Натхніцца добрымі справамі

Пасля Віцебска, Шклова, Магілёва і Гомеля ўдзельнікаў Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” гасцінна сустрэлі Пінск і Брэст.

Чыгуначны састаў, які сабраў 90 юнакоў і дзяўчат з ліку студэнцкай і працоўнай моладзі, прадстаўнікоў ІТ- і блогасферы,  маладзёжных і спартыўных аб’яднанняў, парламентарыяў і валанцёраў, рухаецца па краіне ў рамках аднайменнага рэспубліканскага маладзёжнага праекта, арганізаванага БРСМ і Міністэрствам адукацыі Беларусі. За 7 дзён пасажыры незвычайнага цягніка пабываюць у 9 гарадах, дзе іх чакае шмат цікавых і карысных спраў. 

— Праект прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі, 100-годдзя камсамола Беларусі і Года малой радзімы, — расказаў кіраўнік маладзёжнага цягніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі С.А.Сыранкоў. — Сучасная моладзь актыўна ўдзельнічае ў грамадскай дзейнасці па захаванні гістарычнай памяці пра вайну, развіцці сацыяльна-эканамічнага, турыстычнага і культурнага патэнцыялу рэгіёнаў. Мэта праекта — рэалізацыя грамадска значных ініцыятыў, папулярызацыя маладзёжнага руху краіны, аб’яднанне намаганняў моладзі ў вырашэнні актуальных праблем, павышэнне грамадска-палітычнай актыўнасці маладога пакалення, захаванне культурнай спадчыны, фарміраванне пазітыўнага іміджу Беларусі ў маладзёжным асяроддзі. 

У горадзе над Пінай удзельнікі маладзёжнага цягніка наведалі мемарыяльны комплекс “Вызваліцелям Пінска”, пабывалі ў тэхнапарку “Палессе” ПалесДУ і на майстар-класах па спартыўным скалалажанні і сучасных танцах, азнаёміліся з абласной выставай інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, правялі дабрачынную акцыю ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, сустрэліся з кіраўніцтвам гарвыканкама, прадстаўнікамі мясцовых СМІ і маладымі талентамі Пінска, прайшліся па гістарычнай частцы старажытнага горада. 

У горадзе над Бугам маладыя актывісты ўсклалі вянкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, азнаёміліся з музейнымі экспазіцыямі “Абарона Усходняга форта”, “Летапіс Брэсцкай крэпасці” і “Музей вайны — тэрыторыя міру”, пабывалі ў Маладзёжным патрыятычным цэнтры, правялі працоўную акцыю па добраўпарадкаванні тэрыторыі алеі студатрадаўскага руху і ўста­лявалі лаўку ад моладзі Беларусі ў гарадскім садзе, наведалі 11-ю пагранічную заставу “Брэст” імя А.М.Кіжаватава і шэраг спартыўных аб’ектаў, паўдзельнічалі ў розных майстар-класах, інтэлектуальным квізе, турніры па настольных драўляных гульнях, трэнінгу па фарміраванні іміджу мала­дзёжнага лідара і музычным патрыятычным праекце “А золкі тут ціхія…”, убачыліся з яркімі прадстаўнікамі блогасферы Брэстчыны, абмяняліся меркаваннямі і ўражаннямі падчас адкрытых мікрафонаў, прайшліся вуліцамі 1000-гадовага горада.

Удзельнікамі адкрытага дыялогу “Беларусь: учора, сёння, заўтра” сталі кіраўнік маладзёжнага цягніка С.А.Сыранкоў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама В.К.Шчэрба, першы сакратар Брэсцкай абласной арганізацыі БРСМ Ю.С.Сегенюк і інш. Падчас шчырай і зацікаўленай размовы закраналіся пытанні, якія тычыліся турыстычнага патэнцыялу прыгранічнага горада, рэалізацыі маладзёжных і адукацыйных праектаў і акцый, захавання гістарычнай праўды пра гераічнае мінулае краіны, асаблівасцей патрыятычнага выхавання ў сучасных умовах, валанцёрскай дзейнасці, узаемадзеяння блогасферы і органаў дзяржаўнага кіравання ў грамадскім жыцці, сёлетняй выбарчай кампаніі, ролі грамадскіх аб’яднанняў у духоўным і прафесійным станаўленні маладога пакалення, вяртання культурных каштоўнасцей на Радзіму і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.