Насустрач чалавеку з белым кіем

- 16:09Сацыяльны ракурс

У Беларусі праходзіць месячнік “Чалавек з белым кіем”. Акцыя стартавала 15 кастрычніка, у Міжнародны дзень белага кія. А 13 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень сляпых. Гэтыя даты служаць напамінам пра тое, што побач з намі ёсць людзі з інваліднасцю па зроку, якія маюць свае праблемы, правы і магчымасці.

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.

У рамках месячніка ў розных рэгіёнах краіны праходзяць інфармацыйна-пазнавальныя гутаркі, лекцыі, гадзіны талерантнасці і міласэрнасці, семінары-трэнінгі, дэманструюцца тэматычныя ролікі. Спецыялісты тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вучаць правілам этыкі і ўзаемадзеяння з невідушчымі і слабавідушчымі лю­дзьмі работнікаў транспарту, гандлю, сферы абслугоўвання, сацработнікаў, педагогаў, школьнікаў і студэнтаў. Для людзей з інваліднасцю па зроку арганізуюцца прагляды мастацкіх фільмаў з аўдыядэскрыпцыяй, інтэлектуальныя конкурсы, семінары-трэнінгі.

Да сляпых адносяць людзей, вастрыня зроку якіх у акулярах не перавышае 0,04 (4%). Калі чалавек не адрознівае святло ад цемры, яго называюць татальна сляпым. Астатніх адносяць да сляпых з рэшткавым зрокам. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожную секунду ў свеце па розных прычынах слепне адно дзіця, а кожныя пяць секунд — дарослы.

На працягу многіх стагоддзяў невідушчыя карысталіся дапамогай павадыроў. Белы кій з’явіўся ў 1921 годзе. Ідэя яго стварэння належыць аслепламу ў выніку няшчаснага выпадку фатографу брытанцу Джэймсу Брыгсу. Са звычайным кіем для прагулак ён не адрозніваўся ад мінакоў, таму вырашыў пафарбаваць яго ў белы колер. Ён стаў сігналам для навакольных, асабліва вадзіцеляў. З часам белы кій ператварыўся ў эфектыўны сродак арыентавання для невідушчых. Гук ад удару кіем аб тратуар або маставую дазваляе ім пачуць навакольнае асяроддзе і адчуць “высокія” перашкоды. Слізгаценне кія па паверхні дарогі вызначае “нізкія” перашкоды, якасць пакрыцця.

Варта звяртаць увагу грамадскасці на праблемы невідушчых людзей, якія жывуць побач з намі і не бачаць фарбаў навакольнага свету, каб зразумець і прыняць адно аднаго такімі, якія мы ёсць.

У нашай краіне інвалідаў па зроку каля 50 тысяч. Для паляпшэння якасці іх жыцця створана ГА “БелТІЗ”, якое мае прадпрыемствы па выпуску шырокай наменклатуры спажывецкіх тавараў. Ствараецца безбар’ернае (даступнае) асяроддзе для людзей з абмежаваннямі. На многіх сайтах дзяржаўных і іншых арганізацый, у тым ліку банкаў, з’явілася опцыя “для слабавідушчых”. Існуюць мабільныя тэлефоны, планшэты, камп’ютары з галасавым кіраваннем. У Нацыянальнай бібліятэцы ёсць спецыяльнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне для невідушчых і слабавідушчых. Выпускаюцца кнігі шрыфтам Брайля. Дзеці з парушэннямі зроку сёння могуць наведваць агульнаадукацыйныя ўстановы. У Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі для першай у СНД групы навучэнцаў з парушэннямі зроку адкрыты камп’ютарны клас.

Надзея ЦЕРАХАВА.