Насця — наш лідар!

- 15:28Нам пішуць

У Воранаўскім раёне адбыўся конкурс “Лідар года-2018”, у якім удзельнічалі старшакласнікі з усіх школ раёна. Гонар Доцішскай сярэдняй школы абараняла навучэнка 11 класа Настасся Бобніс.

Вучні прадстаўлялі не толькі сябе, але і свае сацыяльныя праекты: экалагічныя, краязнаўчыя, якія накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця, арганізацыю вольнага школьнага часу.

Насця для мяне як для педагога-арганізатара — першы памочнік, правая рука. Яна ніколі не скажа “Не хачу” або “Не магу”. Іншым разам здзіўляюся, адкуль у яе на ўсё хапае часу? Гэта чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, патрыёт сваёй краіны, актыўны арганізатар і надзейны сябар.

Лідар — той, хто вядзе за сабой. І Насця выдатна спраўляецца з гэтай задачай. Яна адкрытая і шчырая, заўсёды прыйдзе на дапамогу. А яшчэ — выдатніца. Ёй заўжды было вельмі цікава вучыцца. Стараннасць, цярпенне, пошук, адказнасць, памяркоўнасць — якасці, якія вялі да поспеху. Пяць гадоў запар яна з’яўляецца пераможцай раённага этапу алімпіяды па беларускай мове. Настаўнік, кожны раз ідучы на ўрок, упэўнены, што ў класе ёсць сябар, адказны чалавек, які дапаможа.

У раённым этапе конкурсу Насця сярод дзевяці ўдзельнікаў замкнула пераможную тройку лідараў.

Віншуем яе з трэцім месцам і жадаем далейшых поспехаў і перамог!

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.