Настаўніца Зінаіда Кожун павышае цікавасць да матэматыкі з дапамогай інтэрактыўных рабочых аркушаў

- 16:12Образование

Настаўніца матэматыкі Зінаіда Кожун з Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна павышае цікавасць да свайго прадмета з дапамогай інтэрактыўных рабочых аркушаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтыя электронныя аркушы педагог стварае для самастойнай работы вучняў на ўроках у камп’ютарным класе, падчас франтальнай работы і ў якасці альтэрнатыўнага дамашняга задання.

— Інтэрактыўныя рабочыя аркушы зручныя не толькі для настаўніка, але і для дзяцей, — расказвае Зінаіда Кожун. — Так, педагогу не трэба раздрукоўваць дыдактычны матэрыял для кожнага вучня, аркуш даступны дыстанцыйна, працаваць з ім можна ў рэжыме рэальнага часу з адным ці некалькімі вучнямі, у аркушы лёгка і хутка дабаўляюцца, выдаляюцца ці замяняюцца заданні, а воблачныя тэхналогіі дазваляюць аўтаматычна правяраць іх і выстаўляць адзнакі. У сваю чаргу інфармацыя для школьнікаў набывае большую нагляднасць, дзеці могуць самастойна здабываць і карыстацца ёй, у цікавай форме правяраць і замацоўваць атрыманыя веды. Акрамя таго, інтэрактыўны аркуш улічвае індывідуальны тэмп работы і дазваляе атрымаць аператыўную ацэнку вынікаў сваёй працы.

Існуюць розныя сайты для абмену вопытам і прэзентацыі аўтарскіх рабочых аркушаў. У сваёй дзейнасці педагог звярнулася да анлайн-сэрвісу Wizer, які дазваляе ўставіць любы медыяматэрыял, прыгожа аформіць рабочы аркуш, падабраць афармленне і шаблоны для заданняў, а таксама вызначыць для кожнага з іх пэўную колькасць балаў. Акрамя таго, да вучнёўскіх адказаў там можна пакінуць галасавы ці тэкставы каментарый, а сам аркуш падмацаваць відэаролікам ці спасылкамі на іншыя сэрвісы.

— Перавага Wizer у тым, што ён аб’ядноўвае некалькі створаных дадаткаў у адзін інтэрактыўны рабочы аркуш, чаго нельга зрабіць на іншых платформах, — заўважае Зінаіда Кожун. — Праўда, ёсць і недахопы. Адзін з іх — немагчымасць ствараць беларускамоўныя заданні.

Каб вырашыць гэтую праблему, настаўніца звярнулася да інструментаў, прапанаваных Liveworksheets.com. Гэты сэрвіс не толькі вырашае праблему з беларускай мовай, але і дазваляе ствараць цэлыя інтэрактыўныя сшыткі ці асобныя тэставыя работы, якія можна правя­раць у анлайн-рэжыме ці перасылаць на электронную пошту педагога. Разам з тым на сайце можна карыстацца як гатовымі, так і ўласнымі рабочымі аркушамі.

— Сэрвіс дапамагае ператвараць у інтэрактыўныя рабочыя аркушы простыя раздрукоўкі з заданнямі і ствараць уласныя аркушы для замацавання пройдзенага матэрыялу ці кантролю ведаў вучняў, — гаворыць Зінаіда Кожун. — Гэтага можна дасягнуць рознымі спосабамі. Сярод іх — уключэнне элементаў тэста, які спалучае адкрытыя і закрытыя пытанні, адзінкавы і множны выбар, а таксама практыкаванні на развіццё ўменняў структуравання і класіфікацыі інфармацыі (злучэнне стрэлкамі, перамяшчэнне). 

Настаўніца не толькі распрацавала інтэрактыўныя рабочыя аркушы для сямікласнікаў па геаметрыі, але і аб’яднала іх затым у інтэрактыўны плакат з дапамогай сэрвісу genial.ly. Туды дабаўлены інтэрактыўныя элементы, кнопкі, рэжымы, рознаўзроўневыя задачы і інш. Але галоўнае, што плакат можна дапаўняць новымі заданнямі, карэкціраваць і замяняць элементы ў ім.

У выніку ў педагога атрымалася своеасаблівая скарбонка дыдактычных матэрыялаў. Сёння ў плакаце каля 30 старонак. Але на гэтым настаўніца не спыняецца і працуе далей.

Інтэрактыўныя плакаты і рабочыя аркушы Зінаіда Кожун раздае вучням з дапамогай спасылак. Атрымаўшы код, дзеці могуць убудаваць іх на старонку блога ці сайта. З інтэрактыўнымі аркушамі можна працаваць у Microsoft Teams і Google Classroom.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