Юныя нашчадкі Скарыны сабраліся ў Полацку
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года як даніна павагі нашым продкам — тым, хто заклаў падмурак айчыннай адукацыі, і тым, хто на працягу стагоддзяў захоўвае традыцыі, развівае і памнажае здабыткі беларускай педагагічнай школы. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе стаў старажытны Полацк. А з 2013 года на радзіме ўсходне-славянскага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка і асветніка стартаваў новы праект у рамках Дня беларускага пісьменства — дзіцяча-юнацкі форум “Скарынаўскія дні ў Полацку”.
Сустрэча гарадоў, дружалюбных да дзяцей
Трэба сказаць, старт атрымаўся ўдалы. З кожным годам форум пашырае межы і набывае дзясяткі новых сяброў. Калі напачатку ўдзельнікамі былі толькі юныя жыхары Полацка і Полацкага раёна, то ў 2014 годзе да іх далучыліся ліцэісты з Наваполацка, прычым менавіта яны сталі абсалютнымі пераможцамі Скарынаўскай алімпіяды. У мінулагоднім свяце прыняло ўдзел больш за 2 тысячы, у той час як сёлета — больш за 5 тысяч навучэнцаў з 15 гарадоў нашай краіны. Такім чынам, “Скарынаўскія дні” з’яўляюцца адкрытым міжрэгіянальным праектам. І арганізатары — Полацкі райвыканкам, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ), а таксама непасрэдны ініцыятар і галоўны выканаўца праекта — аддзел адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама — не сумняваюцца: зроблены толькі першыя крокі, усё самае цікавае чакае наперадзе!— У кастрычніку 2014 года нашаму гораду было прысвоена ганаровае званне “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Тады ж на пасяджэнні Каардынацыйнага савета намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч прапанаваў надаць “Скарынаўскім дням” рэспубліканскі статус, — паведаміла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Драздова.
Але найперш узнікла ідэя запрасіць на форум-2015 прадстаўнікоў з іншых беларускіх гарадоў, дружалюбных да дзяцей.
— На вучэбным семінары для лідараў дзіцячых маладзёжных парламентаў у маі мы развітваліся словамі “Да сустрэчы ў Полацку”, — расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Кацярына Кузьменка. — Думаю, што “Скарынаўскія дні” — праект з выхадам у перспектыве на рэспубліканскі ўзровень. Дзеці ў захапленні ад Полацка, кіраўнікі каманд — ад узроўню арганізацыі свята. І для кожнага з удзельнікаў пачынаць навучальны год у найстаражытнейшым горадзе Беларусі — выдатны творчы стымул.
Безумоўна, цэнтральнай падзеяй форуму з’яўляецца Скарынаўская алімпіяда. Яна праводзіцца згодна з праграмай па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Адпаведна яе галоўная мэта — павышэнне цікавасці дзяцей да гістарычнай, духоўнай і культурнай спадчыны Полацкай зямлі.
— Асноўнымі задачамі алімпіяды з’яўляюцца прапаганда духоўнай і культурнай спадчыны Скарыны; асвета ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу; садзейнічанне творчай рэалізацыі падрастаючага пакалення і педагагічных калектываў, стварэнне неабходных умоў для выяўлення адораных дзяцей, павышэнне камунікатыўных кампетэнцый удзельнікаў алімпіяды, актывізацыя работы факультатываў, спецкурсаў, гурткоў гуманітарнага кірунку, — праінфармавала галоўны спецыяліст сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, сацыяльнай і выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Страленка. — Да ўдзелу ў алімпіядзе запрашаюцца навучэнцы 9—11 класаў (4—5 чалавек у камандзе). Праходзіць яна ў два туры. Падчас завочнага тура навучэнцы пішуць эсэ на адну з прапанаваных тэм на выбар. Вочны тур традыцыйна праводзіцца ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны і ўключае напісанне комплекснай работы па гісторыі Беларусі, конкурс рытараў і конкурс выканаўцаў мастацкага твора.
