Наталля Голік: «Мы хочам, каб нашы дзеці раслі з пазітыўным светаадчуваннем і мелі навык крытычнага мыслення»

- 13:19Планерка

Пра шляхі развіцця інтарэсаў сучасных дзяцей і стварэнне ўмоў для іх творчай самарэалізацыі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з начальнікам аддзела па адукацыі Слаўгарадскага райвыканкама Магілёўскай вобласці Наталляй Голік.

— Наталля Міхайлаўна, чым жа вам удалося зацікавіць вашых школьнікаў у гэтым навучальным годзе?

— З кастрычніка мінулага года ў нашым раённым цэнтры дзіцячай творчасці пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах “PRо нас”. Кіраўніком медыяцэнтра з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Юлія Шышка. Стварэнне такога аб’яднання абумоўлена як пашырэннем прафарыентацыйнай дзейнасці, так і жаданнем далучыць нашых вучняў да сацыяльна значных актыўнасцей.

Мы хочам, каб нашы дзеці раслі з пазітыўным светаадчуваннем і мелі навык крытычнага мыслення.

У аб’яднанні па інтарэсах дзеці вывучаюць асновы гісторыі журналістыкі, знаёмяцца з сучаснымі сродкамі масавай інфармацыі, з нормамі гэтай прафесіі, з асноўнымі журналісцкімі жанрамі. За перыяд яго дзейнасці ўдзельнікі медыяцэнтра навучыліся выяўляць і асвятляць цікавыя падзеі і з’явы ў штодзённым школьным жыцці, а таксама жыцці раёна, збіраць інфармацыю з розных крыніц і працаваць з ёй, пісьменна выкладаць інфармацыю ў сацыяльных сетках.

Акрамя таго, юныя журналісты, вывучаючы гісторыю малой радзімы, захоўваючы памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, прынялі ўдзел у праекце “У подзвігу няма адраса”. Дзеці паглыбіліся ў вывучэнне ваеннай гісторыі Слаўгарада і Слаўгарадскага раёна, шукалі інфармацыю пра баявыя подзвігі на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятныя і знакавыя месцы, пашыраючы веды пра свой горад, яго гісторыю, славутасці. Дзейнасць вучняў у межах праекта ўключала збор і аналіз інфармацыі пра Герояў Савецкага Саюза Вячаслава Іванавіча Чамадурава, Пятра Ціханавіча Панамарова і нашага земляка Уладзіміра Васільевіча Шаблоўскага, у гонар якіх названы вуліцы Слаўгарада.

— А якім чынам вашы навучэнцы рэалізуюцца ў творчасці? 

— Нашы дзеці вельмі таленавітыя. І мы імкнёмся развіваць іх таленты. У пачатку года прахо­дзіў абласны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”. Па яго выніках прадстаўнікі Слаўгарадчыны заваявалі 14 дып­ломаў рознай вартасці ў розных намінацыях. Цэлы россып узнагарод атрымалі навучэнцы Цэнтра дзіцячай творчасці. У лютым юныя слаўгарадскія таленты ацэньвала рэспубліканскае журы ў абласным цэнтры творчасці. Магілёўшчыну годна прадставілі Іван Золатаў, Паліна Зыранава, вакальная студыя “Бім-Бом” і юныя майстры выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А нашы юныя журналісты, дарэчы, пільна сачылі за ўдзельнікамі і расказалі пра галоўныя падзеі, перамогі і дасягненні юных слаўгарадчан у конкурсе “Прывітанне, свет!”.

— Нядаўна пачалася апошняя чвэрць. Не сумняваюся, што дзеці на перапынках яшчэ абмяркоўваюць свае яркія канікулы. Што цікавага адбывалася ў вашых установах?

— Тут хочацца згадаць нашу Васьковіцкую сярэднюю школу, дзе існуе адладжаная, правераная вопытам і запатрабаваная ў навучэнцаў сістэма работы ў канікулярны перыяд. У скарбонцы школьных мерапрыемстваў у гэты час заўсёды спартыўныя і інтэлектуальныя гульні, творчыя майстэрні, музейныя заняткі, віктарыны. Канікулы павінны праходзіць не толькі цікава, але і з максімальнай карысцю, таму для старшакласнікаў былі арганізаваны заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ, ЦЭ. Астатнія маглі павысіць свой узровень ведаў на індывідуальных занятках па вучэбных прадметах.

Канікулы — выдатны час паказаць свае веды, уменні і навыкі. 12 навучэнцаў школы годна яе прадстаўлялі на раённым этапе алімпіяды па 9 вучэбных прадметах, школьная каманда “Пакаленне Z” заваявала дыплом ІІ ступені ў раённай інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Брэйн-рынг”.

У межах Года добраўпарадкавання і з нагоды 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Васьковіцкай школе пройдзе закладка алеі пераможцаў. Плануецца высадка некалькіх дзясяткаў туй у гонар педагогаў школы — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

— Сёлета сярэдняя школа № 1 Слаўгарада адзначыла юбілей — 160 гадоў. Чым адметна гэтая навучальная ўстанова?

 — Школа пастаянна знахо­дзіцца ў развіцці, невычэрпная на таленты, творчасць і навізну. Штогод навучэнцы школы становяцца прызёрамі творчых конкурсаў, прадметных алімпіяд, прымаюць актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці, тэматыка якой дзівіць сваёй неардынарнасцю і разнастайнасцю. У гэтым навучальным годзе тут адкрыты педагагічны клас.

Калектыў педагогаў заўсёды ідзе ў нагу з часам. Штогод удзельнічаюць у прафесійных конкурсах педагагічнага майстэрства, інавацыйных праектах, праводзяць майстар-класы, дзеляцца сваім вопытам не толькі на прасторах нашай краіны, але і за яе межамі. Імя настаўніка-метадыста Эдуарда Юр’евіча Гар­дзеева вядома не толькі ў Беларусі.

Ужо трэці год запар візітнай карткай установы з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб “Спадчыннікі”, які летам мінулага года прадстаўляў Магілёўскую воб­ласць на рэспубліканскім злёце пошукавых атрадаў (клубаў) “Мы — спадчыннікі Перамогі”, дзе стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені. Установе прысвоены статус “Школа міру”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА