Наталля Качанава: “Прыярытэт выбраны даўно”

- 13:13Адукацыйная прастора

Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава правяла сустрэчы з калектывамі ўстаноў вышэйшай адукацыі Віцебшчыны. Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт прымаў сваю знакамітую выпускніцу 26 верасня, а ў мінулы аўторак віцэ-прэм’ер наведала адразу дзве УВА абласнога цэнтра — Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава.

Галоўнай тэмай размовы Наталлі Качанавай са студэнтамі, выкладчыкамі і кіраўніцтвам УВА сталі перспектыўныя напрамкі і актуальныя пытанні развіцця нашай краіны. Віцэ-прэм’ер дэталёва прааналізавала цяперашнюю сітуацыю ў нашай рэспубліцы, пастаўленыя перад грамадствам і дзяржавай праблемы, комплекс мер, якія прымаюцца для іх паспяховага вырашэння, дасягненні суверэннай Беларусі, у тым ліку ў сацыяльнай сферы. — Прыярытэт у нас быў выбраны даўно: дзяржава для народа, — адзначыла Наталля Іванаўна. — Пераканаўчае пацвярджэнне таго, што наша палітыка і наша дзяржава сацыяльна арыентаваныя, прагучала ў выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на 70-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Разам з тым каб выконваць задачы, якія тычацца сацыяльнай сферы, несумненна важныя эканамічны фундамент і эканамічны складнік. Ад прыбытковай рэнтабельнай работы прадпрыемстваў залежыць фарміраванне ў цэлым бюджэту нашай краіны і мясцовых выканаўчых органаў улады, а ад гэтага, у сваю чаргу, залежаць сацыяльныя праграмы, рэалізацыя якіх для нас абавязковая. Зусім нядаўна я вярнулася з Еўразійскага жаночага форуму, які сабраў больш за 700 прадстаўнікоў з 80 краін свету. Калі я гаварыла ў сваім выступленні, а потым падчас асабістых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый пра тое, што робіцца для людзей у нашай краіне, многія былі здзіўлены і нават не маглі ў гэта паверыць. Магу з упэўненасцю сказаць, што ў нашай краіне сацыяльныя гарантыі сапраўды вельмі значныя і знакавыя.
Наталля Качанава падкрэсліла, што ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі, выкліканай найперш негатыўнымі знешнімі фактарамі, урад па даручэнні кіраўніка дзяржавы робіць усё магчымае, каб забяспечыць падтрымку перспектыўных галін і вытворчасцей, далейшую дыверсіфікацыю рынку, стабільную работу прадпрыемстваў і павышэнне іх рэнтабельнасці, захаваць працоўныя калектывы. Разам з тым усе сацыяльныя праграмы рэалізоўваюцца ў поўным аб’ёме — дзяржава выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы. Сёння толькі штомесячныя выплаты на пенсіі і сацыяльную дапамогу ў Беларусі складаюць больш за 7 трлн рублёў. Перад урадам пастаўлена задача развіваць і ўдасканальваць сацыяльную сферу, каб людзям у нашай краіне было камфортна жыць.
— Вы ведаеце, што сёлета завяршаецца рэалізацыя другой Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, — нагадала віцэ-прэм’ер. — Чаму нас так хвалюе дэмаграфічная сітуацыя? Прымаючы шэраг рашэнняў у галіне аховы здароўя, бачым: працягласць жыцця нашых грамадзян павялічваецца. Насельніцтва рэспублікі прырастае — у большай ступені за кошт міграцыйных працэсаў, але разам з тым у мінулым годзе ў нас нарадзілася самая вялікая колькасць беларусаў — 118,5 тысячы немаўлят. Гэта, несумненна, стала вынікам дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы інстытута сям’і. У Беларусі больш за мільён сем’яў, якія маюць непаўналетніх дзяцей, каля 77 тысяч шматдзетных сем’яў. Хацелася б, каб іх было больш. І трэба сказаць, што падпісаныя ў канцы мінулага года ўказы кіраўніка дзяржавы па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, не маю ць аналагаў у іншых краінах. Падчас сустрэчы ў ВДУ імя П.