“Радзіму не выбіраюць”
Такім чынам, пачатак алімпіядзе дадзены ў чэрвені, калі быў аб’яўлены конкурс эсэ. Работы прымаліся да 1 верасня, пры напісанні эсэ можна было карыстацца рускай ці беларускай мовай; цікава, што ўсе без выключэння канкурсанты аддалі перавагу беларускай. “З чаго пачынаецца наша гісторыя? З прыходу на беларускую зямлю першага князя? З заснавання старажытнага Полацка? А можа, з нараджэння князя-наватара Уладзіміра? Менавіта так думаюць гісторыкі, якія вывучаюць тысячагадовыя летапісы і рукапісы… Гісторыя беларусаў пачынаецца з мовы, — разважае ў эсэ навучэнка 10 “А” класа гімназіі № 51 Гомеля Марыя Шмыгава (настаўніца Марыя Кірушкіна). — З самага маленства дзіця чуе беларускую мову, і менавіта яна раскрывае ўсе загадкі і таямніцы, такія цікавыя і важныя для яго. Мова на працягу ўсяго чалавечага існавання расчыняе перад намі дзверы ў розныя бакі сусвету, дае нам мільёны магчымасцей пабудаваць сваё жыццё, выбраць правільную сцежку, па якой мы будзем ісці”. “Зараз я стаю на парозе самастойнага жыцця, у якім мне трэба быць адказнай за ўсе свае ўчынкі, пільна ставіцца да сваіх рашэнняў. Вельмі важна ў гэты час выбраць сабе жыццёвы напрамак, вырашыць, якой дарогай ісці і кім быць, якімі прынцыпамі кіравацца, каб, набыўшы новыя веды, выкарыстаць іх на карысць людзям. Яскравым прыкладам для мяне з’яўляецца беларускі першадрукар Францыск Скарына, — працягвае творчую пераклічку ў сваім эсэ навучэнка гімназіі № 5 Баранавіч Брэсцкай вобласці Настасся Кірык (настаўніца Тамара Раманюк). — Яму прапанавалі застацца ў Італіі, гаварылі, што зварот на радзіму згубіць яго талент, але Францыск Скарына рашуча адмовіўся, таму што пакінуў ён свой край для таго, каб набыць веды, неабходныя не толькі яму аднаму, але і яго народу. Вось ён, сапраўдны патрыятызм, сапраўдная, а не ўяўная любоў і ўслаўленне радзімы. Сёння нават цяжка ўявіць сітуацыю, калі б малады чалавек, атрымаўшы цудоўную адукацыю ў прэстыжным універсітэце Еўропы ці Амерыкі, адмовіўся б ад выдатнай кар’еры за мяжой. На жаль, усё больш чуем і чытаем пра тое, што застаецца наша моладзь там, у Еўропе. Я не асуджаю тых, хто пакідае сваю краіну. Мабыць, у іх ёсць нейкія сур’ёзныя падставы. Але мне заўсёды шкада іх. Радзіму не выбіраюць”.
— Конкурс быў складаны ў тым плане, што ў школе дзеці прывыклі пісаць сачыненні, водгукі, а эсэ — адметны жанр, — адзначыла старшыня журы конкурсу па беларускай мове і літаратуры (эсэ), настаўніца беларускай мовы і літаратуры Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, настаўнік-метадыст Алена Казлова. — Таму адразу вылучыліся тыя навучэнцы, якія змаглі падаць сваё разуменне выбранай тэмы і праз гэта паказаць сябе як асобу. Лепшыя работы выклікаюць шчырую павагу і захапленне талентам аўтараў, самастойнасцю іх мыслення, свядомай грамадзянскай пазіцыяй.
У наступным годзе канкурэнцыя ўзрасце
Пераможцай у творчым спаборніцтве эсэ стала палачанка — навучэнка Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны Наталля Краско. Што тычыцца вочнага тура, то ў мяне склалася ўражанне: на працягу летніх канікул удзельнікі настойліва і мэтанакіравана рыхтаваліся да Скарынаўскай алімпіяды! Інакш цяжка вытлумачыць і бездакорную падрыхтоўку канкурсантаў да творчых выступленняў, і надзвычай высокі ўзровень канкурэнцыі, што выявіўся падчас падвядзення вынікаў комплекснай работы па гісторыі. Тым не менш перамагае заўсёды мацнейшы. Па гісторыі лідарамі сталі палачане, а таксама прадстаўнікі Магілёва, Маладзечна і Наваполацка. Сярод выканаўцаў мастацкага твора вылучыліся зноў жа Полацк, Маладзечна і Наваполацк. У конкурсе ізаблакнотаў лепшым быў Мазыр. І, нарэшце, у конкурсе рытараў асноўнае спаборніцтва разгарэлася паміж навучэнцамі з Наваполацка і гаспадарамі алімпіяды, прычым пасля ўпартай барацьбы госці перамаглі. У выніку ў агульнакамандным заліку на 1 месца выйшла Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны (нездарма кажуць: дома і сцены дапамагаюць). 2 месца падзялілі ліцэй Наваполацка і сярэдняя школа № 6 Полацка, 3 месца — гімназія № 6 Маладзечна, сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай і сярэдняя школа № 15 Полацка.
