Настрой на творчасць 

- 10:13Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Як праходзяць у Быхаўскім раённым ЦКРНіР урокі з вучнямі, якія маюць цяжкія множныя парушэнні развіцця, праблемы з дробнай і буйной маторыкай. 

Як правіла, гэтыя дзеці зусім не гавораць. Яны хутка стамляюцца, часта не могуць завяршыць пачатую справу, не ўмеюць слухаць педагога і не праяўляюць цікавасці да якой-небудзь дзейнасці. Такім выхаванцам важна прывіць навыкі самаабслугоўвання. З гэтай мэтай Алена Яраслаўская стварае дапаможнікі, якія садзейнічаюць развіццю маторыкі, вучыць дзяцей зашпільваць гузікі, шнураваць абутак, самастойна есці і г.д. Не менш важныя для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак эмоцыі, якія лепш за ўсё развіваць праз твор­часць. Яшчэ з часоў Э.Сегена і М.Мантэсоры ў навучанні дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю шырока выкарыстоўвалася выяўленчая дзейнасць. Навучэнцы карэкцыйных цэнтраў цудоўна працуюць па пэўным алгарытме. 

— А ў дапамогу мне зноў шаблоны і трафарэты, — гаворыць Алена Яраслаўская. — Асновы работы з гэтымі інструментамі мае вучні спасціга­юць на ўроках па сенсаматорным навучанні. Спачатку знаёмімся з самымі простымі шаблонамі і трафарэтамі, якія адлюстроўваюць разнастайныя лініі: прамыя, звілістыя, перарывістыя. Вучні іх тактыльна вывучаюць, спрабуюць утрымліваць на плоскасці парты адной рукой і абводзіць указальным пальцам другой рукі. Далей пераходзім да работы на паперы з дапамогай простага алоўка.   

Наступны этап — трафарэты і шаблоны з геаметрычнымі фігурамі, якія дзеці абводзяць і размалёўваюць спачатку простым алоўкам, а пасля каляровымі. Далей з дапамогай трафарэтаў і шаблонаў вучу складаць просты ўзор, маляваць, напрыклад, снегавіка і каралі для навагодняй ёлкі, першыя вясновыя кветкі і ўзор для дывана акварэльнымі фарбамі. 

З 5 класа вучні асвойваюць навыкі складання простай кампазіцыі. Напрыклад, фарбуюць альбомны ліст у зялёны колер. Гэта трава. З дапамогай шаблону робяць божых каровак і размалёўваюць акварэллю. Дамалёўваюць ім чорныя вусікі, і малюнак па тэме “Жукі на траве” гатовы. Работы дзяцей аб’ядноўваюцца, і атрымліваецца вялікі летні луг. 

Работы над тэмай “Восень” выхаванцы пачынаюць з таніравання альбомнага ліста акварэллю ў два колеры — блакітны (неба) і жоўты (восеньская трава). Лішняя вільгаць прыбіраецца з дапамогай папяровых сурвэтак. На стыку колераў кладзецца шаблон елкі, які абводзіцца простым алоўкам, і г.д. У выніку атрымліваецца лес. Далей на пярэднім плане з дапамогай шаблону дзеці малююць дрэва і фарбу­юць крону ў аранжавы колер, а ствол у карычневы. Выкарыстоўваючы прыём “Прымокванне”, дзеці дамалёўваюць жоўтым колерам лісце на дрэве і апалае на зямлі, карычневым колерам — жухлую траву. Працуючы над тэмай “Дождж”, вучні паўтараюць тыя ж дзеянні, уносячы нязначныя змяненні: на небе з дапамогай шаблону размяшчаюць хмары, а па нагляднай інструкцыі малююць дожджык. У выніку ладзіцца вялікая выстава дзіцячых работ.

Яшчэ з часоў Э.Сегена і М.Мантэсоры ў навучанні дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю шырока выкарыстоўвалася выяўленчая дзейнасць.

Калі дзіця бачыць прадукт сваёй творчай працы, у яго паляпшаецца настрой, яно з радасцю дэманструе свае поспехі педагогу і бацькам. У некаторых выхаванцаў цэнтра, дзякуючы выяўленчай дзейнасці, фарміруюцца сенсорныя эталоны колеру, формы, велічыні. 

Надзея ЦЕРАХАВА.