Настаўніцтва з задавальненнем

Быць патрабавальнай да сябе, не спыняцца на дасягнутым і пастаянна ісці наперад — жыццёвы дэвіз настаўніцы англійскай мовы Кацярыны ДРАЗДОВАЙ. Пра прафесію педагога яна марыла з дзяцінства, лічыла яе вельмі ганаровай і паважанай. Ды і з настаўнікамі пашчасціла: яна іх любіла і хацела быць падобнай да кожнага. Гульня ў школу была для маленькай Каці самай цікавай, а потым школа стала яе лёсам. У 2007 годзе Кацярына Леанідаўна паспяхова скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова і ўжо амаль 13 гадоў займаецца педагагічнай дзейнасцю.

Вучыць дзяцей — самы складаны від творчасці. І К.Л.Драздова творыць: не проста распрацоўвае і праводзіць урокі. Кожны з іх настаўніца робіць незвычайным, дзе ўсе 45 хвілін пануе творчая атмасфера, дух су­працоўніцтва і дэмакратыі, лёгкі гумар і навізна. Гэта дае магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам з лёгкасцю засвой­ваць самы складаны матэрыял. Педагог любіць паўтараць словы К.Д.Ушынскага: “Вучні на ўроку стамляюцца не ад дзейнасці, а ад яе аднастайнасці”. А дзеці кажуць: “Яна вучыць не толькі перакладаць і гаварыць, яна вучыць думаць па-англійску”. А яшчэ Кацярына Леанідаўна ўпэўнена: развіццё інтэлекту школьніка павінна спалучацца з фарміраваннем высокіх маральных якасцей.

К.Л.Драздова валодае ўменнем выхоўваць таленты. З’яўляючыся кіраўніком школьнага навуковага таварыства “Даследчык”, натхняе дзяцей на творчую дзейнасць, дасягненне новых вяршынь. У выніку яе выхаванцы атрымліваюць дыпломы і становяцца пераможцамі раённых, гарадскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. Асабліва адметным стаў сумесны майстар-клас настаўніцы з адзінаццацікласнікам Мікітам Тарасавым на гарадскім метадычным нэтворкінгу па тэме “Сэрвісы Web 2.0 у арганізацыі пошукавай дзейнасці вучняў”. Толькі ў 2019 годзе К.Л.Драздова правяла шэсць майстар-класаў па стымуляванні даследчыцкіх інтарэсаў навучэнцаў.

Настаўніца распрацавала і выкарыстоўвае ў сваёй практыцы інтэрнэт-блог “Англійская з задавальненнем”, які выклікаў вялікую зацікаўленасць удзельнікаў навукова-практычнай канферэнцыі “Адукацыя — крэатыў — інавацыі”. Натхненне ў сваёй дзейнасці Кацярына Леанідаўна чэрпае з розных крыніц: яна актыўны ўдзельнік 11 міжнародных, рэспубліканскіх і абласных педагагічных і метадычных форумаў, канферэнцый, анлайн-вэбінараў, неаднаразовая пераможца гарадскіх і абласных конкурсаў прафесійнага майстэр­ства, член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежнай мовы.

З’яўляючыся кампетэнтным спецыялістам, К.Л.Драздова ахвотна супрацоўнічае і дзеліцца вопытам з калегамі не толькі на школьным, але і на гарадскім і рэспубліканскім узроўні. Нядаўна ва ўстанове адукацыі прайшоў цікавы QR-квест, арганізаваны аб’яднаннем настаўнікаў англійскай мовы з калегамі, якія выкладаюць беларускую мову і літаратуру. Віктарына была прысвечана Году малой радзімы, і яе лейтматывам быў запавет продкаў: кожны народ павінен берагчы сваю мову, паколькі выключна мова, беларуская ці англійская, — надзейная абарона чалавека.

Факультэт замежных моў МДУ імя А.А.Куляшова вельмі ўдзячны Кацярыне Леанідаўне за правядзенне метадычных семінараў для студэнтаў. Яе выступленні на розных настаўніцкіх сустрэчах адрозніваюцца глыбінёй, цікавымі прыкладамі, асабістым поглядам на праблему, валоданнем перадавымі ідэямі. Ды і іх назвы гавораць самі за сябе: “Як навучыць пасіўнага вучня англійскай мове?”, “Алімпіядны рух — шлях да поспеху”, “Ад прастораў даследавання да паспяховага выніку”, “Псіхалагічны аспект пры вывучэнні замежнай мовы”.

Вопыт Кацярыны Драздовай быў прадстаўлены ў рэспубліканскіх СМІ, яна з’яўляецца аўтарам многіх публікацый у “Настаўніцкай газеце” і метадычных выданнях і зборніках, мае шэсць прафесійных сертыфікатаў. Гэта відавочны доказ таго, што педагог — творчы чалавек, які тонка адчувае патрэбы часу. Заўсёды і ўсё неабходна рабіць на выдатна — такі прынцып выбрала для сябе Кацярына Драздова. За добрасумленную плённую працу на педагагічнай ніве яна ўзнагароджана граматамі раённага і абласнога выканаўчага камітэтаў. У 2019 годзе стала пераможцай прафесійнага конкурсу “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на Дошку гонару адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва.

Кацярына Леанідаўна — прыклад сучаснага настаўніка, які крочыць у хуткім рытме развіцця навукі і грамадства. Яна аптыміст, пазітыўна ўспрымае жыццё і робіць яго такім. Гэта дазваляе педагогу з лёгкасцю наладжваць зносіны і знахо­дзіць узаемаразуменне з бацькамі і вучнямі, быць іх памочнікам і старэйшым сябрам. Калегі здзіўляюцца яе невычэрпнай энергіі і незвычайнай працаздольнасці. Да таго ж настаўніца — добры і спагадлівы чалавек.

Святлана ГРЫНЁВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 28 Магілёва.