Насустрач дзіцячым сэрцам

“Ура! Выхадныя!” — гучна крычаць дзеці, скончыўшы вучэбны тыдзень. Чым жа заняць сябе ў суботу? Як правільна, а галоўнае, карысна арганізаваць вольны час? На дапамогу прыходзіць шосты школьны дзень — неад’емная частка выхаваўчай работы нашай гімназіі. Галоўная мэта гэтага дня — арганізацыя разнастайных відаў дзейнасці, каб кожнае дзіця мела як мага больш магчымасцей для індывідуальнага развіцця, самасцвярджэння і самарэалізацыі, развіцця здольнасцяў.

Каб суботні дзень праходзіў весела, цікава і пазнавальна, арганізаваны кансультацыі па вучэбных прадметах, экскурсійная дзейнасць, работа БРСМ і БРПА, гімназічнай бібліятэкі, узаемадзеянне з установамі дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічнае суправаджэнне, работа з сям’ёй. Кожны навучэнец можа знайсці сабе заняткі па душы.

Дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця ў шосты школьны дзень працуюць спартыўныя секцыі, ладзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы, конкурсы і г.д. Пастаянна працуе клуб “Выдатна жыць!”, у якім ствараюцца для вучняў гімназіі і іх бацькоў памяткі, буклеты аб правільным харчаванні, актыўных відах адпачынку, аб небяспецы шкодных звычак і г. д. Члены клуба здымаюць і паказваюць відэаролікі пра здаровы лад жыцця, якія любы ахвотны можа паглядзець у фае гімназіі.

Адзін з важных кірункаў у выхаваўчай рабоце гімназіі — прывіццё вучням духоўна-маральных каштоўнасцей. Таму на базе 2 “Б” класа быў арганізаваны клуб “Насустрач дзіцячым сэрцам”, пасяджэнні якога праходзяць у шосты школьны дзень сумесна з Навагрудскім праваслаўным сястрынствам у гонар святога апостала Іаана Багаслова. Тэматыка гутарак, дыскусій, круглых сталоў з дзецьмі разнастайная: “Аб міласэрнасці”, “Аб паслушэнстве”, “Пра імя і святкаванні дня нараджэння” і г. д. Вучні з велізарным задавальненнем слухаюць павучальныя апавяданні, пазнаюць гісторыю з’яўлення праваслаўных святаў, вырабляюць сваімі рукамі сувеніры, наведваюць святыя месцы.

Шосты школьны дзень — дзень развіцця, які дазваляе раскрыць творчыя здольнасці навучэнцаў, сфарміраваць у іх устойлівую цікавасць да пазнавальнай дзейнасці, мэтанакіравана і сістэматычна ўмацоўваць фізічнае і псіхічнае здароўе дзяцей.

Наталля ЛАПАТА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Навагрудка.