Настаўніца з Жодзіна Кацярына Бадзеева: «Валоданне ведамі па інфарматыцы — важная кампетэнцыя для сучаснага чалавека»

- 16:15Образование

Вывучэнне мовы праграмавання, распрацоўка цікавых праектаў і вынаходніцтва — настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 8 Жодзіна Кацярына Бадзеева кожны свой урок ператварае ў адкрыцці, аўтарамі якіх становяцца яе вучні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тое, што матэматыка — цікавая навука, якая вучыць шукаць лагічныя адказы на складаныя пытанні, Кацярыне Уладзіміраўне калісьці паказала яе настаўніца Наталля Навіцкая. Матэматычныя формулы, гіпотэзы і лічбы вельмі захаплялі школьніцу, што і вызначыла далейшы прафесійны шлях.

Яшчэ калі была студэнткай БНТУ, Кацярына Бадзеева захапілася інфарматыкай. Практыка-­арыентаваны падыход выкладання прадмета натхніў дзяўчыну на рэалізацыю шматлікіх міні-праектаў, якія дапамаглі адразу ўбачыць рэальныя вынікі.

— Па адукацыі я настаўніца працоўнага навучання і інфарматыкі, — расказвае пра сябе педагог. — Практыку на 4 і 5 курсах праходзіла ў школе, менавіта тады і зразумела, што мне настаўніцкая праца падабаецца. Па размеркаванні трапіла ў Цэнтр дзіцячай творчасці педагогам дадатковай адукацыі, але ўспаміны аб школьнай практыцы не адпускалі, таму пасля адпрацоўкі ўладкавалася настаўніцай інфарматыкі і працоўнага навучання ў Будагоўскую школу — дзіцячы сад, затым — у сярэднюю школу № 8 Жодзіна.

Кацярына Бадзеева пастаянна займаецца самаадукацыяй, наведвае курсы і семінары, якія дапамагаюць развіваць педагагічныя кампетэнцыі і ўдасканальваць падыходы ў выкладанні. Акрамя ўрокаў інфарматыкі, настаўніца вядзе факультатыў інжынернай накіраванасці, што патрабуе паглыбленай работы з матываванымі вучнямі. Педагог упэўнена: інфарматыка — той прадмет, якім можна захапіць абсалютна любога навучэнца:

— Галоўнае — знайсці асабістую цікавасць кожнага вучня. Камусьці я паказваю, як аўтаматызаваць руцінныя задачы з дапамогай табліц, іншаму — як апрацоўваць фатаграфіі або стварыць простую гульню. Навучэнцам важна адчуваць сітуацыю поспеху, таму заўсёды іх падба­дзёрваю. Часам дастаткова адной невялікай перамогі, каб з’явілася жаданне рухацца далей і пераадольваць больш складаныя бар’еры.

Для вучняў, якія праяўля­юць старанні ў вучобе, у Кацярыны Ба­дзеевай заўсёды ёсць прыемныя бонусы: магчымасць атры­маць індывідуальную кансультацыю, выправіць адзнаку, выканаўшы дадатковую работу, або рашыць заданне, якое дапаможа праявіць прагрэс.

— Утрымаць цікавасць тых, каму інфарматыка не патрэбна для далейшай прафесійнай вучобы, можна дэманстрацыяй яе практычнай каштоўнасці ў штодзённым жыцці, — упэўнена педагог. — Таму на занятках мы шмат гаворым пра лічбавую адукаванасць, бяспеку ў сетцы, аналіз даных для сваіх праектаў або пра стварэнне кантэнту. Я стараюся данесці, што валоданне ведамі па інфарматыцы — гэта важная кампетэнцыя для жыцця і дзейнасці.

З матываванымі вучнямі педагогу працаваць лёгка. Для іх Кацярына Уладзіміраўна рыхтуе дадатковыя матэрыялы, складаныя праекты і задачы алімпіяднага ўзроўню.

— Часта такія дзеці становяцца маімі памочнікамі на ўроку або кансультантамі для аднакласнікаў, — зазначае настаўніца. — Рэкамендую ім карысныя анлайн-курсы, кнігі або артыкулы, якія потым разам абмяркоўваем. Каб быць для вучняў добрым правадніком, я павінна быць на крок наперадзе, таму сама пастаянна вучуся, асвойваю новыя лічбавыя інструменты.

Вынікамі сумеснай работы з вучнямі Кацярына Уладзіміраўна ганарыцца. Так, Уладзіслаў Калесніковіч — аўтар даследчай работы “Магчымасці мовы праграмавання ROBBO Scratch з дапамогай абсталявання ROBBO”. З гэтай распрацоўкай школьнік прайшоў навучанне ў тэхнапарку.

— Сутнасць работы заключаецца ў вывучэнні мовы праграмавання ROBBO Scratch з дапамогай абсталявання ROBBO, — тлума­чыць настаўніца. — Пасля гэтага Уладзіслаў стварыў робата, які ачысціў платформу ад непатрэбных элементаў. Яшчэ адзін мой вучань, Цімур Мельнік, таксама быў запрошаны ў тэхнапарк. Сутнасць яго даследчай работы ў стварэнні простага месенджара з выкарыстаннем мовы праграмавання C++, у якім былі б рэалізаваны самыя простыя функцыі.

Разважаючы пра сваю прафесійную місію, Кацярына Бадзеева адзначае, што самае вялікае яе жаданне — каб вучні раскрылі ўласны патэнцыял і дакладна вызначыліся, кім хочуць стаць.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА