Настаўніцкае шчасце

- 11:50Людзі адукацыі

Іх не забываюць ніколі. Іх паважаюць, калі-нікалі пабойваюцца, але калі прыходзіць час развітвацца з імі, — сумуюць і разумеюць, што толькі яны змаглі зрабіць з разгільдзяя і двоечніка чалавека. Іх любяць і часта прызнаюцца ім у любові — адкрыта і не саромеючыся слоў.

Пра каго ідзе гаворка? Зразумела, пра нашых настаўнікаў. Пра людзей, у якіх, па сутнасці, прафесіі няма, бо спецыяльнасць, пазначаная ў іх дыпломе, азначае нават не работу, а… лёс.
Лёсам стала педагагічная прафесія для настаўніцы хіміі гімназіі № 192 Мінска Валянціны Іванаўны Войцік, якая працуе з дзецьмі ўжо больш за 25 гадоў і пераканана, што поспех педагога — у дасягненнях і перамогах яго вучняў, што з ростам навучэнца расце настаўнік. А дасягненняў у выхаванцаў Валянціны Іванаўны нямала. Яны штогод бяруць дыпломы на розных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па хіміі, перамагаюць на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах даследчых работ, набіраюць па 90—100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, а многія з іх выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з хіміяй, і становяцца ўрачамі, вучонымі, педагогамі. За сваю выніковую работу летась В.І.Войцік была адзначана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Валянціна Іванаўна — сціплы, інтэлігентны чалавек, які пра сябе гаварыць не любіць, затое пра сваіх выхаванцаў можа расказваць гадзінамі. Так, у аднаго з вучняў настаўніцы, Івана Чарняўскага (зараз вучыцца на 5 курсе хімічнага факультэта БДУ), захапленне хіміяй пачалося з доследаў і эксперыментаў, якія хлопец ставіў дома, падвяргаючы небяспецы сябе і блізкіх, і педагогу неаднойчы даводзілася размаўляць з хлопцам і прадастаўляць яму школьную лабараторыю. Прыгадвае Валянціна Іванаўна, як яе вучаніца Валянціна Семяненка, паступіўшы ў БДМУ, прыходзіла да яе ў школу і скардзілася, што на 1 курсе вельмі мала хіміі. Дзяўчына знайшла выйсце з гэтай сітуацыі: падабрала навуковую тэму менавіта па хіміі і выступіла з ёй на студэнцкай канферэнцыі. А як радавалася настаўніца, калі яе вучаніца Валерыя Любчынская, неаднаразовы прызёр алімпіяд, атрымала на цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі 100 балаў, як яе сёлетнія выпускніцы-медалісткі паступілі на хімфак БДУ! Працавітасць, стараннасць і мэтанакіраванасць прынеслі свой плён.
Як прызнаецца настаўніца, цікавасць да хіміі ў яе прачнулася ў 8 класе, калі гэты прадмет толькі пачынаўся ў школе. “Мне падабаўся кантакт з рэчывамі, хімічныя рэакцыі, эксперыменты, — заўважае настаўніца. — Акрамя таго, я вельмі любіла рашаць задачы, бо ў мяне было больш развіта абстрактнае мысленне. Я нават у думках магла ўяўляць, як адбываецца тая ці іншая хімічная рэакцыя. Гэта было неяк падсвядома”. Значны след у жыцці пакінула і настаўніца хіміі Леанарда Міхайлаўна Жызнеўская, якая дапамагала засвойваць тэорыю, рашаць задачы, а потым і рабіць першыя крокі ў прафесіі.
Валянціна Іванаўна — сама ўдзельніца алімпіяд, таму не па чутках ведае, якая падрыхтоўка, у тым ліку псіхалагічная, патрэбна вучням, апошнія два гады вучобы ў школе дадаткова займалася ў завочнай фізіка-матэматычнай і хімічнай школе. Аднак калі пачалі прыходзіць кантрольныя работы, то выбар быў зроблены на карысць хіміі. Адчуваючы ў сабе педагагічныя задаткі, дзяўчына без ваганняў паступіла на хімічны факультэт БДУ на навукова-педагагічнае аддзяленне. І аб гэтым ніколькі не шкадуе.
— Бліжэй да заканчэння навучальнага года здаецца, што вельмі стамілася ад прафесіі, што ўжо не магу працаваць, але праходзіць летні адпачынак, і зноў цягне ў школу, — прызнаецца настаўніца. — Настаўніцкія дні — кругаварот спраў і клопатаў, штодзённая работа ў першую чаргу над сабой. Гэта пераадольванне ляноты, барацьба з расчараваннямі. Але адначасова гэта і азарэнне, і бляск у вачах дзяцей, і перамогі. Дзеці даюць мне незвычайную жыццёвую энергію, зарад бадзёрасці, маладосці. Іх вочы, усмешкі, разуменне цябе, імкненне пагрузіцца ў навуку, зразумець яе надаюць сіл, і ад гэтага робіцца цёпла на душы.
Прымаючы вучняў у 7 класе, В.І.Войцік імкнецца захапіць дзяцей прадметам і падтрымаць іх матывацыю да яго вывучэння. Першыя ўрокі педагога крыху выходзяць за межы вучэбнай праграмы. Яна ставіць доследы, дэманструе вучням эксперыменты, напрыклад, паказвае вывяржэнне вулкана, прапаноўвае практыка-арыентаваныя заданні, якія раскрываюць значэнне хіміі ў жыцці (напрыклад, як атрымаць дзевяціпрацэнтны раствор воцату для кансервавання). Падтрымліваць інтарэс да прадмета дапамагае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, прымяненне тэхналогіі развіцця крытычнага маслення і праблемнае навучанне. Напрыклад, вывучаючы тэму “Сумесі”, настаўніца прапаноўвае дзецям падзяліць сумесь грэчкі з соллю і дапамагчы Папялушцы хутчэй паехаць на баль. На першых этапах педагог дазваляе сабе прастымуляваць вучняў — павысіць ім крыху адзнаку. На ўроках педагога вучні выступаюць у ролі настаўнікаў — яны задаюць пытанні сваім аднакласнікам, што павышае іх самаацэнку. На перапынках у кабінеце педагога і падчас правядзення практычнай работы на ўроку можна пачуць музыку Моцарта, Бетховена, Шапэна. Класічная музыка, па меркаванні настаўніцы, актывізуе мысліцельныя працэсы дзяцей, настройвае на рабочы лад, разнявольвае.
В.І.Войцік кіруе навуковым таварыствам вучняў гімназіі “Гармонія”. На якія толькі тэмы не былі напісаны работы пад кіраўніцтвам педагога! Гэта і наступствы ёдадэфіцыту ў арганізме чалавека, і ўплыў энергетычных напіткаў на ціск і ўтрыманне ў іх кафеіну, і атрыманне эфірных масел, і стварэнне крэму для абутку.
У алімпіядным руху Валянціна Іванаўна таксама не навічок і з кожным годам колькасць вучняў, якія жадаюць прыняць удзел у алімпіядзе, толькі павялічваецца. Зараз на дадатковыя заняткі да настаўніцы ходзяць 13 навучэнцаў. Дадатковая работа з гімназістамі па прадмеце з’яўляецца вельмі складанай, карпатлівай справай, якая патрабуе ад педагога вялікіх выдаткаў часу, але ў той жа час вельмі цікавым і захапляльным заняткам. Спачатку настаўніца прыглядаецца да вучняў, выяўляе, хто з іх чым захапляецца, цікавіцца, хто якую літаратуру чытае. Потым педагог прапаноўвае вучням тэст, які выяўляе здольнасці дзіцяці да вучэбных прадметаў.

