Натхненне ў маўленні

- 11:00Навіны рэгіёнаў

У Полацкім каледжы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава адбыўся семінар для выкладчыкаў англійскай мовы Віцебскага рэгіёна з міжнародным удзелам.

З якімі цяжкасцямі сутыкаецца сучасны настаўнік і як іх пераадолець? Як адаптаваць свой падручнік для работы з рознаўзроўневай групай? Чым адрозніваюцца ўрокі англійскай мовы ад іншых вучэбных прадметаў? На гэтыя і многія іншыя актуальныя пытанні даў адказы праз свае інтэрактыўныя прэзентацыі Крыстафер Грэхем, прадстаўнік Міжнароднай асацыяцыі Gallery Teachers, выкладчык, пісьменнік, спецыяліст у галіне методыкі выкладання англійскай мовы як замежнай. Багаты вопыт работы ў больш як 30 краінах свету пад эгідай Брытанскага савета, бездакорнае ўменне валодаць увагай аўдыторыі, разуменне спецыфікі сучаснага выкладання дазволілі спікеру семінара захапіць слухачоў і падарыць ім некалькі гадзін роздуму і прафесійнага натхнення.

Пачала семінар доктар эканамічных навук, прафесар, першы прарэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Васільеўна Багатырова. З прывітальным словам да гасцей семінара звярнуўся Уладзімір Канстанцінавіч Дзюбкоў, кандыдат тэхнічных навук, рэктар Інстытута ІТ і бізнес-адміністравання, арганізатар запрашэння Gallery Teachers у Беларусь. З натхненнем і энтузіязмам расказвала пра перспектыўныя, цікавыя формы супрацоўніцтва выкладчыкаў замежнай мовы ў Беларусі Валянціна Сцяпанаўна Голубева, член савета Беларускай асацыяцыі выкладчыкаў англійскай мовы. Да ўдзелу ў будучых мерапрыемствах і да сумесных праектаў запрасіў прысутных настаўнікаў заснавальнік і выканаўчы дырэктар Gallery Teachers Джавані Ратура.

Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава сардэчна сустракаў сваіх гасцей. На семінар прыбылі 170 настаўнікаў з гімназій, школ, каледжаў і ўніверсітэтаў Віцебска, Полацка, Мінска, Браслава, Наваполацка, Полацкага раёна. Гасцей сустракала дырэктар каледжа Таццяна Генадзьеўна Полушкіна, адданы педагагічнай прафесіі чалавек, энтузіяст і натхняльнік усіх супрацоўнікаў і навучэнцаў.

Дзякуючы суладнай працы адміністрацыі каледжа, выкладчыкаў і навучэнцаў спецыяльнасці “Замежная мова”, семінар стаў яркай, насычанай і карыснай падзеяй у прафесійным жыцці выкладчыкаў англійскай мовы, пра што сведчаць шматлікія тэлефанаванні з падзякамі і натхнёныя водгукі ў прафесійных рэсурсах інтэрнэту. Усе прысутныя мелі магчымасць даведацца пра самае сучаснае ў галіне методыкі выкладання, мець зносіны і слухаць высокаадукаванага носьбіта брытанскага варыянта англійскай мовы, што здараецца вельмі рэдка і каштоўна само па сабе. Нефармальныя зносіны паміж калегамі з розных устаноў адукацыі Беларусі, жывая музыка ў віртуозным выкананні выкладчыкаў каледжа ў час рэгістрацыі і кава-паўзы дадалі станоўчых эмоцый у скарбонку карысных і незабыўных уражанняў, якія павезлі з сабой удзельнікі семінара.

Святлана ШЫКАВА,
член арганізацыйнага камітэта, выкладчык англійскай мовы
Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава.