НАСЦЯ рыфмуецца са шчасцем

- 11:17Людзі адукацыі

У нумары за мінулую суботу мы расказвалі пра прэс-тур у вёску Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, дакладней, у Лужкоўскую сярэднюю школу, дзе, дзякуючы фінансавай падтрымцы фірмы “Хайнц”, была адкрыта мастацкая галерэя твораў дзяцей — навучэнцаў гэтай установы і Лужкоўскай дзіцячай школы мастацтваў. (Мастацкае аддзяленне Лужкоўскай ДШМ працуе на базе сярэдняй школы.) Уласна кажучы, гэтая ініцыятыва ніколі не ажыццявілася б, калі б у Лужкоўскай ДШМ не працавала маладая энергічная настаўніца выяўленчага мастацтва Настасся Забалатнюк, якая ў свой час, яшчэ вучачыся на 5 курсе мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, свядома вырашыла паехаць працаваць пасля вучобы ў вёску. І гэта пры тым, што яна нарадзілася і вырасла ў маладым горадзе Наваполацку з яго выключна ўрбаністычнымі ладам жыцця, асяроддзем, культурай. Сёння працягваем аповед пра нашу гераіню.

Было цікава ўжо з самага пачатку сачыць за Настассяй Аляксандраўнай, калі яна ў прысутнасці журналістаў праводзіла адкрыты ўрок па выяўленчым мастацтве, расказвала дзецям пра нюансы стварэння партрэта і пейзажа, тлумачыла асновы паперапластыкі, раз-пораз падыходзіла да сваіх выхаванцаў, ненавязліва паказвала на ўдачы і хібы, але адкрыта не ўмешвалася ў сам мастацкі працэс. Па шчырасці, было цікава сачыць нават за мімікай настаўніцы, яе вялікія блакітныя вочы свяціліся дабрынёй і спагадай, шчырым жаданнем адкрыць вясковым дзеткам пэўныя сакрэты невядомага для іх вялікага свету мастацтва. І дзеці адказвалі ёй шчырасцю на шчырасць. Быў адмысловы момант, калі ўжо бліжэй да заканчэння ўрока Настасся Аляксандраўна прапанавала дзецям крыху парэфлексаваць і проста запыталася: “Дзеці, а дзеля чаго наогул вы вучыцеся маляваць? Навошта вам гэта?” Гучалі самыя розныя адказы: “А мне проста гэта падабаецца…”, “Мне тут весела…”, “Я люблю намаляваць нешта прыгожае і потым падарыць гэты малюнак маме”, “Я хачу стаць вялікім мастаком!”, “Мне асабліва падабаецца маляваць на пленэрах” і інш. Дзеці ёсць дзеці, і ніхто ад іх не патрабуе сур’ёзных, дарослых разваг аб тым, напрыклад, што заняткі любым відам мастацтва — ці гэта выяўленчае мастацтва, ці гэта музыка — усебакова развіваюць чалавека, даюць яму бясцэнную спажыву і для душы, і для розуму, а вельмі часта і наўпрост вызначаюць яго асобу. Але адказ аднаго хлопчыка літаральна забіў нас, журналістаў: “А я вось хачу навучыцца маляваць для таго, каб я мог зарабляць сабе на жыццё, калі стану беспрацоўным…” Ну, і скажы пасля гэтага, хто з нас тут дзіця?
Пасля ўрока я размаўляю з Настассяй Аляксандраўнай пра яе жыццё-быццё тут, у Лужках, і пра яе жыццёвы бэкграўнд. Якое б пытанне я ёй ні задаваў, у мяне з галавы ніяк не выходзіць факт, які я ўжо ведаю, а менавіта тое, што, закончыўшы віцебскі мастграф па спецыяльнасці “Педагог-мастак” з чырвоным дыпломам, яна атрымала магчымасць выбару пры размеркаванні і выбрала… вясковую школу.
А тым часам мая суразмоўніца з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваіх выкладчыкаў з дзіцячай мастацкай школы імя І.Хруцкага Таццяну Робертаўну і Віктара Міхайлавіча Букаціных. Прызнаецца, што менавіта з гадоў вучобы ў Наваполацкай ДМШ у яе душы пасялілася любоў не толькі да мастацтва, але і да школы як такой, а Таццяна Робертаўна стала для яе прыкладам адначасова жанчыны і настаўніцы.
