Баранавічы маглі быць зусім і не Баранавічамі. Яшчэ ў 1902 годзе графіня Развадоўская напісала хадайніцтва аб перайменаванні чыгуначнай станцыі ў Развадова (ад назвы мястэчка, якім яна валодала і праз якое праходзіла чыгунка). Улады прапанову адхілілі… У адпаведнасці з савецкай традыцыяй надання населеным пунктам рабоча-пралетарскіх назваў цалкам верагодна, што горад мог стаць, напрыклад, Чыгуначнікам, бо менавіта з чыгункай звязана яго сацыяльна-эканамічнае развіццё. Але лёс быў літасцівы, і мілагучныя назвы станцый Баранавічы-Палескія і Баранавічы-Цэнтральныя вядомы мільёнам пасажыраў як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.
Буйны турыстычны вузел
Брэст, Магілёў, Гродна, Віцебск, Гомель, а можа, Нясвіж, Мір, Навагрудак? Ды не, самым папулярным сярод турыстаў беларускім горадам (пасля Мінска, канечне) з’яўляюцца Баранавічы. Усё проста: кожны дзень краявідамі гэтага буйнога чыгуначнага вузла любуюцца тысячы пасажыраў, якія накіроўваюцца з Берліна і Варшавы на Маскву і Санкт-Пецярбург, з Вільні на Львоў і Івана-Франкоўск, з Рыгі на Кіеў. Сотні замежных гасцей кожны дзень прагульваюцца па баранавіцкіх перонах, каштуюць беларускія нацыянальныя вакзальныя стравы (піражкі з мясам, капустай, бульбай, павідлам). Замкі, палацы, аграсядзібы, спартыўныя аб’екты? Ды не, знаёмства з адметнасцямі беларускай зямлі для многіх нашых гасцей пачынаецца з вакзалаў. І на гэтым трэба рабіць акцэнт, прыцягваючы турыстаў у краіну.
Амаль роднымі Баранавічы з’яўляюцца і для многіх пакаленняў студэнтаў, якія накіроўваліся, накіроўваюцца і будуць накіроўвацца з Лунінца, Століна, Пінска, Іванава, Ганцавіч, Ляхавіч, Бярозы, Івацэвіч, Гродна, Ліды, Ваўкавыска на вучобу ў сталічныя ўніверсітэты. Крыху арыфметыкі. Калі сярэднестатыстычны студэнт наведваецца ў бацькоўскі дом як мінімум два разы на месяц і падчас кожнай паездкі праводзіць на станцыі Баранавічы-Палескія ў чаканні электрычкі або дызель-цягніка як мінімум паўгадзіны, то атрымліваецца, што за год ён знаходзіцца на баранавіцкім вакзале цэлыя суткі.
У чаканні цягніка
Чакаць цягнік на самай шматлюднай баранавіцкай станцыі можна па-рознаму. Найбольш просты варыянт — пайсці ў залу чакання. Але калі на вуліцы добрае надвор’е, то лепш за ўсё пасядзець з піражком або беляшом на лавачцы ў невялікім скверы. Тут можна не толькі адпачыць на свежым паветры, але і паназіраць за прыбыццём цягнікоў, палюбавацца адмысловай архітэктурай велічнага будынка вакзала. Правесці час можна і пазнавальна. Для гэтага варта завітаць у аднапавярховы будынак музея гісторыі баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, што знаходзіцца на прывакзальнай плошчы. У музея, дарэчы, сёлета юбілей. Заўтра, 14 снежня, яму спаўняецца роўна 30 гадоў. І яшчэ наконт дат. У перадапошні навагодні дзень споўніцца 130 гадоў з таго часу, як вёска Баранавічы стала чыгуначным вузлом. Адбылося гэта пасля таго, як у 1884 годзе побач з Маскоўска-Брэсцкай чыгункай прайшла Вільна-Ровенская, або Палеская чыгунка. З гэтага часу Баранавічы імкліва развіваюцца. Сюды прыязджаюць сем’і чыгуначнікаў, рамеснікі, гандляры, вёска разрастаецца, становіцца мястэчкам, потым і горадам. Ды не проста горадам, а горадам чыгуначнікаў. Сёння ў Баранавічах складана знайсці сям’ю, у якой не было б чыгуначнікаў, як складана не знайсці і такую школу або гімназію, дзе б не было навучэнца, бацькі якога не працавалі ў баранавіцкім аддзяленні Беларускай чыгункі, дзе б выхаваўчая работа не вялася ў асаблівым, чыгуначным кірунку. Адной з такіх устаноў з’яўляецца гімназія № 4 Баранавіч, дзе да нядаўняга часу дзейнічаў унікальны транспартны клас.
