У Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці дзейнічае эфектыўная сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі. Як яна выбудавана ва ўстановах адукацыі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кіраўнік педкалектыву рэгіёна Наталля Сушко.
— Педагагічная грамадскасць Гарадоччыны мае шмат адметных напрацовак і добрых традыцый, у тым ліку ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Што надало імпульс іх прымнажэнню на новым этапе развіцця?
— Выхаванне грамадзяніна і патрыёта мы бачым адной з галоўных задач. Як падкрэсліў на жнівеньскім Рэспубліканскім педагагічным савеце наш Прэзідэнт, патрыятызм — падмурак адукацыі. Калі гаварыць пра фактары, якія паўплывалі на фарміраванне сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі раёна, то зыходным пунктам вылучу 21 верасня 2018 года. У гэты дзень мы адкрылі першую на Віцебшчыне Школу міру: ганаровы статус атрымала сярэдняя школа № 1 Гарадка, якая зараз носіць імя І.Х.Баграмяна. Урачыстай падзеі папярэднічала маштабная даследчая, пошукавая, праектная, творчая дзейнасць педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Прычым яшчэ на арганізацыйным этапе да работы падключыўся шэраг іншых нашых устаноў. У 2018 годзе загарадны аздараўленчы лагер “Арыён” упершыню стаў інтэрнацыянальнай пляцоўкай супрацоўніцтва ў міратворчасці. Злёт юных пасланцоў міру з’яднаў тут педагогаў і старшакласнікаў Гарадоцкага, Шумілінскага раёнаў і гарадскога пасёлка Дзядзенева Маскоўскай вобласці. Праз год далучыліся Віцебск, Наваполацк, Дуброўна, горад Бабаева Валагодскай вобласці, потым усе Школы міру Віцебшчыны. Гэтае сяброўскае і партнёрскае кола пастаянна пашыралася. Зразумела, каб паказаць нешта вартае ўвагі, падзяліцца новым эфектыўным вопытам, працавалі ўсе.
Сёлета ў чэрвені Гарадоччына прымала Рэспубліканскі злёт юных міратворцаў, на які разам са сваімі педагогамі з’ехаліся звыш 100 пераможцаў абласнога і мінскага гарадскога этапаў конкурсу на лепшы міратворчы праект. Для нас пастаянная работа ў гэтым напрамку ператварылася ў неад’емны складнік грамадзянска-патрыятычнага выхавання, натхніла на новыя справы фактычна ўсе нашы школы, цэнтры, дзіцячыя сады. Установы адукацыі ініцыіравалі і пачалі рэалізоўваць іншыя цікавыя праекты, у школьных музеях з’явіліся свае ідэі для развіцця, сур’ёзна пашырылася сацыяльнае партнёрства, міжрэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва.
— Якія школы раёна могуць з’явіцца на новых старонках нашага праекта “Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны”?
— Усе без выключэння. Традыцыі прысваення ўстановам адукацыі імён славутых выпускнікоў і землякоў, абаронцаў Айчыны не адно стагоддзе. На беларускай зямлі яна вельмі яскрава праявілася ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, калі краіна жыла на патрыятычным уздыме, і, наадварот, практычна перапынілася ў смутныя 1990-я гады мінулага стагоддзя. Прыкра, што многія школы не збераглі тады свае імёны — увасабленне гордасці за выдатных людзей, іх працоўны і ратны подзвіг. Прывяду прыклад. Са снежня 2021 года наша Бычыхінская школа носіць імя воіна-вызваліцеля Героя Савецкага Саюза І.М.Антонава. Аднак у савецкі час установа насіла імя Героя Савецкага Саюза М.М.Рудыка, які таксама аддаў жыццё за вызваленне гэтай мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку мы хацелі вярнуць школе яе гістарычнае імя, пачалася падрыхтоўка. Педагогі, навучэнцы, краязнаўцы — многа неабыякавых людзей аб’ядналіся і разам заняліся даследаваннямі. Сабралі шмат матэрыялаў. Заставалася атрымаць згоду родных Мікалая Мартынавіча. Мы іх знайшлі ва Украіне, і нам катэгарычна адмовілі. Канечне, усе мы былі шакіраваны. Затое атрымалі важны ўрок. Наяве ўбачылі, што можа быць, калі не захоўваць гістарычную памяць.