З выбарам прафесіі настаўніка Настасся Аляксандраўна вызначылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, прычым прысутнічаў у тым усведамленні і пэўны момант здзіўлення: “На першых курсах выкладчыкі нас іншы раз палохалі, маўляў, вось пачнецца ў вас методыка, вось там вы яшчэ наплачацеся і ўсё ў такім духу. А я, калі ў нас пачалі выкладаць тую “страшную” методыку, была проста ў захапленні ад гэтага прадмета! Мне настолькі гэта ўсё падабалася, што я канчаткова зразумела: вось яно — тое, з чым я хачу звязаць усё мае далейшае жыццё… А ўсе наступныя мае практыкі ў летніках, кантакты з дзецьмі толькі яшчэ больш упэўнілі мяне ў зробленым выбары”.
“А чаму вырашыла паехаць у вёску? — заўважае мой запытальны позірк Настасся Аляксандраўна. — Нават не памятаю, калі дакладна з’явілася ў мяне такое жаданне… Галоўнае — гэта тое, чаго я насамрэч хацела. І пра свой выбар я ніколі яшчэ не пашкадавала. Я цалкам усім тут задаволена. Задаволена сабой, тым, што адважылася на такі своеасаблівы экстрым у рэалізацыі сваёй мары, задаволена дзецьмі… Я нават не ведаю, што можна было б зрабіць тут лепш!”
Настасся Аляксандраўна працуе ў Лужках ужо трэці год. Да яе выяўленчае мастацтва ў школе выкладаў мужчына, прыязджаў у Лужкі з Шаркаўшчыны. І ў сувязі з гэтым мая суразмоўніца з усмешкай прыгадвае, як першыя паўгода сваёй настаўніцкай працы ў Лужках дзеці, асабліва хлопцы, штораз заяўлялі ёй на занятках: “Настасся Аляксандраўна! А з дзядзькам было лепш!” “Я, безумоўна, разумела, што дзеці вельмі любяць настаўнікаў-мужчын, асабліва маладых хлопцаў, — усміхаецца Настасся Аляксандраўна. — Але ж усё роўна было вельмі крыўдна. І аднойчы на бацькоўскім сходзе я падышла да мам тых хлопчыкаў, якія мне казалі, што з дзядзькам было лепш, гавару ім, маўляў, можа, вы забярыце сваіх дзяцей, калі ім так ужо не падабаецца. Гэта ж школа мастацтваў, ніхто ж тут нікога не прымушае вучыцца. Гляджу, а ў іх вочы павялічыліся ад здзіўлення: “Вы што такое гаворыце? Ім не падабаецца? Яны кожны раз, як прыходзяць дадому пасля вашых заняткаў, толькі і гавораць з захапленнем пра вас ды пра маляванне!”
Далей у кантэксце з’яўлення ў Лужкоўскай сярэдняй школе мастацкай галерэі дзіцячых твораў Настасся Аляксандраўна разважае пра асяроддзе, у якім павінны знаходзіцца дзеці: “Для мяне асяроддзе — гэта вельмі прынцыповы момант. Само маляванне — гэта ўсё-такі найперш веды. А які сэнс ад ведаў, калі яны не ўплываюць на душу, на сэрца, на псіхіку? А мастацкая галерэя якраз і стварае для дзяцей своеасаблівае адчуванне ўласнай прысутнасці ў мастацтве. Вось вісяць іх творы, яны штодня ходзяць і бачаць іх, і яны разумеюць: значыць, я нешта магу, я на нешта здольны… Гэта вельмі важна”.
