“Насустрач будучыні, якую мы хочам”

- 10:04Вышэйшая школа

Менавіта такую назву атрымала маладзёжная кампанія, якая стартавала днямі ў Мінску. Стартавая сустрэча ўдзельнікаў і арганізатараў кампаніі “Насустрач будучыні, якую мы хочам” адбылася на базе БДПУ імя Максіма Танка. Удзел у ёй узялі рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыня Каардынацыйнага савета па адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця пры Міністэрстве адукацыі Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай. Паміж трыма бакамі, якія прадстаўлялі ўдзельнікі, быў падпісаны план далейшых сумесных мерапрыемстваў маладзёжнай кампаніі. Каардынатарам кампаніі выступае БДПУ.

У 2020 годзе ААН святкуе 75- годдзе свайго стварэння. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш ініцыіраваў прымеркаваную да гэтай даты найбуйнейшую ў гісторыі арганізацыі кампанію па глабальнай дыскусіі “75 гадоў ААН: 2020 год і далей — агульную будучыню агульнымі сіламі”. Чакаецца, што яна стане маштабнай па ліку ўдзель­нікаў, асабліва сярод моладзі.

Рэспубліка Беларусь далучылася да гэтай міжнароднай кампаніі, пацвердзіўшы на самым высокім узроўні прыхільнасць канцэпцыі ўстойлівага развіцця і гатоўнасць унесці свой уклад у святкаванне юбілею ў якасці краіны — заснавальніцы ААН. Каб скаардынаваць сумесныя намаганні па правядзенні Міжнароднай кампаніі, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь у лютым 2020 года быў падпісаны план сумесных мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя стварэння ААН. Кампанія “Насустрач будучыні, якую мы хочам” заклікана ўзгадніць і намеціць планы па рабоце з моладдзю.

Супрацоўніцтва паміж БДПУ і Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь, агенцтвамі ААН мае доўгую гісторыю. У 2015 годзе БДПУ далучыўся да ініцыятывы “Экспрэс ААН-70 у Беларусі для Мэт устойлівага развіцця”. У 2017 годзе на базе ўніверсітэта пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) адбылося адкрыццё Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі. У снежні 2018 года тут прайшоў II Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор” і ў кастрычніку 2019 года — дэкада “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх”. За сацыяльна значную дзейнасць універсітэта ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця і стварэнні інклюзіўнага грамадства ў Беларусі вядучая педагагічная УВА краіны атрымала сертыфікат удзячнасці ад Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь.

Ключавой падзеяй кампаніі стануць адкрытыя дыскусіі “Будучыня, якую мы хочам: нашы ідэі і дзеянні”. У іх прымуць удзел студэнты БДПУ, рэгіянальных універсітэтаў — суб’ектаў кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе функцыянуюць профільныя класы педагагічнай накіраванасці, прадстаўнікі рэсурсных цэнтраў Асацыяцыі “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця.

Падчас дыскусій моладзь прадставіць бачанне будучыні свету. Студэнты і школьнікі падзеляцца вопытам папулярызацыі каштоўнасцей і Мэт устойлівага развіцця і рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў у кантэксце акселератараў, названых у дарожнай карце па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь. Пазіцыя беларускай моладзі аб будучыні свету, выпрацаваная ў ходзе дыскусій, будзе прадстаўлена на 75-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у верасні 2020 года.

Акрамя таго, у межах кампаніі плануецца правесці маладзёжны медыяфестываль “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё” і серыі маладзёжных акцый і ініцыятыў “Нікога не пакінем у баку”, інтэрнэт-праекта “Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай”.

Падрыхтавала Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прэс-службы БДПУ імя Максіма Танка.