Валерыя ЛЮБЧЫНСКАЯ, вучаніца Валянціны Іванаўны Войцік, трэцякурсніца лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:
— Валянціна Іванаўна адыграла значную ролю ва ўмацаванні майго жадання стаць урачом, бо менавіта з яе дапамогай я ўбачыла, што ў мяне ёсць шанс паступіць у медуніверсітэт.
Валянціна Іванаўна спадабалася мне адразу як чалавек, як выкладчык. На яе ўроках было заўсёды цікава. У Валянціны Іванаўны вельмі нестандартныя падыходы да іх правядзення. Да кожных заняткаў яна вельмі адказна ставілася, дасканала рыхтавалася: то прэзентацыю пакажа, то раскажа пра гісторыі хімічных адкрыццяў і вучоных, то дослед прадэманструе.
На ўроках настаўніцы было вельмі камфортна: утульная, спакойная атмасфера заўсёды настройвала на работу. Педагог не з тых, хто будзе адчытваць, лаяцца. Яна вельмі далікатная, інтэлігентная, імкнулася паставіць сябе на месца вучня, зразумець яго. Хаця строгасць таксама прысутнічала, каб мы не расслабляліся і плённа працавалі.
Бывае так, што ў настаўніка, які рыхтуе вучняў да алімпіяд, канферэнцый, адораныя дзеці — на асобым рахунку, ім заўсёды ўдзяляецца больш увагі. А Валянціна Іванаўна аднолькава адносілася заўсёды да ўсіх, цікавілася абсалютна кожным вучнем. І гэта таксама яе вялікі плюс.
Валянціна Іванаўна рыхтавала мяне да ЦТ. Я імкнулася выканаць усе заданні, якія яна мне прапаноўвала. Часта не паспявала, таму даводзілася дарабляць іх і на перапынках, і ў транспарце, а калі-нікалі на іншых уроках. На цэнтралізаваным тэсціраванні я атрымала 100-бальны вынік. Радасці і шчасцю не было мяжы! Я ўдзячна сваёй настаўніцы за гэта. Яна вельмі многа патраціла на мяне сіл і энергіі! Прычым па асабістай ініцыятыве!
Мне хочацца пажадаць Валянціне Іванаўне моцнага здароўя, цярпення, невычэрпнай энергіі, удзячных вучняў, разумеючых бацькоў, больш усмешак і кветак! І няхай работа не прыносіць стомы!