Калі гаварыць у цэлым, то работу па ўшанаванні памяці герояў у імёнах школ мы пачалі значна раней. Першай імя двойчы Героя Савецкага Саюза І.Х.Баграмяна атрымала сярэдняя школа № 1 Гарадка. У назвах нашых устаноў адукацыі — гордасць, пашана і ўдзячнасць нашчадкаў І.П.Сабалеўскаму, М.І.Аверчанку, П.Э.Анціпаву, М.І.Гапяёнку, А.Я.Казлову. Большасць з іх — ураджэнцы той мясцовасці, дзе размешчаны школы. Насамрэч, гэтая традыцыя мае магутны патэнцыял. Ганаровае імя не даецца школе спантанна — трэба заслужыць і ў далейшым быць дастойнымі гэтага імя. А непасрэдна прысваенню папярэднічаюць даследаванні і пошук, вывучэнне звестак з жыцця, стварэнне пэўнага музейнага фонду. Пасля ўрачыстай падзеі работа працягваецца.
— Пра музеі, музейныя пакоі ўстаноў адукацыі Гарадоччыны мы неаднойчы расказвалі ў публікацыях…
— Упэўнена, што будзем супрацоўнічаць і далей, бо тэматыка невычэрпная.
Музеям устаноў адукацыі належыць вядучая роля ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. У нашым раёне яны актыўна развіваюцца, прырастаючы новымі экспазіцыямі і знаходкамі. Мы многае зрабілі для таго, каб у кожнай школе працаваў музей або музейны пакой. На старце ў нас былі чатыры добрыя школьныя музеі. У лістападзе мінулага года поўнасцю завяршылі ажыццяўленне задуманага адкрыццём музейнага пакоя ў Межанскай сярэдняй школе імя А.Я.Казлова. Не спыніліся і пайшлі далей: у нас ужо ў двух дзіцячых садах ёсць цудоўныя музейныя пакоі. Гэтая дзейнасць матывавала педагагічныя калектывы на далейшы рух. Сёння ў раёне рэалізуюцца пяць адметных раённых праектаў, і ўсе яны звязаны з грамадзянска-патрыятычным выхаваннем непасрэдна праз работу музеяў. Акрамя таго, ва ўсіх школах дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя класы, і мы ідзём да стварэння на базе кожнай школы ваенна-патрыятычных клубаў. Гэта наш актыў, праз які далучаем моладзь да захавання і прымнажэння каштоўнасцей, перададзеных нам папярэднімі пакаленнямі. У нас плённа развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва. Наладжаны партнёрскія адносіны паміж шэрагам нашых школ і ўстаноў адукацыі замежжа, праводзяцца сумесныя канферэнцыі, даследаванні, па выніках якіх выдаюцца кнігі, рэалізуюцца праекты. Асноўны вектар у цяперашні час — Расійская Федэрацыя.
Наша педагагічная традыцыя — напярэдадні Дня народнага адзінства і Дня Перамогі распрацоўваць маршруты і наведваць памятныя мясціны раёна. На завяршэнне акцыі ля помніка, выбранага апошнім пунктам маршруту, збіраецца вялікая колькасць настаўнікаў. Разам мы спяваем “Дзень Перамогі”. Тут шмат выхаваўчых складнікаў, уключаючы прыклад для моладзі і пашырэнне неабходных ведаў. Гісторыю кожнага мясцовага населенага пункта, помніка, воінскага пахавання педагог павінен ведаць дэталёва, каб перадаць гэта вучням. Безумоўна, гэта ў тым ліку і выхаванне саміх настаўнікаў, бо мы не толькі вучымся, але і выхоўваемся ўсё жыццё.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара