Настаўніцтва ў спадчыну

- 13:11Людзі адукацыі

Як вядома, у выбары прафесіі немалую ролю адыгрываюць бацькі і сваякі. Але не ў тым сэнсе, што яны настойваюць на сваім, падбіраюць навучальную ўстанову, знаходзяць рэпетытараў і аплачваюць іх паслугі, хоць гэта таксама бывае. Куды больш уплывае асабісты прыклад дарослых, калі ты з дзяцінства становішся сведкам непадробленай, бескарыслівай асалоды бацькоў ад поспехаў і дасягненняў іх вучняў. Сям’я Алены Міхайлаўны Міхайлідзі стала цэлай педагагічнай дынастыяй, якая прысвяціла школе ажно 125 гадоў.

У бой — з марамі пра школу

Пачатак дынастыі паклала Альдона Людвігаўна Ісайчук, бабуля маёй гераіні. Яна старэйшая выпускніца сярэдняй школы № 37 Мінска, сёння ёй 96 гадоў. З прафесіяй Альдона Людвігаўна вызначылася яшчэ да вайны. Хоць праца ў яе была адразу пасля школы (яе ўзялі спецыялістам юрыдычнага аддзела Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР), яна марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і паралельна вучылася ў педагагічным інстытуце.
Мары магла б перарваць вайна — адразу пасля трывожнай радыёаб’явы Левітана дзяўчына адразу адправілася на прызыўны пункт дабравольцам. Яна прайшла шлях ад радавога да старшага лейтэнанта, узначальвала ўзвод агнямётчыкаў. За ваенныя подзвігі атрымала мноства ўзнагарод, але свае галоўныя поспехі, па яе меркаванні, яна ўсё ж зрабіла пасля вайны. Скончыла інстытут і пайшла працаваць з дзецьмі — пра гэта яна марыла нават ідучы ў бой. Дваццаць гадоў яна прысвяціла дзецям, працуючы ў школе для дзяцей з парушэннямі слыху ў Ашмянах Гродзенскай вобласці. Выхавала пяцярых сваіх дзяцей. На сямейныя святы да яе прыязджаюць яшчэ і 9 унукаў, 13 праўнукаў. Для кожнага з іх бабуля стала тым чалавекам, пра якога яны гавораць толькі з гонарам, расказваюць пра яе сваім сябрам, калегам.
“Калі я была школьніцай, часта на святы запрашалі ў школу маю бабулю — і як ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, і як выпускніцу школы, — гаворыць Алена Міхайлаўна. — Я ганарылася і бабуляй, і яе медалямі, і тым, як уражвалі яе аповеды маіх аднакласнікаў. І заўсёды хвалілася ўсім, што яна яшчэ і настаўніца”.
Дзве дачкі Альдоны Людвігаўны, Ядзвіга і Рэгіна, працягнулі дынастыю. Ядзвіга Станіславаўна паўстагоддзя працуе педагогам. Больш за 30 гадоў працавала настаўніцай англійскай мовы, намеснікам і дырэктарам гімназіі Мазыра Гомельскай вобласці. Апошнія 13 гадоў працуе ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў. На яе рахунку даволі значныя ўзнагароды, напрыклад, “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, ганаровы знак “За гуманістычную дзейнасць”. Але галоўным прызнаннем яе працы стала жаданне яе дачкі таксама стаць настаўніцай. Вось ужо 18 гадоў Наталля Вячаславаўна працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку Мазыра.
Рэгіна Станіславаўна, мама маёй гераіні, — па адукацыі настаўнік гісторыі, праўда, працавала з дзецьмі ўсяго толькі пяць гадоў. Яшчэ калі была старшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ды і як дачка ветэрана не магла заставацца ўбаку ад турбот удзельнікаў вайны. І амаль трыццаць гадоў працавала начальнікам упраўлення сацыяльнай абароны адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Апошнія гады стараецца быць карыснай у Беларускім грамадскім аб’яднанні ветэранаў.

Як нараджаецца дынастыя?

Чаму дзеці, унукі, праўнукі педагогаў з мноства прафесій выбіраюць менавіта прафесію сваіх продкаў? Гэта Алена Міхайлаўна Міхайлідзі тлумачыць генетыкай.
“Мая мама нядоўга была педагогам, і я ў адрозненне ад многіх сваіх калег не магу сказаць, што з маленства вучылася настаўніцтву ад яе, — успамінае Алена Міхайлаўна. Тым не менш у дзяцінстве я часта ўяўляла сябе чамусьці не толькі настаўніцай, але і намеснікам дырэктара. А яшчэ я дырыжыравала, планавала маштабныя мерапрыемствы для сваёй школы, у думках праводзіла дзіцячыя святы. Гэта пра сябе давала знаць мая школа з музычным ухілам, дзе я вучылася”.
Урэшце, гэтым дзіцячым марам было наканавана збыцца да дробязей.
Алена Міхайлаўна пасля БДПУ імя Максіма Танка працавала і настаўніцай пачатковых класаў, і музыкі, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Яе педагагічны шлях прывёў у Цэнтр дадатковай адукацыі “Маяк”, дзе Алена Міхайлаўна працавала педагогам-арганізатарам, кіраўніком гуртка, метадыстам, загадчыкам вучэбна-метадычнага аддзела, намеснікам дырэктара, а апошнія гады — і дырэктарам.
“Я люблю зносіны з людзьмі, і таму для мяне мая прафесія — самая лепшая, — гаворыць мая суразмоўніца. — Я ўяўляю, якая пакута працаваць, скажам, касірам у магазіне. Лічбы, лічбы, лічбы — нават словам з чалавекам перакінуцца няма калі. Мы ж пастаянна з дзецьмі, з іх бацькамі, з калегамі. Што ні дзень — новыя сустрэчы, знаёмствы на мерапрыемствах, курсах. Асабіста мне падабаецца яшчэ і адказнасць. Складана апісаць тыя пачуцці, калі ўпершыню ўваходзіш у клас. Гэта і гонар, і адказнасць адначасова, калі перад табой, учарашняй студэнткай, сядзіць цэлы клас. У многім менавіта ад цябе залежыць, якімі людзьмі вырастуць гэтыя дзеці. Яны ловяць кожнае тваё слова, іх бацькі слухаюць твае парады. Прыемна бачыць, як растуць дзеці: як яны з малышоў становяцца пяцікласнікамі, потым выпускнікамі. Чаго варты лютаўскія сустрэчы з імі. А як прыемна сустракаць іх на вуліцы, калі яны бягуць да цябе здалёк, калі ўзахлёб расказваюць пра свае поспехі. Хто яшчэ можа атрымліваць столькі ўражанняў?”

У педагагічную ўстанову трэба ісці па прафесію, а не па адукацыю

“Сёння часта можна чуць нараканні на педагагічную прафесію. Некага не задавальняе зарплата, некаму складана знаходзіць агульную мову з сучаснымі дзецьмі, нехта скардзіцца на нагрузку. А прычына гэтага, на мой погляд, у тым, што многія прыходзяць у педагагічную ўстанову па вышэйшую адукацыю, а не па прафесію. Галоўнае — рабіць свой выбар свядома. Тым больш што выпускнікі школ, якія толькі выйшлі з-за парты, сутнасць настаўніцтва ведаюць лепш за сутнасць любой іншай прафесіі”, — разважае Алена Міхайлаўна.
Яе вялікая сям’я час ад часу збіраецца разам. Здараецца, што сямейныя сустрэчы пераўтвараюцца ў педсавет, старэйшыя даюць парады маладзейшым. Як бы там ні было, дзеці мяняюцца, і трэба паспяваць падбіраць ключыкі да кожнага з іх.
“Мая бабуля яшчэ застала той час, калі настаўнікі і ўрачы былі самымі аўтарытэтнымі людзьмі, — гаворыць Алена Міхайлаўна. — Ды і мяне бацькі вучылі, што настаўнік заўсёды мае рацыю. Сучасныя бацькі дазваляюць сабе, прычым у прысутнасці дзяцей, абгаворваць школу, настаўнікаў, рабіць ім заўвагі, нават не ўнікаючы ў сітуацыю. Бацька пасля скаргі дзіцяці, прычым часта ва ўласнай інтэрпрэтацыі, хутчэй, патэлефануе настаўніку, каб абвінаваціць у тым, што той не знайшоў да яго дзіцяці падыход, няправільна выбудоўвае з імі адносіны. Ды і матывацыя для вучобы ў дзяцей зусім іншая. Калі раней кнігу трэба было здабыць, то сёння для іх мноства кніг — бяры не хачу. Прычым “не хачу” тут вызначальнае. Дзеці сталі інтэлектуальна лянівымі. Раней, каб напісаць сачыненне, трэба было перакапаць кіпу кніг, а цяпер дастаткова знайсці ў інтэрнэце і вывесці на паперу — сачыненне ці рэферат гатовы, можна нават і не чытаць. І самае складанае — пры ўсіх спакусах “вывучыць” урок некалькімі клікамі мышкі, усё ж прыкласці разумовыя намаганні”.
Ад бабулі Алена Міхайлаўна вучыцца арганізоўваць не толькі работу з дзецьмі, але і сваю ўласную. Бабулі, якой выпаў лёс ваеннага афіцэра, прыйшлося навучыцца жалезнай дысцыпліне. І гэтую яе якасць унучка таксама імкнецца пераняць. Так, Алена Міхайлаўна засвоіла, што элементарны парадак у папках, паперах, якіх у любога настаўніка кіпы, у камп’ютары (сама бабуля асвоіла яго ў 80 гадоў) дапамагае значна эканоміць час. А ўжо ўсё, чаму навучылася, Алена Міхайлідзі перадае сваёй дачцэ Ганне. Гэта якраз той выпадак, калі яна, яшчэ не ўмеючы чытаць, абрала для сябе прафесію падчас сваіх першых урокаў — з вучнямі-лялькамі і сшыткам, які горда называла школьным журналам. Яна да дробязей пераймала педагагічны стыль сваёй мамы і марыла некалі ўвайсці на ўрок не ў свой пакой, а ў сапраўдны клас сапраўднай школы. І зусім хутка яна, студэнтка БДУ, таксама правядзе свой першы ўрок.
Трэба сказаць, што муж Алены Міхайлаўны Даніла Юр’евіч Міхайлідзі — таксама педагог і прадаўжальнік дынастыі педагогаў-харэографаў. І ў яго сям’і таксама бабуля была пачынальніцай — Марына Мікалаеўна Бяльзацкая. Яна была народнай артысткай БССР, заснавальніцай і доўгі час — кіраўніком легендарнага ўзорнага дзіцячага танцавальнага ансамбля “Равеснік”. Шмат гадоў навучанню танцам, у тым ліку і ў цэнтры “Маяк”, аддала і яго мама Лёда Адамаўна, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь. Сам жа Даніла Юр’евіч працаваў у школе настаўнікам рытмікі, быў і педагогам-рэпетытарам у ансамблі “Равеснік”, а апошнія 15 гадоў працуе ў “Маяку”.
“Нехта сказаў: “Адукацыі розуму павінна папярэднічаць выхаванне сэрца”. Гэтая фраза — аснова настаўніцтва, — гаворыць Алена Міхайлаўна. — І я хачу, каб усе педагогі за імкненнем даць сваім вучням веды, арфаграфічныя правілы ці матэматычныя формулы клапаціліся і пра іх выхаванне”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва сям’і Міхайлідзі.