А ўвогуле, працягвае расказваць Настасся Аляксандраўна, у стасунках з дзецьмі ці не кожны дзень здараюцца нейкія пацешныя і мілыя моманты. Яна ўспамінае, напрыклад, пра тое, што быў час, калі яна з дзецьмі бясконца малявала посуд, кветкі, зайчыкаў, вавёрачак… І аднойчы адзін хлопчык не вытрымаў і выпаліў проста ёй у вочы: “Настасся Аляксандраўна! Я ўсё зразумеў! Вы ж дзяўчынка, і вам гэта падабаецца! А я хлопчык, і мне ніколі не будзе гэта падабацца!” Што было ёй рабіць пасля такіх слоў? “Я прыйшла дадому, адкрыла інтэрнэт і пачала вывучаць: чым адрозніваецца чопер ад круізера, якія бываюць віды спартыўных машын, што ўяўляе сабой “лэндровер” і ўсё такое… Ужо на наступным уроку я намалявала дзецям нейкі джып, а яны… мне з ходу назвалі яго марку! І гэта, сапраўды, быў нейкі такі пераломны момант у маіх узаемаадносінах з хлопчыкамі. З таго часу я канчаткова стала для іх сваёй”.
Безумоўна, малюе Настасся Аляксандраўна, што называецца, і для сябе, для душы ў вольны час. “Гэтым летам я адпачывала ў польскім Закапанэ. Прыгажосць там неверагодная — што і казаць. Фотаапарата ў мяне з сабой не было, затое было каля 100 аркушаў паперы, пэндзлі і фарба. Калі я вярнулася дадому ў Наваполацк, у мяне была ўжо гатовая выстава для бацькоў, каб яны маглі пабачыць, дзе я была…”
Напрыканцы нашай гутаркі я задаю сваёй суразмоўніцы маё ўлюбёнае пытанне, якое не раз у інтэрв’ю з мастакамі, выкладчыкамі выяўленчага мастацтва дапамагала мне адчуць, чым, так бы мовіць, дыхае той ці іншы чалавек: “Настасся Аляксандраўна, а “Чорны квадрат” Малевіча — гэта вялікі твор мастацтва?”
Крыху падумаўшы, яна адказвае: “Я скажу так. Любая творчасць, любое мастацтва павінны прыносіць нешта добрае. Проста павінна быць гэтае дабро… І калі камусьці “Чорны квадрат” дадае ў жыцці пазітыву — супер. Я ж знаходжу для сябе нешта добрае ў іншых творах… Адзін з самых маіх любімых мастакоў яшчэ з часоў вучобы ў Наваполацкай дзіцячай мастацкай школе — гэта Іван Хруцкі. І вось цікава, што нядаўна яна атрымала яго імя”.
“Настасся Аляксандраўна, літаральна праз два тыдні мы будзем святкаваць Дзень настаўніка. Я загадзя вас віншую. Але яшчэ мне хочацца запытацца: а што б вы самі хацелі пачуць ад дзяцей на свята?”
“Я крыху адыду ад прамога адказу і раскажу адну маленькую гісторыю. Сёлета на 1 верасня ніхто з дзяцей мне не падарыў кветак. Але ў якасці падарунка я атрымала нешта значна большае… 1 верасня дзеці запрасілі мяне на рыбалку! Я тады ім сказала, што не пайду, бо мне шкада забіваць рыб. А яны тады прапанавалі мне лавіць іх і выпускаць назад у рэчку…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

P.S. Каб не было недамоўленасцей. Гэты навучальны год будзе для Настассі Забалатнюк апошнім у Лужках. Першапачаткова яна меркавала тут папрацаваць толькі два гады, але засталася на трэці год, бо не змагла знайсці пераемніка. Калі б з’ехала сама, то мастацкае аддзяленне ў дзіцячай школе мастацтваў Лужкоў аўтаматычна закрылася б. Яна ўжо рэалізавала адну са сваіх мар — папрацаваць менавіта ў вёсцы. Выканала адзін з жыццёвых праектаў. Цяпер у яе новая мара, рэалізаваць якую ў Лужках будзе проста немагчыма (якая — яна не гаворыць). Але Настасся Аляксандраўна вельмі спадзяецца, што, дзякуючы стварэнню мастацкай галерэі ў школе, дзякуючы нядаўняму прэс-туру, усё-такі знойдзецца чалавек, малады спецыяліст, які прыйдзе ёй на змену. “Галоўнае — гаворыць яна, — каб гэта быў сапраўды нераўнадушны чалавек, бо калі некага сюды прымусіць прыехаць, то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Ужо лепш хай гэтае маляванне закрыюць і ў дзяцей застануцца добрыя ўспаміны, чым прыйдзе той чалавек, які не будзе хацець тут працаваць і толькі сапсуе ў дзяцей адносіны з творчасцю”.