НАТА вымушае да адпаведнай рэакцыі

- 16:13Інфармацыйная гадзіна

Новы віток экспансіі НАТА закранае непасрэдна інтарэсы Расіі і вымушае яе да адпаведнай рэакцыі. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджаным каментарыі МЗС Расіі ў сувязі з запрашэннем Чарнагорыі пачаць перагаворы аб уступленні ў альянс, паведамляюць інфармагенцтвы.
“Разглядаем прынятае ў ходзе пасяджэння Савета НАТА на ўзроўні міністраў замежных спраў 1—2 снежня ў Бруселі рашэнне аб пачатку перагавораў з Чарнагорыяй аб яе ўступленні ў Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора як адкрыта канфрантацыйны крок, які можа прывесці да дадатковых дэстабілізуючых наступстваў для сістэмы еўраатлантычнай бяспекі”, — адзначылі ў дыпведамстве.
“Насуперак аб’ектыўнай неабходнасці спалучэння калектыўных намаганняў у процідзеянні ўзрастаючым пагрозам і выклікам сучаснасці ў пошуку сумесных рашэнняў па аздараўленні сітуацыі ў сферы еўрапейскай бяспекі альянс чарговы раз пацвердзіў нязменнасць узятага курсу на безагляднае пашырэнне сваёй геапалітычнай прасторы, штучны падзел дзяржаў на “сваіх” і “чужых”, пашырэнне ўяўленняў аб уласнай бяспецы ва ўрон бяспецы іншых”, — падкрэслілі ў МЗС Расіі.
Раней прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што запрашэнне ў НАТА Чарнагорыі прывядзе да дзеянняў у адказ з боку Расіі. “На самых розных узроўнях заўсёды Масквой адзначалася, што экспансія НАТА, ваеннай інфраструктуры НАТА на Усход, вядома, не можа не прыводзіць да дзеянняў у адказ з Усходу, інакш кажучы, расійскім бокам у плане забеспячэння інтарэсаў бяспекі і падтрымання парытэту інтарэсаў”, — канстатаваў ён. Аднак Дзмітрый Пяскоў назваў дачасным гаварыць аб канкрэтных мерах у адказ.