Настаўніцкая самаідэнтыфікацыя

- 11:51Суразмоўца

Увесці школьнікаў у педагагічную прафесію дапаможа новы факультатыў

На пачатку чэрвеня бягучага года была адобрана і рэкамендавана прэзідыумам навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі па дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Як падкрэсліла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, гэтая праграма з’яўляецца абавязковай для вывучэння ў профільных педагагічных класах, ідэя адраджэння якіх належыць рэктару Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандру Жуку.
Аляксандр Іванавіч з’яўляецца ідэйным натхняльнікам аўтарскага калектыву, які працаваў над факультатыўнай праграмай. Гэтая акалічнасць і паслужыла інфармацыйнай нагодай, каб сустрэцца з Аляксандрам Іванавічам і даведацца пра перспектывы развіцця педкласаў у краіне на пачатку новага навучальнага года, а таксама пагутарыць пра рэалізацыю новай факультатыўнай праграмы.

— Аляксандр Іванавіч, перш чым звяртацца да факультатыўнай праграмы, хочацца даведацца, якая сітуацыя на сённяшні дзень з арганізацыяй профільных педагагічных класаў у школах краіны.
— Як вы ўжо ведаеце, у верасні 2014 года запрацавалі 4 педагагічныя класы фізіка-матэматычнага і філалагічнага напрамку ў гімназіі № 20 Мінска, а цяпер профільныя класы педагагічнай накіраванасці адкрываюцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.У прыватнасці, у Мінскай вобласці створана 18 класаў і 38 педагагічных груп, у якіх будуць вучыцца дзеці розных профіляў, але ўсе яны будуць вывучаць факультатыў “Уводзіны ў педпрафесію”. Мы працягваем праводзіць работу па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў агульнаадукацыйных школ на педагагічныя спецыяльнасці. Да цяперашняга часу заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве і адкрыты педагагічныя класы ў 9 раёнах вобласці: Слуцкім, Нясвіжскім, Салігорскім, Чэрвеньскім, Капыльскім, Лагойскім, Клецкім, Смалявіцкім і ў Жодзіне.
У Віцебскай вобласці ў чэрвені было створана 29 педкласаў. У Гродзенскай вобласці дзейнічаюць 123 педагагічныя класы. У 2015/2016 навучальным годзе плануецца адкрыць профільныя класы педагагічнай накіраванасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх абласцей рэспублікі.

— Значыць, можна лічыць, што ідэя адраджэння профільных педагагічных класаў знайшла сваіх прыхільнікаў у кожным рэгіёне нашай краіны?
— Так. І гэта абсалютна заканамерна. Пытанне павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі ў беларускім грамадстве, і асабліва ў моладзі, сёння вельмі актуальнае. Пераадолець глабальныя выклікі сучаснасці, у ліку якіх рост спажывецкіх, страта каштоўнасных арыенціраў, можа грамадства з трывалай, гнуткай, эфектыўнай адукацыйнай сістэмай, у якой закладзены магутны інавацыйны патэнцыял, сарыентаваны на праблемы будучага, а не мінулага. І ключавой фігурай тут выступае педагог. Ад таго, як будзе адукавана і выхавана падрастаючае пакаленне жыхароў Беларусі, залежыць дабрабыт і росквіт краіны. Значыць, найважнейшая стратэгічная задача — знайсці, вырасціць, падрыхтаваць такіх педагогаў, а шукаць будучых каменскіх і песталоці трэба ўжо сёння ў школах і гімназіях нашай краіны. Гэта разумеюць усе. Больш за тое, сёння паспяхова працуюць школы, дзе 50—60% педагогаў — былыя выпускнікі гэтых навучальных устаноў.
Акрамя таго, патрэба ў педагагічных кадрах у нашай краіне пастаянна ўзрастае. Так, напрыклад, толькі ў Мінскай вобласці ў 2014 годзе былі патрэбны 429 педагагічных работнікаў, а ў 2015 годзе, — ужо 728! Мы ж пакуль задавальняем вобласць у кадрах толькі на трэцюю частку (а Мінск — на 20%), таму ў наступным годзе будзем прасіць Міністэрства адукацыі павялічыць кантрольныя лічбы прыёму, асабліва на дашкольныя спецыяльнасці і на пачатковую школу. Гэтыя лічбы яшчэ раз пацвярджаюць, што выбраны намі курс на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі ў грамадстве, у тым ліку за кошт прыцягнення на педагагічныя спецыяльнасці найбольш матываваных выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — стратэгічна важны і актуальны напрамак.

— Акрамя таго, выпускнікі педкласаў маюць сур’ёзныя прэферэнцыі пры паступленні.
— Так. Каб паступіць ва ўніверсітэт на педагагічныя спецыяльнасці, выпускніку профільнага педагагічнага класа трэба добра вучыцца (ад 7 да 10 балаў), абавязкова засвоіць праграму факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” (прычым адпаведны запіс будзе зроблены ў атэстаце) і мець рэкамендацыю той навучальнай установы, дзе ён вучыўся. У сувязі з гэтым цяпер на першы план павінна выходзіць тлумачальная работа з бацькамі і дзецьмі, патэнцыяльнымі навучэнцамі педкласаў. Яны павінны ведаць перавагі навучання ў такім класе.
Імпульсам для актывізацыі дзейнасці па стварэнні сістэмы дапрафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў стала даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб разглядзе магчымасці ўвядзення асаблівага парадку прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання адукацыі па педагагічных спецыяльнасцях асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнага напрамку, дадзенае ў лістападзе 2014 года пры наведванні БДПУ ў дзень яго стагоддзя.
Стварэнню сістэмы адбору лепшых і матываваных вучняў на педагагічныя спецыяльнасці паспрыяла і адкрыццё на базе БДПУ ў 2014 годзе вочна-завочнай педагагічнай гімназіі для вучняў 10—11 класаў. У мінулым навучальным годзе ў гімназіі вучыліся 220 вучняў, для якіх у перыяд восеньскай, зімовай і вясновай сесіі былі арганізаваны заняткі па вучэбных прадметах. У выніку ўсіх нашых дзеянняў сёлетняя прыёмная кампанія ва ўніверсітэты, якія рыхтуюць педагогаў, была паспяховай.
Сутнасць профільнай падрыхтоўкі заключаецца ў вывучэнні навучэнцамі пэўных вучэбных прадметаў (матэматыкі, фізікі, гісторыі і інш.) на павышаным узроўні, а таксама факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, якія прызваны выхоўваць каштоўнаснае стаўленне да педагагічнай дзейнасці і педагагічнай прафесіі.

— Аляксандр Іванавіч, праграма факультатыву ўражвае глыбінёй зместу і разнастайнасцю форм работы, якія прапаноўваюцца. Яна сапраўды стварае адпаведны настрой на педагогіку і мае велізарны выхаваўчы аспект.
— Прапанаваныя факультатыўныя заняткі накіраваны на развіццё ў вучняў матывацыі да педагагічнай дзейнасці, педагагічных здольнасцей, сацыяльнай кампетэнтнасці, псіхалагічнай культуры і будуць спрыяць фарміраванню асобы, арыентаванай на засваенне прафесійна значных кампетэнцый, здольнай да саманавучання, самавыхавання і самаўдасканалення. Акрамя таго, факультатыўныя заняткі дадуць магчымасць навучэнцам ажыццявіць першасную самадыягностыку сваіх педагагічных здольнасцей, а педагагічнаму калектыву ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — аб’ектыўна ацаніць прафесійную прыдатнасць навучэнцаў да педагагічнай дзейнасці.
Змест праграмы факультатыўных заняткаў уключае тэмы, актуалізуе пошук старшакласнікамі адказаў на шэраг пытанняў: што такое педагагічная прафесія? якое яе месца ў свеце іншых прафесій? як і калі яна ўзнікла? у чым яе спецыфіка? што такое педагагічная дзейнасць? якія патрабаванні прад’яўляюцца да настаўніка? што ён павінен умець? якімі якасцямі павінен валодаць? ці магу я быць настаўнікам? ці ёсць у мяне патрэбныя прафесійна важныя якасці? што неабходна зрабіць, каб развіць гэтыя якасці? ці магу я ўжо сёння паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка? і інш. Гэтае змястоўнае поле структуравана ў чатыры модулі: “У свеце педагагічнай прафесіі” (10 клас), “Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання” (10 клас),
“Я ў педагагічнай прафесіі” (11 клас), “Пазнай самога сябе” (11 клас).
Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” разлічана на 140 гадзін. У 10 класе плануецца паралельнае засваенне зместу модуля 1 (35 гадзін) і модуля 2 (35 гадзін); у 11 класе — паралельнае засваенне зместу модуля 3 (35 гадзін) і модуля 4 (35 гадзін).

