Насуперак лёсу

- 11:08Людзі адукацыі

“Сэрца кожнага дзіцяці адкрыта для музыкі, трэба толькі верыць, што кожнае з іх таленавітае”, — гэта педагагічнае крэда педагога дадатковай адукацыі Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі кіраўніка ўзорнай вакальнай студыі “Дзіцячы час” Алены Харытонаўны Натт.

Усё жыццё Алены Харытонаўны звязана з музыкай. Яна аўтар асабістага музыкальнага зборніка “Насуперак лёсу”. Менавіта ў песні з такой назвай аўтар змагла расказаць пра свой жыццёвы шлях: ён у яе быў складаны, але творчы і цікавы. Нарадзілася А.Натт у пасёлку Верхнія Сяргі Свярдлоўскай вобласці. Яшчэ маленькай вельмі любіла спяваць і заўсёды выступала на школьных канцэртах. Яна марыла стаць спявачкай і вучыць музыцы дзяцей. Менавіта таму пайшла вучыцца ў музычна-педагагічнае вучылішча ў Каменску-Уральскім. Пасля вучобы працавала настаўніцай музыкі ў школе, а потым стала музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Пазней пераехала ў Рагачоў, дзе ўладкавалася ў Дом піянераў і з 1984 года працуе ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Алена Харытонаўна стварыла лепшы ў горадзе i раёне вакальны калектыў “Дзіцячы час”. У 2005 годзе калектыву было прысвоена званне ўзорнага, і яно было пацверджана тройчы. Гэты калектыў ведаюць не толькі ў вобласцi, але i ў краіне. Удзельнікі “Дзіцячага часу” адрознiваюцца добрай вакальнай падрыхтоўкай, мастацкiм густам. Доказам з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды на абласных, рэспублiканскiх і міжнародных фестывалях і конкурсах. У кастрычніку гэтага года салістка групы Дар’я Кірыленка была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на Міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без меж”, які праходзіў у Мінску.

У рэпертуары ўзорнай вакальнай студыі “Дзіцячы час”  ёсць песні ў стылі рок-н-рол, джаз, дыска, рэтра, рэгі, рок, а таксама беларускія народныя песні ў эстраднай апрацоўцы, рамансы, класічныя творы, песні на замежных мовах. Безумоўна, ёсць і аўтарскія песні, якія піша сама Алена Харытонаўна. Таксама навучэнцы студыі выконваюць кампазіцыі пра Беларусь, родны Рагачоў, сяброўства.

Педагогам распрацавана праграма з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйнага кірунку “Вакальна-харавая творчасць”. Да кожных заняткаў А.Натт старанна рыхтуецца. У працэсе заняткаў кiраўнiк студыi працуе над пастаноўкай голасу, дыханнем, гукаўтварэннем, дыкцыяй, шматгалоссем, сцэнiчным майстэрствам гурткоўцаў, над стварэннем творчай атмасферы ў рознаўзроставых калектывах.

Шмат увагi А.Натт удзяляе iндывiдуальнай рабоце з навучэнцамi, дапамагае ім у прафесійным самавызначэнні. Многія выпускнiкi студыi працягваюць навучанне ў Гомельскiм дзяржаўным педагагiчным каледжы iмя Л.С.Выгоцкага, Гомельскiм дзяржаўным каледжы мастацтваў iмя Н.Ф.Сакалоўскага, Магiлёўскiм дзяржаўным каледжы мастацтваў, Беларускiм дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Шматлікія выпускнiкi студыi сталi прафесiйнымi выканаўцамi i педагогамі-вакалiстамi. Асаблiва ганарыцца Алена Харытонаўна сваiмi зорачкамi: Наталляй Лук’янцавай, салiсткай папулярнай групы “Лас-Вегас”, салiсткай узорна-паказальнага аркестра Мiнiстэрства ўнутранных спраў Рэспублiкi Беларусь Радмiлай Сямёнавай.

Алена Харытонаўна — таленавiты чалавек: сама пiша музыку, вершы, стварае высокапрафесiйныя фанаграмы, аранжыруе песні. Трэба адзначыць, што педагог з’яўляецца аўтарам музыкі да песні “Рагачоўскі вальс” (словы В.Купрыянчука). Гэтая кампазіцыя ўжо даўно стала візітоўкай усіх гарадскіх мерапрыемстваў. Таксама Алена Харытонаўна з’яўляецца кіраўніком народнага вакальнага ансамбля “Экспромт”, у якім ужо больш за 17 гадоў спявае са сваімі калегамі, музычнымі кіраўнікамі дзіцячых садкоў.

Каб ствараліся музычныя творы, нараджаліся новыя творчыя ідэі, павінны спяваць душа і сэрца. У гэтым Алену Харытонаўну падтрымлівае муж, Джон Натт. Ён прыехаў за сваёй каханай з далёкай Англіі і застаўся тут жыць. Яго так уразіла справа, якой займаецца Алена, што ён таксама стаў спяваць. Сёння пара Алена і Джон — удзельнікі шматлікіх канцэртных і конкурсных праграм не толькі ў нашым горадзе, але і далёка за яго межамі. Яны заўсёды жаданыя ўдзельнікі рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Дапамагае Джон і дзіцячаму калектыву: аказвае спонсарскую дапамогу, разам з Аленай Харытонаўнай арганізуе для дзяцей паходы выхаднога дня, падарожжы па нашай краіне. Безумоўна, гэта спрыяе стварэнню ў калектыве добразычлівых адносін.

Сёння ўжо вопытны педагог-майстар Алена Харытонаўна мае вышэйшую квалiфiкацыйную катэгорыю, а ў верасні гэтага года атрымала нагрудны знак Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”. Алена Харытонаўна, разважаючы, кажа: “Маё жыццё напоўнена музыкай і любоўю да дзяцей. Я многа зрабіла, але кропку ў сваёй дзейнасці ставіць яшчэ рана. Зараз мы з калектывам “Дзіцячы час” рыхтуемся да рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет!” у намінацыі “Вакальная творчасць”. Гэта для нас чарговы экзамен, з якім мы з годнасцю справімся. Насуперак лёсу я жыву і ствараю!”

Анжаліка ДРАБКОВА,
дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Фота Васіля РАГОЖНІКАВА.