Натхненне прыходзіць з водарам свежых фарбаў

Напярэдадні Новага года і Каляд кожны з нас жадае прыўнесці ў сваё жыццё імгненні радасці і прыгажосці, утульнасці і цяпла, зарад новых эмоцый і добры настрой. У пошуку пазітыву ў перадсвяточныя дні мы завіталі ў майстэрню да настаўніка выяўленчага мастацтва і сусветнай мастацкай культуры Уладзіміра Уладзіміравіча Пінчука і азнаёміліся з яго творчасцю. Амаль 40 гадоў педагог працуе ў альшанскай сярэдняй школе № 1 Столінскага раёна. Але землякі ведаюць Уладзіміра Уладзіміравіча яшчэ і як таленавітага мастака. Многім пашчасціла наведаць персанальныя выставы карцін творцы.

Творчая майстэрня — святое месца

Уладзімір Пінчук нарадзіўся і жыве ў аграгарадку Альшаны. У дзяцінстве скончыў музычную школу па класе акардэона, захапляўся жывапісам. Любоў да гэтага віду мастацтва хлопчыку прывіў бацька — настаўнік фізікі, які вельмі добра маляваў. Тым не менш родныя прарочылі Уладзіміру Пінчуку педагагічны шлях. У выніку юнак пайшоў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя П.М.Машэрава, дзе з апантанасцю вывучаў творчасць імпрэсіяністаў і постымпрэсіяністаў, пераймаў майстэрства і ў сваіх педагогаў вядомых беларускіх мастакоў — акварэліста Фелікса Фёдаравіча Гумена і жывапісца Алега Рыгоравіча Арлова.

“Непаўторны пах свежых фарбаў прыцягваў з дзяцінства, — згадвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Калі бацька ўпершыню падарыў мне скрыначку з акварэллю, я не адважыўся ёй скарыстацца, бо баяўся сапсаваць, проста адкрываў яе і ўдыхаў гэты багаты водар. І сёння, калі пераступаю парог майстэрні, акунаюся ў містычныя адчуванні, успамінаюцца першыя дзіцячыя малюнкі, студэнцкія гады. Творчая майстэрня для мяне — святое месца, дзе я заўсёды працую адзін. Родныя, разумеючы важнасць моманту, ніколі не турбуюць мяне там. Тым не менш першым удзячным гледачом і крытыкам, меркаванню якога я цалкам давяраю, з’яўляецца жонка — мая калега настаўніца біялогіі альшанскай школы Вольга Іванаўна Пінчук.

За шмат гадоў напісана многа карцін, кожная па-свойму для мяне дарагая. Ідэі сюжэтаў прыходзяць спантанна, часам — у сне, а часам — пад уплывам пэўных акалічнасцей або эмоцый. У мяне ёсць работы, выкананыя менш чым за гадзіну. Возьмем карціну “Адзінота”. Здаецца, нічога няма ў ёй асаблівага: лютая зіма, адзінокае дрэва ў полі, вароны. Я знаходзіўся ў майстэрні, настрой у той момант быў не лепшы, наплылі эмоцыі, за акном пачуліся крыкі варон. Я імгненна ўхапіў са стоса ліст паперы… У многіх людзей гэтая работа выклікае тыя ж эмоцыі, якімі быў ахоплены ў той момант я”.

Зараз у майстэрні мастака з дзясятак незавершаных работ. Бывае, над некаторымі ён шчыруе гадамі. Калі раптам справа не ідзе, карціна не атрымліваецца, Уладзімір Уладзіміравіч ставіць яе ў куток і бярэцца за іншую. А праз пэўны час вяртаецца да незавершанага твора.

Карціны Уладзіміра Пінчука пакідаюць асаблівае ўражанне. Ён працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі і жывапісу, стварае нацюрморты і пейзажы, партрэты і аўтапартрэты. Некалькі твораў пад агульнай назвай “Гармонія дажджу” з’явіліся ў яго пад уплывам паездак у Парыж, дзе жыве яго дачка, партрэт якой мастак таксама напісаў. Некаторыя свае карціны Уладзімір Пінчук ствараў на Манмартры. Аднойчы ў Францыі прайшла выстава яго работ.

Каля мальберта з пэндзлем у руках

“Настаўніку выяўленчага мастацтва і сусветнай мастацкай культуры трэба вельмі многа і з поўнай аддачай працаваць, каб яго прадмет стаў любімым у дзяцей, — гаворыць мой суразмоўнік. — Вучняў не зацікавіш пераказам параграфа. Таму многія тэмы тлумачу каля мальберта з пэндзлем і фарбамі ў руках. Школьнікам неабходна паказваць майстар-класы, вучэбныя відэафрагменты, унікальны працэс стварэння твораў, дзеці павінны маляваць на ўроках, набываць практычныя навыкі. У кабінеце выяўленчага мастацтва, дзе я працую з моманту ўладкавання ў школу, ёсць усё неабходнае абсталяванне, тэхнічныя і мультымедыйныя сродкі для паўнацэннай работы. Навучэнцаў старшых класаў запрашаю на факультатыў “Жывапіс. Графіка. Кампазіцыя”, які наведваюць у асноўным тыя, хто зацікаўлены ў атрыманні адпаведных спецыяльнасцей”.

