Натхнілі зацікаўленыя вочы дзяцей

- 12:01Адукацыйная прастора

Валерыя Іванаўна Шыкунец другі год выкладае англійскую мову ў сярэдняй школе № 3 Навагрудка Гродзенскай вобласці. Ролі настаўніка і класнага кіраўніка прыйшліся ёй даспадобы. Сёлета яна адчувае большую ўпэўненасць і імкнецца да таго, каб кожны ўрок і мерапрыемства былі для яе вучняў жаданымі і цікавымі.

У самой Валерыі цікавасць да англій­скай мовы ўзнікла з малых гадоў. Яшчэ ў дзіцячым садку, дзе пачалося знаёмства з гэтым прадметам, дзяўчынка адразу вельмі зацікавілася новай, абсалютна незнаёмай для яе мовай. Бацькі заўважылі такія адносіны дачкі, куплялі ёй мультфільмы, дыскі з вучэбнымі пра­грамамі на англійскай мове. Пазней гэтую цікавасць падтрымалі настаўнікі ўстаноў адукацыі, дзе вучылася Валерыя. І калі прыйшоў час выбіраць прафесію, яна не сумнявалася, што звяжа жыццё з англійскай мовай. Прызнаецца, што тады пра настаўніцкі шлях амаль не думала. Калі была вучаніцай, ёй здавалася, што быць педагогам лёгка і цікава. Валерыя паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт славянскіх і германскіх моў і вырашыла, што час усё расставіць па сваіх месцах.

— У студэнцкія гады я зразумела, што на самай справе быць настаўнікам вельмі адказна і складана, — расказвае В.І.Шыкунец. — Да мяне прыйшло ўсведамленне, што за цікавымі ўрокамі заўсёды стаяць глыбокае веданне прадмета, карпатлівая праца, уменне разумець вучняў, увага да іх. Безумоўна, адначасова ўзнікла пытанне: ці атрымаецца ўсё гэта ў мяне? На трэцім курсе ў нас была педагагічная практыка, якая праходзіла ў летнім аздараўленчым лагеры. Я вельмі хвалявалася і ў той час нават засумнявалася, што зрабіла правільны выбар. Аднак было разуменне, што не варта давяраць першым пачуццям і ўражанням, што праца ў школе і ў лагеры — усё ж розныя рэчы. Наступная практыка была ўжо ў адной са школ Баранавіч, і тут я нарэшце дакладна зразумела: мне ўсё падабаецца і я хачу працаваць настаўніцай. Мяне натхнілі зацікаўленыя вочы дзяцей, усведамленне таго, што ты даеш ім важныя, неабходныя веды.

Атрымаўшы дыплом, Валерыя Іванаўна вярнулася на малую радзіму і адправілася працаваць у сярэднюю школу № 3, дзе яна ў свой час вучылася ў малодшых класах. Прызнаецца, што пачынаць педагагічную дзейнасць было няпроста. З уласнага вопыту зрабіла выснову: маладому педагогу цяжка ўстанавіць кантакт з вучнямі з-за хвалявання, якое ўзнікае падчас правядзення ўрокаў. Дзеці ж хутка адчуваюць такі стан дарослага і пачынаюць, што называецца, правя­раць яго на стойкасць. Таксама бываюць цяжкасці з планаваннем і арганізацыяй уласнага працоўнага дня і адпачынку. Спачатку здаецца, што часу ніяк не можа хапіць на падрыхтоўку да ўрокаў, праверку сшыткаў, выкананне іншых абавязкаў… Як жа справіцца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць? В.І.Шыкунец параіла б сённяшнім навічкам перш-наперш быць унутрана гатовымі да перамен у прывычным ладзе свайго жыцця, да змянення інтарэсаў і паводзін у адпаведнасці са статусам педагога, да пастаяннай працы над сабой, развіцця ў сабе прафесійна важных якасцей.

Валерыя Іванаўна зараз ужо з усмешкай расказвае, як пасля некалькіх дзён работы ў школе яна раптам даведалася, што ў вучняў ёсць нямала разнастайных спосабаў перашкаджаць ёй весці ўрок. А так хацелася дабіцца добрай дысцыпліны, каб дзеці засяродзілі сваю ўвагу на вучэбным працэсе і актыўна працавалі. Але гэтыя першыя цяжкасці не расчаравалі, не выбілі з каляіны, а, наадварот, загартавалі і дапамаглі мабілізавацца. В.І.Шыкунец знайшла для сябе выйсце: яна пачала яшчэ больш пільна рыхтавацца да ўрокаў, выкарыстоўваць найбольш цікавыя для дзяцей формы падачы матэрыялу.