— Гэты клас быў створаны па ініцыятыве былога дырэктара гімназіі Святланы Анатольеўны Сафроненка, якая цяпер працуе намеснікам начальніка баранавіцкага вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, і пры падтрымцы кіраўніцтва баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Займаўся клас у спецыяльна абсталяваным кабінеце. У рамках нашага супрацоўніцтва з чыгункай было заключана і пагадненне з Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту. Яго выкладчыкі нярэдка прыязджалі ў гімназію і вялі заняткі па некаторых вучэбных прадметах. Нашы вучні ўдзельнічалі ў прадметных алімпіядах ва ўніверсітэце, станавіліся там пераможцамі. Для навучэнцаў пашылі спецыяльную чыгуначную форму, яны карысталіся пэўнымі льготамі пры паступленні. Першы выпуск транспартнага класа адбыўся ў 2001 годзе. Яго скончылі 23 вучні, з якіх было 5 дзяўчат, 13 выпускнікоў паступілі ва ўніверсітэт транспарту і працуюць на чыгунцы. Нават цяпер, калі транспартны клас не функцыянуе, яго традыцыі захоўваюцца. Нашы выпускнікі па-ранейшаму звязваюць сваё жыццё з чыгункай. У нас што ні вучань, то абавязкова сын або дачка чыгуначніка, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аліна Браніславаўна Марчук (дарэчы, жонка машыніста цеплавоза).
Актыўны ўдзел калектыў гімназіі прымае ў святкаванні Дня чыгуначніка. І хоць урачыстасці праходзяць падчас летніх канікул у жніўні, педагогі і навучэнцы штогод віншуюць у гарадскім Доме культуры сваіх шэфаў і сяброў. Рэгулярна ў гімназіі праводзяцца і тэматычныя класныя гадзіны, на якіх бацькі вучняў расказваюць пра свае чыгуначныя прафесіі. Гімназія з’яўляецца базавай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці. 15 красавіка на базе ўстановы адукацыі праходзіў рэспубліканскі семінар, удзельнікам якога педагогі і навучэнцы расказвалі пра сваю малую радзіму, пра ўплыў чыгункі на развіццё горада. У рамках дзейнасці пляцоўкі ў мінулым навучальным годзе навучэнцамі 9 класа Арынай Барздой і Палінай Лісок была створана даследчая работа “Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Гісторыя і сучаснасць”. Хоць навуковым кансультантам была настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Таццяна Мікалаеўна Воўк, актыўную дапамогу ў зборы матэрыялу аказалі супрацоўнікі баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Па дапамогу юныя краязнаўцы звярталіся і ў музей гісторыі чыгункі.
Запіскі чыгуначніка
З установамі адукацыі ў музея (яго скарбніца налічвае больш за 7,5 тысячы экспанатаў) наладжана цеснае супрацоўніцтва. Экскурсіі ў асноўным праходзяць у канікулярны перыяд, аднак юным і дарослым гасцям тут рады кожны дзень. Падчас экскурсіі, якая можа доўжыцца як гадзіну, так і дзве-тры, вас пазнаёмяць з развіццём баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Адна з яркіх старонак гэтай гісторыі — дзейнасць чыгуначных школ. Пра асаблівасці іх функцыянавання расказваюць не толькі старыя фотаздымкі, архіўныя дакументы, пасведчанні аб заканчэнні гэтых навучальных устаноў. Сярод арыгінальных экспанатаў — макет семафора, створанага педагогам баранавіцкай дартэхшколы Пятром Кірэевічам Бойкам, а таксама падораныя лепшым навучэнцам кнігі. Так, надпіс на кнізе “Запіскі паляўнічага” сведчыць пра тое, што яна дадзена ў якасці ўзнагароды вучню 1 класа 3-га аддзялення Баранавіцкага двухкласнага сельскага чыгуначнага вучылішча Івану Кабяку за выдатныя паводзіны і добрыя поспехі на працягу 1897/1898 навучальнага года. Ёсць яшчэ “Вянок” Максіма Багдановіча, выдадзены ў Вільні ў 1927 годзе. Па кніжных пячатках і штампах можна прасачыць літаратурныя інтарэсы чыгуначнікаў, іх сацыяльную сферу.
