Натхніцца музейнай справай

- 10:10Краязнаўства

Выкарыстанне патэнцыялу музейнай педагогікі ў адукацыйным працэсе абмяркоўвалі падчас рэспубліканскага анлайн-семінара прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, музейныя работнікі, педагогі, навукоўцы.

Удзельнік семінара В.В.Чайка.

Музейная педагогіка з’яўляецца важным складнікам патрыя­тычнага выхавання. Музей — гэта не проста візітоўка ўстановы адукацыі. Ён садзейнічае інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю, а таксама сацыялізацыі навучэнцаў. Невыпадкова рэспубліканскія семінары па музейнай педагогіцы праводзяцца кожны год. Нават пандэмія не стала пера­шкодай. Наадварот, анлайн-фармат дазволіў прыцягнуць як мага большую колькасць удзельнікаў.

“Музеі — сапраўдныя адукацыйныя цэнтры. Яны робяць вялікі ўклад у справу выяўлення, збору, захавання і экспанавання, пазнання гісторыі і культуры роднага краю. Сёння ва ўстановах адукацыі краіны працуюць 1448 музеяў, 104 маюць званне “народны”, што з’яўляецца прызнаннем іх высокіх дасягненняў у выхаванні моладзі. Большасць музеяў з’яўляюцца сапраўднымі скарбніцамі краязнаўчых ведаў. Тут сабраны матэрыялы пра тыя мясціны, дзе створаны музеі,

і пра тых людзей, чые імёны звязаны з гэтымі мясцінамі. Спадзяюся, ідэі і прапановы, выказаныя падчас семінара, будуць карыснымі ў практычнай музейнай дзейнасці”, — адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Ідэі і прапановы, сапраўды, карысныя, паколькі ў семінары ўдзельнічалі вопытныя музейшчыкі. На думку педагога дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Нароўлі імя І.М.Шаўрэя Васіля Васільевіча Чайкі, нягле­дзячы на важнасць інтэрактыўных заняткаў, музей — гэта ў першую чаргу экспанат, менавіта экспанаты павінны дамінаваць у экспазіцыі. “З кожным годам знаходзіць цікавыя музейныя прадметы становіцца ўсё складаней. Збіраць экспанаты трэба хутка і своечасова, не чакаць, калі яны стануць рарытэтамі. Маладым педагогам я параіў бы ўжо цяпер заняцца тэматыкай 90-х гадоў. Адшукаць світары з папулярнымі тады надпісамі на англійскай мове, клятчастыя сумкі, упакоўкі ад прадуктаў харчавання, якія з’яўляліся ў той час, — адзначыў педагог. — Калі мы ствараем музей, то заўсёды павінна быць дамінанта, экспанат, на якім трэба засяродзіць увагу. У той жа час пад любы музей патрэбна сур’ёзная гістарычная база”.

Ва ўстановах адукацыі краіны працуюць 1448 музеяў, 104 маюць званне “народны”, што з’яўляецца прызнаннем іх высокіх дасягненняў у выхаванні моладзі. Музеі — сапраўдныя адукацыйныя цэнтры, скарбніцы краязнаўчых ведаў.

Музейную справу трэба развіваць нестандартна, знахо­дзіць такія рашэнні, каб наведвальнікі атрымлівалі задавальненне. Васіль Васільевіч у гэтай справе сапраўдны майстра. Створаныя ім гісторыка-краязнаўчы музей, музей сельпо, музей пошты, музей дзяцінства вядомы не толькі ў Беларусі. У перспектыве — стварэнне музея “Сельскі клуб” і музея “ФАП”.

Віртуальныя экскурсіі набываюць усё большую папуляр­насць. Багаты вопыт назапашаны ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Па словах загадчыка аддзела культурна-адукацыйнай работы Вольгі Генадзьеўны Пархімовіч, пасля рэканструкцыі змянілася канцэпцыя музея: “Восем зал музея прапануюць восем тэматычных экскурсій. Музей насычаны мультымедыйнымі сродкамі, якія выклікаюць асаблівую цікавасць у школьнай аўдыторыі. Гэта і прагляд відэароліка “Купалле” ў фармаце 3D, і галаграфічны праект “Янка Купала ў рабочым кабінеце”. У нас ёсць вялікая інтэрактыўная зона для дзяцей. Музей літаратурны, у ім шмат папяровых прадметаў. Усё гэта надзвычай каштоўна, таму інтэрактыўнай зона абавязкова павінна быць у літаратурных музеях. Як, дарэчы, і фотазона. Мы прапаноўваем наведвальнікам змяш­чаць фота­здымкі ў сацыяльных сетках з адпаведнымі хэштэгамі, тым самым рэкламуючы музей”.

У плане выкарыстання інфармацыйных тэхналогій актыўна працуе кіраўнік музейнага аб’яднання сярэдняй школы № 3 Мёраў імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі Вітаўт Антонавіч Ермалёнак. Можна доўга расказваць пра дзейнасць музеяў, створаных настаўнікам гісторыі, але, як кажуць, чым сто разоў пачуць, лепш адзін раз убачыць. Для гэтага варта або прыехаць у Мёры, або прайсці па спасылцы https://museum-ssch3.by/be.

“Уразіла працавітасць і ахвярнасць нашых педагогаў-музейшчыкаў. Арганізатары семінара далі магчымасць пераканацца ў гэтым, натхніцца і атрымаць эмацыянальны штуршок для далейшай стваральнай працы. З практычнага боку быў прадстаўлены багацейшы матэрыял для самаўдасканалення. Асабліва прыемна было паслухаць прафесійных музейшчыкаў. Дзякуй за магчымасць папоўніць свой метадычны партфель новымі напрацоўкамі”, — падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Белаазёрска Галіна Васільеўна Скарына.

Для нас, журналістаў, падобныя семінары таксама маюць важнае значэнне. Кожнае такое мерапрыемства — гэта некалькі новых тэм для будучых матэрыя­лаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.