З першага года работы ў школе Уладзімір Пінчук з’яўляецца кіраўніком гуртка выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тэматыка і віды дзейнасці гуртка пастаянна мяняліся, удасканальваліся. Асвойваліся новыя тэхнікі, з улікам магчымасцей выкарыстання мясцовых матэрыялаў — дрэва, саломкі, гліны. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка выконваюць работы ў тэхніцы роспісу і выпальвання па дрэве, робяць аплікацыі і інкрустацыю саломкай, аб’ёмныя вырабы з саломкі (тыпу “Павучок”), а таксама набываюць навыкі ў тэхніцы металапластыкі. У апошні час дзеці пераважна працуюць з паперай (аплікацыя, квілінг), з салёным цестам (цестапластыка), з фарбамі, у тэхніках монатыпіі, выцінанкі.

“Дзіўна, як са звычайнага кавалка салёнага цеста можа атрымацца ўсё, што заўгодна, а потым зноў знікнуць, ператварыўшыся ў бясформенную масу, — гаворыць настаўнік. — Мае навучэнцы атрымліваюць шырокае ўяўленне аб выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і маюць магчымасць выкарыстоўваць на практыцы атрыманыя веды і ўменні. Удзельнікі гуртка прымаюць удзел у школьных, раённых і абласных выставах дзіцячай творчасці і конкурсах. Зараз, напрыклад, рыхтуемся з вучнямі да конкурсу творчых работ “У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных…” да 100-годдзя паэмы “Сымон-музыка” і 95-годдзя паэмы “Новая зямля”. Конкурс арганізоўваецца Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа”.

За свабоду і радасць творчасці

“Як мастак і педагог я выступаю за адсутнасць жорсткіх рамак, прызнаных узораў і эталонаў, вітаю свабоду і радасць творчасці, — падкрэслівае Уладзімір Ула-дзіміравіч. — Перакананы ў тым, што ўсе дзеці таленавітыя, ад нараджэння кожны надзелены велізарным патэнцыялам. Проста ва ўсіх розная палітра сродкаў для адлюстравання сваіх магчымасцей, думак і пачуццяў. Узбагачэнне гэтай палітры — асноўная задача педагога. Але гэта не значыць, што ўсім неабходна асвойваць аднолькавы набор прыёмаў для творчасці. Інакш не існавала б шырокай разнастайнасці жанраў мастацтва: экспрэсіянізм, імпрэсіянізм, прымітывізм і г.д.

Прынята лічыць, што творчасці навучыць нельга. Але можна і трэба стварыць на занятках такія ўмовы, дзякуючы якім прыроджаныя здольнасці дзяцей максімальна праявяцца, перш за ўсё атмасферу цярпення, добразычлівасці, ненадакучлівасці і падтрымкі. Нельга адбіваць у дзяцей жаданне да творчасці рэзкімі безапеляцыйнымі парадамі і праўкамі.

Свае заняткі будую так, каб у навучэнцаў узнікала патрэба ў творчасці, жаданне пераўтвараць навакольнае асяроддзе праз такія прыёмы, як здзіўленне, азарэнне, супярэчнасці, здагадкі, адсутнасць крытыканства і разбору няўдалых з пункту гледжання агульнапрынятых канонаў дзіцячых малюнкаў. Варта памятаць аб неабходнасці захоўваць межы асобы дзіцяці, у яго павінна заставацца ўласная прастора для самавыяўлення, у якую нельга ўмешвацца нікому. Празмерная апека і залішняя дапамога могуць заглушыць творчы патэнцыял. Настаўнік павінен вучыць дзіця думаць, бачыць прыгажосць навакольнага свету, гаварыць так, каб яго пачулі, і ўмець слухаць і чуць іншых, пры гэтым заставацца самім сабой, паважаць кожнага чалавека і яго працу”.

Аматар рыбнай лоўлі

У вольны час Уладзімір Уладзіміравіч займаецца выхаваннем унукаў, захапляецца рыбалкай і паляваннем, дзе таксама чэрпае ідэі для сваіх будучых работ.

“Шчыра прызнацца, я вельмі добры паляўнічы: хоць стрэльба заўсёды са мной, але я ёй не карыстаюся, мне больш падабаецца працэс непасрэдных гарманічных зносін з прыродай, — гаворыць педагог. — На рыбалку выязджаю на Прыпяць, раніцай, калі ўсюды туман. Іду ў гэтым нерэальным свеце да ракі не толькі за ўловам, але і за новымі думкамі, за натхненнем. А за плячыма не толькі вуды, але і эцюднік, палатно, папера і фотаапарат. У Прыпяці водзяцца вялікія самы вагой да 100 кілаграмаў. Але мне пакуль не трапляўся такі. Самы вялікі ўлоў, які быў, — гэта васьмікілаграмовы сом і шчупак 4,5 кілаграма. Калі паплавок спакойны, рыба не бярэцца, я малюю або раблю фотаздымкі, каб пасля ўзнавіць у памяці гэтыя маляўнічыя моманты і стварыць новыя карціны”.

Уладзімір Уладзіміравіч як класны кіраўнік выпусціў у дарослае жыццё не адно пакаленне старшакласнікаў. Ён заўсёды падтрымліваў з навучэнцамі цёплыя адносіны, хадзіў з імі ў паходы з палаткамі, на рыбалку. Лавілі ўсе разам рыбу, разводзілі вогнішча, варылі юшку і спявалі пад гітару. А на начлег заставаліся на Прыпяці ў доміку бакеншчыка, які дзяліўся са старшакласнікамі цікавымі гісторыямі аб сваім жыцці-быцці. Такая выхаваўчая работа з вучнямі вельмі падабаецца педагогу і мастаку Уладзіміру Пінчуку, бо яе вынікі застаюцца не на паперы, а ў памяці і душах юнакоў і дзяўчат.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва мастака.