— Заканчваць такія школы было выгадна, бо іх выпускнікі станавіліся слесарамі 4—5 разраду. Выгадна было і працаваць у такіх школах. Настаўнікам-чыгуначнікам бясплатна выдаваўся вугаль для ацяплення жылога дома. У 1960/1961 навучальны год чыгуначныя школы перасталі быць ведамаснымі і перайшлі пад Міністэрства адукацыі, — расказвае загадчыца музея Наталля Андрэеўна Антаневіч.
Гульня “ў паравозікі”
Фотаздымкі, архіўныя дакументы — гэтыя экспанаты найбольш цікавыя для дарослых, а вось дзяцей, нібыта магнітам, прыцягваюць унікальныя макеты паравозаў. Яшчэ б! Каму з хлопчыкаў у дзяцінстве не падабалася гуляць “у паравозікі”? Ды і ў каго з вучняў-падлеткаў і нават дарослых мужчын не прачынаецца час ад часу рэха даўняга дзіцячага “цю-цю-ю!”? Музейная гульня “ў паравозікі” не заканчваецца макетамі. Працяг — у аддзеле “Чыгуначная тэхніка”, экспанаты якога знаходзяцца пад адкрытым небам у невялікім сасновым бары. Паравозы і цеплавозы розных серый, пасажырскія і грузавыя вагоны, макет паста дзяжурнага па пераездзе, памяшканне дзяжурнага па станцыі, пуцерамонтная тэхніка, семафор, тэхніка чыгуначных войск, прычым на кожны з экспанатаў можна залезці, кожны можна памацаць, — у гэтым месцы далёкае дзіцячае “цю-цю-ю!” раптоўна прачынаецца і пачынае гучаць у тваім дарослым мужчынскім целе з новай сілай. Адным словам, экскурсія сярод сапраўдных паравозаў — нібыта гульня ў дзіцячую чыгунку, толькі ўжо для дарослых, ну і для вучняў, канечне.
Па словах экскурсавода Васіля Іванавіча Скамароха, аддзел “Чыгуначная тэхніка” быў адкрыты 30 ліпеня 1999 года, у ім налічваецца каля 500 экспанатаў. Створана незвычайная экспазіцыя па ініцыятыве былога начальніка баранавіцкага аддзялення, а потым і Беларускай чыгункі Віктара Рыгоравіча Рахманько. Актыўны ўдзел у стварэнні прыняў і першы навуковы супрацоўнік музея Ілья Ніканавіч Малюгін, які на той час узначальваў Савет ветэранаў баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Актыўную дапамогу аказвалі ўсе работнікі баранавіцкага аддзялення.
Экскурсія пабудавана такім чынам, каб кожны наведвальнік атрымаў адказы на “дзіцячыя” чыгуначныя пытанні кшталту блакітнага неба і зялёнай травы: чаму ў паравоза колы вялікія, чаму яны злучаны паміж сабой спецыяльнай металічнай рэйкай, чаму не слізгаюць, як працавалі рухавікі таго часу, якія раней былі прафесіі на чыгунцы, дзе фарміруюцца грузавыя саставы? На ўсе гэтыя “чаму?” Васіль Іванавіч дае дакладныя адказы. Вось некаторыя з іх: грузавыя саставы фарміруюцца на спецыяльнай сартавальнай горцы; усе калёсныя пары паравозаў злучаны паміж сабой для павелічэння счаплення колаў з рэйкамі; каб у вільготнае надвор’е колы не слізгалі па рэйках, памочнік машыніста засыпаў у спецыяльны бункер пясок, які па трубах падсыпаўся пад колы, такі прыём прымяняўся і для экстраннага тармажэння, прымяняецца і ў сучасных лакаматывах. Гульня ў дарослую чыгунку зацягвае. Таму, калі вырашыце азнаёміцца з экспазіцыяй музея гісторыі баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, будзьце ўважлівымі: для экскурсіі ў вас павінны быць вольнымі як мінімум гадзіны дзве.