М.Машэрава, які рыхтуе кадры пераважна па педагагічных спецыяльнасцях, Наталля Іванаўна акцэнтавала ўвагу на бягучым стане і развіцці адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях. На думку віцэ-прэм’ера, адукацыя ў нашай краіне даволі паспяховая галіна, пабудавана і эфектыўна дзейнічае сістэма адукацыі. У пачатку размовы госця звярнулася да пытання аб павышэнні прэстыжу педагагічных прафесій і выказала меркаванне, што статус настаўніка ў рэспубліцы зараз даволі высокі, што пацвярджае статыстыка прыёмнай кампаніі ў педагагічныя УВА: быў конкурс і дастаткова сур’ёзны. Наталля Качанава лічыць, што калі педагогі самі да сваёй прафесіі будуць адносіцца з большай пашанай і павагай, то, несумненна, і людзі навокал будуць адносіцца да педагогаў менавіта так. Трэба ганарыцца сваёй прафесіяй.
Асобна віцэ-прэм’ер спынілася на перспектывах сістэмы дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, далучэнні Беларусі да Балонскага працэсу, падтрымцы таленавітай моладзі, пытаннях падрыхтоўкі навуковых кадраў, павышэння эфектыўнасці работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, барацьбы з наркаманіяй, курэннем і алкагалізмам у маладзёжным асяроддзі. Так, да 2020 года ўрад плануе адкрыць 80 новых дашкольных устаноў у новых мікрараёнах і раёнах кропкавай забудовы, дзе ёсць у гэтым патрэба; вядзецца і будзе працягвацца работа па камплектацыі ўстаноў кадрамі з вышэйшай дашкольнай адукацыяй, а таксама па развіцці альтэрнатыўных форм дашкольнай адукацыі, у тым ліку прыватных і на аснове дзяржаўнага і прыватнага партнёрства.
У дачыненні да ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі гаворка ішла аб пераходзе на профільнае навучанне, новых вучэбных праграмах і падручніках, змяненнях у форме экзаменаў за 9 клас — мяркуецца, што іх будзе прымаць незалежная камісія.
— Але гэта не тэсціраванне — экзамены. Навацыя заключаецца ў тым, каб у 10 клас ішлі тыя дзеці, якія жадаюць вучыцца, маюць да гэтага схільнасці і здольнасці, — патлумачыла Наталля Іванаўна. — Альтэрнатыўны варыянт прапаноўвае сістэма ПТА і ССА: калі ласка, можна ісці, атрымліваць запатрабаваную прафесію і пры жаданні вучыцца далей, па той спецыяльнасці, якую выбраў для сябе малады чалавек. Вельмі важна, каб ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі прыйшлі матываваныя і моцныя абітурыенты. Трэба выбіраць справу па душы, тую, якой табе падабаецца займацца, а не тую, якая сёння прэстыжная. Для паспяховага развіцця краіны трэба мець дакладнае ўяўленне аб тым, у якіх спецыялістах маюць патрэбу галіны нашай эканомікі не толькі на будучы год, але і на наступныя пяць, дзесяць гадоў. Зараз ідзе падрыхтоўка праграмных дакументаў, якія дазволяць выразна ўбачыць патрэбы галін беларускай эканомікі ў спецыялістах. Для школ вельмі важная прафарыентацыйная работа. Але гэта нават у меншай ступені адносіцца да педагогаў, а ў большай — да тых міністэрстваў і ведамстваў, якія будуць і павінны быць зацікаўлены ў падрыхтоўцы спецыялістаў па іх профілі.
У завяршэнне размовы Наталля Качанава нагадала аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія маюць неўзабаве адбыцца, і заклікала студэнтаў і выкладчыкаў абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі і выказаць сваё меркаванне.
— Несумненны здабытак любой дзяржавы — стабільнае развіццё, мір і спакой, калі ты ўпэўнены ў будучыні сваіх дзяцей і ўнукаў, — з гэтымі словамі Наталлі Качанавай былі салідарныя ўсе прасутныя.

Таццяна БОНДАРАВА.