— А якія настаўнікі, на ваш погляд, павінны выкладаць гэты факультатыўны курс?
— Зразумела, што весці факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” могуць і павінны тыя педагогі (настаўнікі, школьныя псіхолагі, выкладчыкі педагагічных каледжаў і інш.), якія любяць сваю прафесію, валодаюць ведамі па педагогіцы і псіхалогіі, сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, якія творча падыходзяць да вырашэння педагагічных задач, імкнуцца да прафесійнага самаразвіцця, карыстаюцца аўтарытэтам у навучэнцаў і калег.
Па запытах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі да правядзення факультатыўных заняткаў могуць прыцягвацца і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі: навукоўцы, спецыялісты ў галіне педагогікі і псіхалогіі, добра знаёмыя не толькі са спецыфікай прадмета, але і з патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Магчыма, прагучыць пафасна, але місія педагога, які будзе весці факультатыўныя заняткі, — выклікаць цікавасць старшакласнікаў да педагагічнай прафесіі і ўмацаваць іх рашэнне стаць педагогам. Для настаўнікаў, якія будуць працаваць з факультатыўнымі заняткамі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, плануецца арганізацыя мэтавых курсаў павышэння кваліфікацыі на базе ІПКіП БДПУ, універсітэтаў, якія рыхтуюць педкадры і абласных ІРА. Па пытаннях забеспячэння прадукцыйнага і эфектыўнага функцыянавання педагагічных класаў ва ўсіх рэгіёнах краіны плануецца арганізацыя семінараў, круглых сталоў, індывідуальных кансультацый.
Мы абавязкова будзем дапамагаць. Напрыклад, цяпер разам з расіянамі працуем над праектам па прафарыентацыйнай рабоце. Расійская кінакампанія “Парамульт” стварыла мультсерыял па розных рабочых прафесіях. Цяпер такі ж прадукт рыхтуецца і па педпрафесіях. Мяркую, што ён стане добрым дапаможнікам для настаўнікаў. Яшчэ вельмі важна, каб настаўнікаў, якія будуць выкладаць гэты факультатыў, падтрымалі фінансава. Сёння дырэктары маюць такую магчымасць за кошт прэміяльнага фонду.

— Аляксандр Іванавіч, і апошняе: ці магчымы нейкія змены ў дзейнасці педагагічных класаў?
— Калі весці гаворку пра ўзмацненне адбору матываваных менавіта на педагагічную прафесію, то, безумоўна, трэба прыкладаць пэўныя намаганні, удасканальваць прафарыентацыйную работу. Напрыклад, сёння мэтанакіравана працаваць па ўзмацненні педагагічнага профілю гатовы такія ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, як сярэднія школы №№ 126, 2, 6 Мінска, гімназіі № 2 Бабруйска Магілёўскай вобласці, № 1 Стоўбцаў, № 1 Салігорска, № 7 Маладзечна Мінскай вобласці, № 1 Іўя Гродзенскай вобласці і інш. Усе названыя ўстановы адукацыі паспяховыя ў алімпіядным руху, на цэнтралізаваным тэсціраванні, у арганізацыі профільнага навучання, інавацыйныя, матываваныя.
Шэраг школ рэспублікі ўжо выказалі гатоўнасць адрадзіць такую форму дапрофільнай падрыхтоўкі, як педагагічная гімназія, якая прадугледжвае арыентацыю школьнікаў на педагагічную прафесію пачынаючы з 5 класа. Неабходна ўжо з сярэдняй школы пераходзіць на адрасную, мэтавую падрыхтоўку будучых настаўнікаў, знаходзячы, адбіраючы таленавітых дзяцей, здольных і гатовых прысвяціць сябе настаўніцкай прафесіі, мэтанакіравана рыхтаваць іх да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці.
Тут ёсць вялікія патэнцыяльныя магчымасці не толькі ў засваенні зместу факультатыўных заняткаў, але і ў арганізацыі рознага роду педагагічных практык і педагагічных проб: правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў, урокаў у пачатковай школе, гульняў на перапынках, практыка ў школьным лагеры, валанцёрская дзейнасць і г.д. Вельмі важна даць магчымасць прымераць на сябе ролю педагога. Мы выдатна ведаем, што настаўнік найперш павінен любіць дзяцей. Нават калі нейкіх ведаў у яго і не хапае, ён давучыцца, бо будзе адчуваць такую неабходнасць.
Удасканаленне сістэмы прафесійнай арыентацыі навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці дазволіць у далейшым стварыць дзейсную сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая будзе ўключаць педагагічныя класы, гімназіі, сярэднюю спецыяльную адукацыю, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў адукацыі.
А ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы аб разглядзе магчымасці ўвядзення асаблівага парадку прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі для атрымання адукацыі па педагагічных спецыяльнасцях асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнага напрамку, дадзенага ў лістападзе 2014 пры наведванні Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, намі ў Міністэрства адукацыі была накіравана прапанова па ўнясенні змен у Правілы прыёму. Прапанова дапоўніць пункт 24 “Без уступных іспытаў залічваюцца” наступным абзацам:
“Асобы, якія прайшлі навучанне ў профільных класах педагагічнага напрамку ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія атрымалі адзнакі 7 (сем) і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці, пералік якіх устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі”.
Гэтае рашэнне павінна быць прынята ўжо ў верасні. У перспектыве гэта дазволіць прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці найбольш падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў.

— Згодна з вамі. Дзякуй за размову і поспехаў у рэалізацыі вашых планаў.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.