— Вялікі дзякуй Полацку за запрашэнне, магчымасць сустрэць новых сяброў і паўдзельнічаць у цікавых мерапрыемствах, — падзялілася ўражаннямі каардынатар па рабоце з парламентам дзяцей і моладзі нядаўна прынятага ў сям’ю гарадоў, дружалюбных да дзяцей, Салігорска Кацярына Ісаеня. — Мы прыехалі практычна як гледачы, але ў наступным годзе плануем прыняць больш актыўны ўдзел. Дарэчы, нашы парламентарыі загарэліся ідэяй правесці ў Салігорску квест па ўзоры прапанаванага палачанамі. Асабліва спадабалася арт-алея: “ажывіць” дрэва — гэта было здорава! А пасля экскурсій па горадзе адна з нашых дзяўчат усур’ёз задумалася над паступленнем у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
У сваю чаргу госці пазнаёмілі сяброў і аднадумцаў са сваімі ініцыятывамі. Напрыклад, салігорцы прэзентавалі “Горад без бар’ераў” (карту-схему Салігорска з абазначэннем абсталяваных пандусамі сацыяльна значных аб’ектаў) і “Акадэмію поспеху” (праект па рабоце з цяжкімі падлеткамі).
Маладосць! Эрудыцыя! Сяброўства!
Найбольш актыўна абмен вопытам праходзіў падчас вечара сустрэчы з вынесенай у падзагаловак назвай, што адбыўся ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай Полацка. Кожная з каманд прадставіла візітоўку з прэзентацыяй роднага горада і цікавых маладзёжных праектаў. Калі меркаваць па зацікаўленай рэакцыі залы, не трэба сумнявацца: хутка некаторыя з іх “прыжывуцца” ў іншых рэгіёнах.
Напэўна, самым насычаным эмацыянальна і самым багатым на падзеі выдаўся апошні з сёлетніх “Скарынаўскіх дзён”. У першай яго палове каманды гарадоў, дружалюбных да дзяцей, былі сведкамі значнай для ўсёй нашай краіны падзеі: цырымоніі вяртання сцяга Полацкага кадэцкага корпуса на гістарычную Радзіму. А літаральна праз паўгадзіны пасля завяршэння ўрачыстасці Полацк ператварыўся… у вялікую школу: на плошчах і ў скверах пачаліся ўрокі!
— Адкрытыя ўрокі праводзілі лепшыя педагогі Полаччыны. Яны былі аб’яднаны агульнымі тэмамі — для пачатковых класаў “Цябе люблю і ганаруся, мой Полацк, наша Беларусь”, для старшых — “У нас ёсць будучыня, і нам яе ствараць” — і праходзілі па паралелях для гасцей і навучэнцаў устаноў адукацыі горада, — пракаменціравала загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Алена Фёдарава. — На мой погляд, вельмі важна, што адбывалася гэта менавіта ў шосты школьны дзень. І не менш важна і паказальна, што на ўрокі большасць юных палачан прыйшлі разам з бацькамі.
Заключнымі акордамі форуму стала свята творчасці, падрыхтаванае калектывам Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі (на інтэрактыўных пляцоўках аб сваёй дзейнасці расказалі дзясяткі гурткоў і аб’яднанняў па інтарэсах), і святочная праграма “Мы — нашчадкі Скарыны”.
— Мы ад’язджаем з двума дыпломамі, адзін з якіх І ступені — за перамогу ў конкурсе ізаблакнотаў, — падвяла вынікі ўдзелу каманды Мазыра педагог дадатковай адукацыі кіраўнік маладзёжнага парламента горада Таццяна Паляжаева. — А галоўнае — знайшлі новых сяброў, каштоўны вопыт і незабыўныя ўражанні. Форум атрымаўся, дзякуй яго арганізатарам і нашым суправаджаючым.
— Горад багаты гісторыяй, непарыўна звязаны з праваслаўем, нават простая вандроўка па яго вуліцах акрыляе, натхняе, духоўна ўзбагачае, — падзялілася ўражаннямі кіраўнік дэлегацыі Шклова метадыст цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень” Галіна Барысава. — “Скарынаўскія дні” ўразілі сваёй насычанасцю, было вельмі многа конкурсных намінацый. Мы паспелі прыняць удзел толькі ў трох, але, спадзяюся, у наступным годзе больш шырока прадставім свой горад. Выдатна арганізавана мерапрыемства, палачан можна павіншаваць з поспехам.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.