Ад Баранавіч да Моўчадзі
Ёсць адзін арыгінальны і праўдзівы выраз: “Чыгунка злучае не толькі гарады, але і лёсы”. У адносі-
нах да Маскоўска-Брэсцкай і Палескай чыгункі, якая прайшла праз баранавіцкі край у канцы
ХІХ стагоддзя, можна сказаць так: “Чыгунка злучае не толькі гарады, лёсы, але і помнікі прыроды, гісторыі, архітэктуры”. Нехта любіць падарожнічаць на веласіпедах, нехта на аўтобусах, нехта на аўтамабілі, нехта на лыжах. Удзельнікі гуртка “Мой горад”, што дзейнічае на базе Цэнтра турызму і краязнаўства Баранавіч, любяць падарожнічаць… правільна, цягнікамі. Па-першае, гэта танна, па-другое, аператыўна.
З Баранавіч-Палескіх можна дабрацца практычна ва ўсе адметныя мясціны раёна. Сярод іх Крошын, дзе ў мясцовым касцёле знаходзіцца жырандоль, створаная Паўлюком Багрымам. Расце там і дуб, пасаджаны Элізай Ажэшка. Станцыя Лясная — радзіма заснавальніка беларускага тэатра Уладзіслава Галубка. Непадалёк ад Баранавіч каля чыгункі ва ўрочышчы Гай велічны мемарыял, цэнтральная скульптура якога, створаная ў выглядзе звона, сведчыць, што ў 1942 годзе на гэтым месцы былі расстраляны 3 тысячы чэхаславацкіх грамадзян. Непадалёк ад станцыі Русіно знаходзіцца цікавы этнаграфічны музей “Русіны”. Чыгунка звязала з Баранавічамі і старадаўнюю вёску Моўчадзь, краявід якой упрыгожвае даўняя Петрапаўлаўская царква. Дарэчы, у маляўнічыя ваколіцы гэтай вёскі, якія называюць баранавіцкай Швейцарыяй, гурткоўцы любяць наведвацца падчас зімовых канікул і катацца з горак на лыжах і санках.
Сярод іншых адметнасцей раёна — вёска Карчова з каменем філарэтаў, куды на тайныя сустрэчы прыязджаў Адам Міцкевіч. Дарэчы, радзіма паэта хутар Завоссе таксама на Баранавіцкай зямлі. У Ішкалдзі захаваўся старадаўні касцёл XV стагоддзя, а ў вёсцы Вялікая Сваротва ёсць унікальная трохвугольная царква. Як мяркуюць даследчыкі, у Гарадзішчы некалі стаяў адзін з замкаў Міндоўга. Падчас падарожжа па Баранавіцкім раёне варта наведаць і вёску Паланечка, дзе захаваліся рэшткі некалі шыкоўнага палаца Радзівілаў. Гавораць, ад палаца да Мірскага замка быў выкапаны падземны ход. Праўда тое ці не, дакладна невядома. Дакладна толькі тое, што гэтая легенда мае права на існаванне.
— Хоць гурток і называецца “Мой горад”, мы вывучаем не толькі Баранавічы, але і ўвесь раён, яго гістарычную, культурную, прыродную спадчыну. Адну з апошніх даследчых работ мы прысвяцілі 23 гарадам-пабрацімам Баранавіч. На рэспубліканскі конкурс юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма” работа была ўдасканалена, зняты відэафільм, напісана тэкставае суправаджэнне. Работа станавілася прызёрам гарадскога, абласнога этапу. Хутка мы будзем прадстаўляць яе на рэспубліканскім этапе ў “Зубраняці”, — паведамляе кіраўнік гуртка Алена Дзмітрыеўна Гімельштэйн.
Чыгуначная рака
Як і 10, 20 гадоў назад, як і ў пачатку мінулага стагоддзя, каля адной з самых буйных чыгуначных станцый нашай краіны Баранавічы-Палескія, вядомай мільёнам пасажыраў, гудзела, грукацела незвычайная чыгуначная рака. Магутныя электравозы, шматтонныя грузавыя і пасажырскія саставы накіроўваліся ўбок Лунінца, Мінска, Гродна, Ліды, Слуцка. Хацелася затрымацца і, нібыта браты Люм’ер, яшчэ колькі хвілін паназіраць за прыбыццём і адпраўленнем цягнікоў. Але звонкі голас сучаснай, як у нас кажуць, “швейцарскай” электрычкі запрасіў у вагон, у захапляльнае падарожжа на Мінск спачатку па Вільна-Ровенскай, а потым па Маскоўска-Брэсцкай, як сказалі б у канцы ХІХ стагоддзя, чыгунцы.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.