Наступствы снегападу ў цэлым пераадолены

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

Ачысціць дахі ад снегу неабходна ў максімальна кароткія тэрміны. Такое даручэнне даў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў.

“Неабходна сур’ёзна заняцца дахамі, паколькі цяпер снег зляжыцца, напоўніцца вільгаццю, могуць быць праблемы з пункту гледжання вытрымлівання напружання канструкцыямі. Мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць гэтыя канструкцыі ад снегу”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік беларускага ўрада ўказаў на тое, што да гэтага часу застаюцца населеныя пункты і сельскагаспадарчыя будынкі, якія не падключаны да пастаяннага энергазабеспячэння, і запатрабаваў выправіць сітуацыю як мага хутчэй.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка канстатаваў, што прынятыя ўрадам меры ў цэлым далі магчымасць забяспечыць устойлівае функцыянаванне аб’ектаў жыццезабеспячэння насельніцтва. “Наступствы снегападу штогадзінна зніжаюцца. Аднак работы па аднаўленні электразабеспячэння поўнасцю не завершаны”, — канстатаваў ён.
Паводле яго слоў, быў павялічаны тэмп прыбірання Мінска. “Сур’ёзных збояў, нараканняў з боку грамадзян не паступае”, — рэзюмаваў Уладзімір Вашчанка.
Напярэдадні Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў таксама заклікаў грамадзян актыўна падключыцца да прыбірання прысядзібных тэрыторый ад снегу.
“Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян, мінчан перш за ўсё, з просьбай узяць у рукі лапаты — калі няма сваіх, то неабходны інвентар можна ўзяць у ЖЭСах — выйсці і пачысціць вакол свайго транспартнага сродку, прысядзібную тэрыторыю. Па асабістым вопыце ведаю: вельмі добра вечарком для здароўя”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
“Асноўныя магістралі ўжо расчышчаны, яны функцыянуюць. Другарадныя дарогі таксама. Але прысядзібныя тэрыторыі, тратуары яшчэ патрабуюць адпаведнай работы”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
Ён заклікаў грамадзян, якія маюць асабісты аўтамабільны транспарт, строга выконваць патрабаванні дарожных знакаў наконт стаянкі і прыпынку.