— Варта не дапускаць некампетэнтнасці ў выкладанні свайго прадмета, — разважае маладая настаўніца. — Акрамя таго, урок ні ў якім разе не павінен быць манатонным. Дзецям неабходны дынаміка, шчырыя зносіны. Таксама, на мой погляд, адна з галоўных умоў паспяховай работы педагога — не баяцца браць на сябе адказнасць і, калі нешта не атрымліваецца, шукаць прычыны ў сабе, а не ў некім іншым.

Валерыя Іванаўна ў першы год работы атрымала вопыт выкладання ў чацвёртых, шостых, а таксама дзявятых класах. Яна адзначыла для сябе, што ўсе дзеці розныя, у кожным узросце ёсць свае асаблівасці, якія важна ўлічваць. Агульных рашэнняў няма, да ўсіх вучняў трэба шукаць свой падыход. Чацвёртакласнікам лепш атрымліваецца прывіваць цікавасць да прадмета ў гульнявой форме. Такая нестандартная форма работы на ўроку прыйшлася даспадобы і шасцікласнікам. Асабліва ім палюбілася гульня “Кракадзіл”: настаўніца называе слова, а вучням неабходна яго паказаць рухамі, мімікай. Гэтая гульня выдатна падыходзіць, напрыклад, пры вывучэнні новай лексікі. Яшчэ дзецям падабаецца гульня “Бінга”. Можна выкарыстоўваць карткі ці начарціць у сшытку квадрат памерам 6 на 6 сантыметраў. Настаўніца дае вучням спіс слоў, якія запісваюцца ў квадрацікі. Пасля дэманструюцца карткі з выявамі прадметаў ці жывёл, а вучням трэба хутка сарыентавацца, знайсці і закрэсліць у сваіх квадраціках адпаведнае слова. Перамагае той, хто першым адшукае ўсе словы і закрэсліць іх у сваёй картцы.

Настаўніца папаўняе сваю прафесійную скарбонку гульнямі, якія дапамагаюць пры вывучэнні замежнай мовы і добра ўспрымаюцца дзецьмі. Некаторыя ёй запомніліся яшчэ са студэнцкіх часоў. Маладая настаўніца ўдзячна сваім выкладчыкам за тое, што навучылі яе гэтаму, і з задавальненнем прымяняе такую тактыку на сваіх уроках.

Вучням сярэдняга звяна таксама даспадобы мульцікі. В.І.Шыкунец часам уключае ім мультфільмы на англійскай мове з субцітрамі, якія таксама напісаны па-англійску.

З дзевяцікласнікамі, зараз ужо дзесяцікласнікамі, Валерыя Іванаўна пастаралася ўстанавіць іншыя адносіны — яна ставіцца да іх, як да роўных, дарослых. Спрабуе знайсці тэмы, якія найбольш цікавяць юнакоў і дзяўчат, а пасля ўзнімае іх пры вывучэнні замежнай мовы. Размова адразу ж становіцца больш ажыўленай, бо многім хочацца выказаць свой пункт гледжання, ды і слухаюць адно аднаго вучні вельмі ўважліва.

Для старшакласнікаў Валерыя Іванаўна зрабіла таксама тэсты, апытанні ў праграме Kahoot. Ёй асабліва спадабалася з іх дапамогай правяраць веданне новай лексікі. Пры гэтым дзеці пі­шуць адказы ў сваіх тэлефонах і бачаць, памыліліся яны ці не, які склаўся рэйтынг, хто на першым месцы. Адчуваецца дух спаборніцтва і літаральна на вачах павышаецца стараннасць.

У мінулым навучальным годзе важнай для Валерыі Іванаўны падзеяй стаў удзел у раённым конкурсе сярод маладых спецыялістаў “Мы маладыя, мы таленавітыя”, дзе яна заняла трэцяе месца. Сёлета настаўніца працягне набірацца вопыту і ў выкладанні прадмета, і ў адказнай справе класнага кіраўніцтва. У мінулым навучальным годзе вельмі старалася навучыць сваіх пяцікласнікаў не сварыцца, ні ў якім разе не абражаць адно аднаго, а заўсёды паважліва ставіцца да іншых, спакойна абмяркоўваць праблемы, якія ўзнікаюць. Гэта, вядома ж, справа няхуткая, але настаўніца ўжо заўважыла ў дзецях пэўныя змяненні: адносіны адно да аднаго сталі больш цярплівымі і добразычлівымі. Валерыя Іванаўна і далей будзе закладваць у юныя сэрцы ўласнае жыццёвае крэда “Душы перамагаюць не зброяй, а каханнем і велікадушнасцю!”.

Таццяна ШЫМКО.