожнаму знайсці сябе, паверыць у свае здольнасці”.

Ні для каго не сакрэт, работа класнага кіраўніка ніколі не была лёгкай. А што ж казаць, калі клас твой вось-вось ступіць у дарослае жыццё?! Якія словы падабраць, каб, не пакрыўдзіўшы, сказаць праўду? Як падказаць адзіны правільны шлях вырашэння праблемы? А калі яшчэ яны — 26 фізікаў, а яна адна — лірык? Алена Уладзіміраўна ўмее знаходзіць адказы на падобныя пытанні, бо разумее, што дзіцячыя сэрцы і галовы, як кветкі — іх нельга раскрыць сілай, яны павінны раскрыцца самі.

“Калі настаўнік здолеў наладзіць кантакт з дзецьмі, яны будуць радаваць яго поспехамі і дасягненнямі”, — яшчэ адно слушнае выказванне любімых вучняў пацвярджае работа Алены Уладзіміраўны. Штогод выхаванцы настаўніцы святкуюць перамогу ці становяцца прызёрамі раённага, а часта і абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, мае настаўніца і пераможцаў заключнага этапу. А сёлета пад яе кіраўніцтвам Аксана Герман, вучаніца таго ж 11 класа, напісала даследчую работу па беларускай мове “Пунктуацыя як сістэма знакаў, яе ўніверсальнасць і спецыфіка (на прыкладзе беларускай і англійскай моў)”, з якой прадстаўляла Брэсцкую вобласць на рэспубліканскай канферэнцыі вучнёўскіх работ даследчага характару. Нездарма творчая работа А.У.Самасюк ацэнена на самым высокім узроўні: настаўніца — уладальнік пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі.

Колькасць вучняў, якія выбіраюць для навучання філалагічны, асабліва беларускамоўны, профіль, у івацэвіцкім ліцэі скарачаецца з кожным годам. Аднак гэты факт не становіцца перашкодай для Алены Уладзіміраўны ў прапагандзе роднага слова. І найперш — гэта ўрокі. Сучасных вучняў нельга падмануць павярхоўнай падрыхтоўкай, таму наступныя вучнёўскія словы дарагога каштуюць: “Нашы заняткі, асабліва па літаратуры, напоўнены дыялогамі і адкрыццямі. Урокі пабудаваны так, каб захапіць нас, хоць мы вучні фізіка-матэматычнага профілю. Усімі сіламі настаўніца стараецца развіваць нашы таленты, што так нам спатрэбяцца ў будучым жыцці”.

Бацькі таксама не нарадуюцца зносінам класнага кіраўніка са сваімі дзецьмі. Бываюць і нестандартныя выпадкі, калі маці папросіць Алену Уладзіміраўну ўпэўніць сына ў чым-небудзь, таму што ў самой не атрымліваецца, а ў класнай — лёгка. Асабліва імпануе ім уменне настаўніцы знайсці адметныя словы на бацькоўскім сходзе для кожнага выхаванца, даць добрую параду.

Толькі добрыя словы ў адрас Алены Уладзіміраўны можна пачуць і ад калег — настаўнікаў ліцэя і настаўнікаў раёна: добрая, шчырая, спагадлівая, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу, падказаць і падзяліцца вопытам. Працаваць, нават мець знаёмства з такім чалавекам — сапраўдная радасць.

На свята 8 Сакавіка Алена Уладзіміраўна атрымала ад сваіх любімых вучняў незвычайны падарунак — свой партрэт, напісаны Надзеяй Казлоўскай, вучаніцай роднага 11 класа. Падарунак гаворыць сам за сябе: дзеці, тым больш старшакласнікі, вельмі адчуваюць людзей і ніколі не стануць ствараць вобраз нялюбага ім чалавека. Можа так адбываецца таму, што вельмі вялікую ўвагу настаўніца надае менавіта выхаваўчаму аспекту сваёй работы, бачыць у вучнях не спалоханых дзяцей, а дарослых аднадумцаў, і заўсёды з радасцю чакае сустрэчы з імі пасля выпуску.

Поспехаў вам, Алена Уладзіміраўна!

Людміла БУРВІН,
настаўнік-метадыст ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.