Наталля Траццякова: пасля размеркавання ў раёне застаюцца 68 % маладых настаўнікаў, плануем павялічваць гэты паказчык

- 12:20Планерка

Пра тое, як уключыліся ў вучэбныя будні педагогі і навучэнцы Кіраўскага раёна, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Траццякова.

— Навучальны год пачалі ў штатным рэжыме, зладжана. Да Дня ведаў установы адукацыі былі падрыхтаваны загадзя. У школах прайшлі бягучыя рамонты: былі абноўлены вучэбныя кабінеты, рэкрэацыі, спартыўныя і актавыя залы, харчаблокі, сталовыя. На прышкольных участках выканалі замену асфальтавага пакрыцця, агароджы, бегавых дарожак. Ажыццявілі закупку мэблі, тэхналагічнага абсталявання, мультыборда, камп’ютараў. У дзіцячых садах з’явіліся сучасныя ценявыя навесы. На гэтыя мэты было накіравана больш за 950 тысяч рублёў.

Шмат чаго было зроблена па добраўпарадкаванні прылеглых тэрыторый. Педагагічныя калектывы рэалізоўвалі ўласныя ландшафтныя праекты. На ўчастках навучальных устаноў былі высаджаны дрэвы, кусты і кветкі, устаноўлены арыгінальныя малыя архітэктурныя формы.

Дзякуючы агульным намаганням, усюды створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы для навучання. За парты ў школах селі 1770 вучняў, з іх 138 — першакласнікі. Звыш 500 хлопчыкаў і дзяўчынак выхоўваюцца ў дзіцячых садах.

— Наталля Яўгенаўна, з 1 верасня ўступілі ў сілу змяненні ў арганізацыі адукацыйнага працэсу. Як гэта адлюстроўваецца на рабоце навучальных устаноў?

Новаўвядзенні стараемся рэалізоўваць паступальна: тлумачым нюансы педагогам, праводзім інфармацыйныя размовы з навучэнцамі і бацькамі. Гэта дапамагае перабудоўваць работу плаўна і з разуменнем. Напрыклад, абмежаванні на выкарыстанне мабільных тэлефонаў мы сталі ўводзіць яшчэ вясной. Ужо тады правялі тэматычныя бацькоўскія сходы, гутаркі з дзецьмі. Пасля былі закуплены спецыяльныя стэлажы з ячэйкамі для захоўвання смартфонаў. Сёння вучні дакладна ведаюць, што школа — тэрыторыя, свабодная ад гаджэтаў. Ніякіх спрэчак і канфліктаў наконт гэтага не ўзнікае.

Дастаткова даўно ў нас вырашаны пытанні са школьнай формай. Яны прапісаны ў правілах унутранага распарадку. Сфарміраваны камплекты адзен­ня дзелавога стылю. Акрамя таго, навучальныя ўстановы самастойна вызначылі для сябе адзіныя абавязковыя элементы ў форме. У асноўным гэта трыкатажныя камізэлькі і значкі. Колер камізэлькі і эмблема значка вызначаліся сумесным рашэннем педагогаў і баць­коў з улікам меркаванняў дзяцей.

З пазітывам успрынялі ў школах павелічэнне колькасці гадзін па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Прыцягненню вучняў да здаровага ладу жыцця ўдзяляем вялікую ўвагу. Нашы настаўнікі ўпэўнены: тры ўрокі на ты­дзень будуць станоўча ўплываць як на фізічнае развіццё дзяцей, так і на папулярызацыю спорту ў маладзёжным асяроддзі.

— Педагагічнымі кадрамі ўстановы адукацыі забяспечаны ў поўным аб’ёме?

Так, школы і дзіцячыя сады ўкамплектаваны кадрамі. У педагогаў высокі прафесійны ўзровень. Больш за 79% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Асабліва важна, што ўсе настаўнікі працуюць з самааддачай і з душой.

Даволі шмат у нас педагогаў-пачаткоўцаў. Толькі сёлета прыбылі 13 маладых спецыялістаў. Прычым палова з іх — ураджэнцы раёна. Мо­ладзь усяляк падтрымліваем: вырашаем жыллёвыя і бытавыя пытанні, маты­вуем на прафесійны рост. Інстытут настаўніцтва, розныя метадычныя мерапрыемствы дапамагаюць маладым педагогам хутка адаптавацца і настроіцца на працоўны лад. Падтрымка эфектыўна ўплывае і на замацаванне кадраў. Пасля заканчэння тэрміну размеркавання ў нас застаюцца 68% маладых настаўнікаў. Тэндэнцыя нядрэнная, але мы імкнёмся павялічыць гэтыя паказчыкі. Стаўку робім на мэтавае навучанне, рыхтуем сабе змену з ліку сваіх вучняў. Як паказ­вае практыка, яны амаль заўсёды замацоўваюцца на першых працоўных месцах. Народная мудрасць “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” цалкам праў­дзівая. Сувязь з малой радзімай сапраўды мае вялікае значэнне.

— Якія задачы ставіце перад педагагічнай грамадскасцю на перспектыву?

— Абапіраючыся на традыцыі і напрацоўкі, працягнем павышаць якасц­ь і даступнасць сістэмы адукацыі раёна. Акцэнт будзем рабіць на раскрыцці здольнасцей вучняў, іх уключэнні ў алімпіядны рух, даследчую дзейнасць, заняткі творчасцю і спортам. У прыярытэце застаюцца выхаванне, фарміраванне ў навучэнцаў грамадзянскасці і патрыятызму. Задач перад педагогамі стаіць мноства, і кожная з іх — галоўная. Ад працы настаўніка залежыць станаўленне асобы дзяцей, таму дробязей у нашай справе не бывае.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара