Насустрач ветру

- 11:29Нам пішуць

У пачатку мая ўвагу жыхароў нашага горада прыцягнулі рознакаляровыя канструкцыі, якія луналі ў небе над набярэжнай Ваўкавыска. Ужо не першы год у горадзе праходзіць раённы конкурс паветраных змеяў “ТэхнаЭнергія”, што прысвячаецца Вялікай Перамозе.

Хлопцы і дзяўчынкі з гонарам прадстаўлялі свае лятальныя канструкцыі. Змеі былі рознай формы і яркіх колераў. Журы ацэньвала працягласць палёту, манеўранасць і крэатыўнасць.

У намінацыі “Крэатыў” самымі яркімі і цікавымі аказаліся змеі, зробленыя Аляксандрам Бубновым з Падароскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Міхаілам Доўкшам, навучэнцам Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, і навучэнцамі сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска Дзмітрыем Бабко і Артурам Пузікам.

У намінацыі “Гігантум” пераможцамі сталі навучэнцы гімназіі № 1 Ваўкавыска Максім Скіруха, Яўген Кузьміч і Аляксей Кынкурогаў, а таксама навучэнец сярэдняй школы г.п. Краснасельскі Арцём Альховік і навучэнец Вярэйкаўскай сярэдняй школы Максім Кавальчук.

У намінацыі “Вышэйшы пілатаж” лепшымі былі навучэнцы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Дзіяна Бублей і Дзіяна Карончык. Другое месца занялі навучэнцы сярэдняй школы № 1 г.п. Рось Андрэй Фанін, Аляксей Фанін і Мікіта Мітрошкін. Трэцяе месца дасталася навучэнцы Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Дар’і Залоска.

Усе ўдзельнікі прадэманстравалі творчую фантазію ў вырабе мадэляў і майстэрства кіравання паветранымі змеямі.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.