Насустрач адно аднаму

Каля 140 асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак з 21 установы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Піншчыны прынялі ўдзел у раённым інклюзіўным фестывалі дзіцячай творчасці “Крок насустрач”.

Фестываль складаўся з некалькіх этапаў. Першы этап уяўляў сабой выставу творчых работ “Падарожнічаем па краінах і кантынентах”. У малюнках, аплікацыях і вырабах дзеці ўвасобілі ўражанні, мары і фантазіі пра блізкія і далёкія краіны, а таксама любоў да Радзімы.

Фінальнае мерапрыемства праходзіла на базе Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната ў форме канцэрта “Вакол свету за 80 мінут”. Яго ўдзельнікам прапанавалі пакатацца на паветраным шары, а падчас прыпынкаў азнаёміцца з традыцыямі розных народаў і краін. Усяго за 80 мінут дзеці і дарослыя пабывалі ў Польшчы, Украіне, Малдове, Англіі, Іспаніі, Пуэрта-Рыка, Бразіліі, Расіі…

Хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтавалі творчыя нумары, разыгрывалі сцэнкі, танцавалі, спявалі. Да дзяцей Піншчыны далучыліся равеснікі са Столінскага раённага ЦКРНіР.

Журы складана было выбраць пераможцаў. Лепшымі ў намінацыі “Тэатральная творчасць” прызнаны выхаванцы Калавуравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, якія зладзілі ўкраінскія вячоркі. У намінацыі “Харэаграфічная творчасць” перамаглі вучні Пінкавіцкай сярэдняй школы (танец “Рускія матрошкі”) і Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната (танец “Вышыты ручнік”). Асобна журы адзначыла выступленне Вадзіма Красько са Стытычаўскай сярэдняй школы, які сыграў на баяне.

Ірына КАТОК,
сацыяльны педагог Пінскага раённага ЦКРНіР.