— Усіх дзяцей немагчыма пагрузіць у хімію, — адзначае Валянціна Іванаўна. — Хімія — гэта складаны прадмет, і, каб займацца ім паглыблена, трэба мець спецыфічныя якасці: развіты вакамер, тактыльныя адчуванні, нюх, колераадчуванне, адчуванне рэчыва і г.д. Акрамя таго, збіраючыся прапанаваць школьніку дадатковыя заняткі, неабходна выявіць, кім бы ён хацеў стаць у будучыні, да якой спецыяльнасці ў яго ляжыць душа. Можа аказацца, што вучань сам зацікаўлены ў дадатковых занятках з настаўнікам — і гэта найлепшы варыянт, калі ініцыятыва зыходзіць ад самога дзіцяці.
Больш эфектыўнай формай падрыхтоўкі высокаматываваных вучняў Валянціна Іванаўна лічыць індывідуальную работу, якая дазваляе выбудаваць траекторыю развіцця кожнага навучэнца. Групавую форму работы настаўніца таксама прымяняе. Напрыклад, для дэманстрацыйнага хімічнага эксперымента, які становіцца затым хімічным бокам розных па складанасці задач; для сціслага разбору цікавых тэарэтычных пытанняў, якія тычацца хіміі асобных элементаў; пры падрыхтоўцы да эксперыментальнага тура алімпіяды па хіміі. Старэйшыя вучні вучаць малодшых, удасканальваючы свае веды. Пры гэтым ствараецца суполка аднадумцаў.
Жыццёвае крэда настаўніцы — абганяць не іншых, а самога сябе. Дарэчы, гэтаму яна вучыць і сваіх выхаванцаў. Валянціна Іванаўна знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Новыя тэхналогіі, новыя эфектыўныя метады і прыёмы работы не застаюцца па-за яе ўвагай. Не так даўно настаўніца асвоіла інтэрактыўную дошку, летам паглыбілася ў хімію на польскай мове і падрыхтавала сваю вучаніцу да паступлення ў Беластоцкі медыцынскі ўніверсітэт. Сёлета педагог плануе абагульніць вопыт работы з высока-матываванымі дзецьмі па падрыхтоўцы іх да хімічных алімпіяд.
У вольны ад работы час Валянціна Іванаўна наведвае заняткі па фітнесе, вяжа, чытае мастацкую і псіхалагічную літаратуру, падарожнічае. Мабыць, унікалькасць прафесіі педагога якраз і заключаецца ў тым, што ён не толькі вучыць, але і сам вучыцца. Зносіны з моладдзю не дазваляюць застыць на месцы. Настаўнік падобны да калодзежа. Чым глыбей капаеш, тым больш у ім вады.
І калі пасля заняткаў настаўніца бачыць дапытлівыя позіркі выхаванцаў і чуе “дзякуй за ўрок”, калі на перапынку яна не можа выбрацца з цеснага кола дзяцей, якія жадаюць штосьці расказаць, запытацца, проста пастаяць побач, калі, сустракаючы бацькоў на вуліцы, чуе падзяку ў свой адрас, калі на прафесійнае свята — Дзень настаўніка — атрымлівае віншаванні ад цяперашніх і былых вучняў і самыя важныя для любога педагога словы: “Валянціна Іванаўна, мы вас вельмі любім!”, “Вы самы лепшы настаўнік!”, то прыходзіць усведамленне, што ўсё, што робіцца, нездарма, што твае вучні цябе паважаюць і любяць. А ці не ў гэтым заключаецца настаўніцкае шчасце?

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.