Настаўніцкі подзвіг

- 19:33Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

 

 

 

На бягучым тыдні ў расійскім Іжэўску адбылася трагедыя. 34-гадовы выпускнік сярэдняй школы № 88 ранкам прыйшоў ва ўстанову адукацыі, каб забіваць людзей. Злачынца каля года распрацоўваў жудасны план забойства вучняў і настаўнікаў: перарабіў траўматычную зброю пад баявыя патроны, выбіраў месца, куды прыйдзе забіваць. Выбраў 88-ю школу Іжэўска, у якой калісьці вучыўся сам. Вераснёвай раніцай ён пераступіў парог сваёй школы і пачаў страляць. Ад яго рук загінулі 17 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, дзясяткі людзей атрымалі цяжкія раненні. Пасля масавага забойства людзей апошнюю кулю ён падрыхтаваў для сабе…

Калі здараецца такое, мы не можам зразумець, чаму гэта магло адбыцца. Як так атрымалася, што малады мужчына замест таго, каб прывесці ў школу сваё дзіця, прыйшоў туды і забраў жыцці ў іншых дзяцей? Чаму чалавек з псіхічным захворваннем змог набыць траўматычную зброю? Чаму хворы з сур’ёзным дыягназам змог без перашкод зайсці ў школу і пачаць страляць? І галоўнае: як нам, грамадству, абараніць вучняў і настаўнікаў ад такой жудасці? 

Ад рук злачынцы загінулі тры настаўніцы школы — выкладчыца выяўленчага мастацтва Святлана Іванаўна Суханава, настаўніца матэматыкі Наталля Ігараўна Вядзернікава і настаўніца англійскай мовы Маргарыта Міхайлаўна Сахарных. Святлана Суханава, якая вяла ўрок выяўленчага мастацтва, пачуўшы шум у школьным калідоры, выйшла з класа — прама пад кулю. Яна загінула адной з першых. А школа (адно з самых мірных месцаў на свеце) стала месцам страху і смерці. 

А яшчэ іжэўская школа стала месцам настаўніцкага подзвігу. Па сведчаннях вучняў, настаўнікі цаной свайго жыцця імкнуліся захаваць жыцці дзяцей. Педагогі закрывалі навучэнцаў ад смяротнай небяспекі ўласнымі целамі. 71-гадовая (!) настаўніца біялогіі Галіна Харытонаўна Жаваранкава, пачуўшы выстралы, сарыентавалася імгненна: замкнула дзверы кабінета, забарыка­дзіравала іх разам з васьмікласнікамі, завяла дзяцей у лабаранцкі пакой і загадала ўсім маўчаць. Кожнаму б такі светлы розум і такую адвагу на восьмым дзясятку жыцця. Калега Галіны Харытонаўны ў такой жа смяротнай небяспецы сказала сваім другакласнікам, што гэта вучэбная трывога, замкнула дзверы, сабрала дзяцей у канцы кабінета і правяла з імі вучэбныя заняткі, каб ніхто з малых не спужаўся і не запанікаваў. А забойца тым часам страляў у замкнёныя дзверы, каб праве­рыць, ці ёсць хто ў кабінеце…

Калі на пачатку мінулага навучальнага года мая малодшая дачка, на той час васьмікласніца, паведаміла мне, што на вахце ў яе школе дзяжу­раць супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС Рэс­публікі Беларусь, я спачатку не зразумела да канца, навошта ў школе міліцыя. Няўжо гэта жорсткая неабход­насць, думалася мне ў той час. Зараз я, як, напэўна, і ўсе бацькі школьнікаў, разумею: бяспекі ў школе зашмат не бывае. Нашы дзеці і нашы настаўнікі сёння пад надзейнай аховай. Супрацоўнік міліцыі ў надзвычайнай сітуацыі зробіць усё, каб абара­ніць жыццё і здароўе ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Як сведчыць трагедыя ў іжэўскай школе, надзвычай важна спрацаваць на апярэ­джан-
не злачынства. Каб не здарылася непапраўнае.

Школа, напэўна, самае мірнае месца на Зямлі. Дзіця ідзе туды па веды, настаўнік ідзе, каб да­ваць веды. Школа — не месца для настаўніцкага подзвігу і наогул для любога подзвігу. Напярэдадні Дня настаўніка нам, грамадству, трэба лішні раз па­дзя­каваць педагогам за іх няпростую працу. За тое, што ў добры час яны разам з нашымі дзецьмі. І за тое, што ў цёмны і жудасны час яны не здраджваюць свайму сумленню і прызванню і застаюцца з дзецьмі.