Насустрач адно аднаму

Педагогі нашага ЦКРНіР удзяляюць вялікую ўвагу выхаванню, навучанню і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, фарміраванню талерантных адносін да іх з боку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. З гэтай мэтай у навучальных установах Піншчыны праводзяцца розныя інклюзіўныя мерапрыемствы.

На зімовых канікулах праходзіць рэйд “Аднакласнік”, накіраваны на сацыялізацыю дзяцей, якія вучацца дома, пашырэнне іх сацыяльных сувязей. Добра за­рэкамендавала сябе практыка правядзення рэйдаў у форме калектыўных творчых спраў: дзеці разам вырабляюць навагоднія ўпрыгажэнні і сувеніры, дапамагаюць аднакласнікам упрыгожыць навагоднюю ёлку і пакой да свята, разыгрываюць сцэнкі на навагоднюю ці калядную тэматыку, ла­дзяць гульні, салодкія сталы, чаяванні… Усё гэта ўмацоўвае сяброўскія адносіны, садзейнічае нефармальным зносінам.

Раскрыць творчы патэн­цыял асаблівых дзяцей дапамагаюць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці (“Што мне сніцца”, “Мая маленькая радзіма”, “Падарожнічаем па краінах і кантынентах”, “У свеце казак”).

З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы талерантнасці праводзіцца конкурс сацыяльнай рэкламы “Свет ­адзін для ўсіх”, удзельнікі якога рыхтуюць плакаты, інфармацыйныя буклеты, календары і відэаролікі пра сумеснае навучанне, зносіны і дружбу асаблівых дзяцей і іх здаровых равеснікаў.

Ва ўстановах адукацыі сталі традыцыйнымі тыдні талерантнасці, у рамках якіх ла­дзяцца тэматычныя гульні, распаўсюджваюцца памяткі з правіламі этыкету пры зносінах з людзьмі з АПФР, рыхтуюцца насценгазеты і інш.

Праявіць таленты дазваляе раённы інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці “Крок насустрач”.

Цікавых форм работы шмат. Дзякуючы ім, адукацыйная прастора становіцца больш талерантнай, адкрытай і пазітыўнай у адносінах да асаб­лівых вучняў, якія адчува­юць сябе паўнацэннымі грамадзянамі.

Ірына КАТОК,
сацыяльны педагог Пінскага раённага ЦКРНіР.