Натхняльная магія хіміі: настаўніца Вольга Вінцкоўская — аб прафесіі, вучнях і любімым прадмеце

- 9:00Главная, Образование

Настаўніца хіміі гімназіі № 1 Ашмян Вольга Вінцкоўская аб прафесіі гаворыць з павагай, пра вучняў — з падзякай, а пра любімы прадмет — толькі з палаючымі вачыма. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У інтарэсах дзяцей

Гэта становіцца зразумела, як толькі пераступаеш парог кабінета хіміі. Кожны куток адразу дае зразумець, што ў хіміі педагог раствараецца без астатку. На сценах — арыгі­нальныя тэматычныя табліцы і схемы, на паліцах шаф — цікавая нагляднасць і зробленыя рукамі вучняў розных гадоў творчыя праекты, на вокнах — банеры з малекуламі, а на батарэях — са згадваннем галоўных хімічных прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Нават на падаконніках — “хімічныя” кветкі ў колбах.

— “Растуць” у нас тут хімічныя элементы, структураваныя па групах і класах, у асобных кашпо-падстаўках. Вось тут галагены, далей — халькагены і сямейства шчолачных металаў, — з усмешкай падчас экскурсіі па кабінеце адзначае Вольга Вінцкоўская.

Кіраўнік установы адукацыі Вольга Саванец у сваю чаргу ўдакладняе, што аўтарам кожнай ідэі ў афармленні тэматычнага школьнага кабінета была менавіта захопленая сваёй справай педагог.

— Усё гэта зроблена для дзяцей. Калі вучань разбіраецца ў прадмеце і добра арыентуецца ў тэмах, многія элементы нашага “хімічнага” дэкору працуюць па прынцыпе дазволенай падказкі. Заўсёды можна падглядзець, напрыклад, некаторыя разліковыя формулы, тыпы хімічных рэакцый, — дадае Вольга Вінцкоўская.

У бок педагогікі суразмоўніца некалі паглядзела па парадзе бацькоў. Аднак першачарговай была не столькі па­рада, колькі прыклад.

— Майму бацьку ўжо больш за сем­дзесят гадоў, але ён усё яшчэ спя­шаецца да сваіх вучняў на заняткі па ваенна-пат­рыятычным выхаванні ў невялікую Рагозніцкую сярэднюю школу Мастоўскага раёна. Амаль паўстагоддзя працуе там педагогам, — дзеліцца Вольга Мікалаеўна.

Гэтую ж школу ў свой час яна скончыла з залатым медалём і паступіла ў ГрДУ імя Янкі Купалы, здаўшы на выдатна ўсяго адзін экзамен. Зрэшты, у яе сямейнай гісторыі тата з’яўляецца не адзіным прыкладам адданасці педагогіцы. Настаўнікам фізікі ў гімназіі № 1 Ашмян разам з ёй працуе муж Сяргей Тадэвушавіч.

Сакрэты поспеху

На пытанне, як захапіць дзяцей вывучэннем хіміі, педагог адказвае без роздуму:

— Трэба самому гарэць прадметам так ярка, каб падчас першага ўрока дзеці адчулі гэтае святло. А інструментаў для шчырай вучнёўскай ціка­васці ў хіміі больш чым дастаткова дзякуючы доследам і не толькі.

Нярэдка на ўрок настаўніца прыходзіць з чорнай скрыняй, сакрэтны прадмет у якой звязаны з тэмай урока.

Напрыклад, калі размова пойдзе пра ваду, педагог задае інтрыгу наступнымі наваднымі фармулёўкамі: схаванае рэчыва не раз станавілася прычынай войнаў, а за адзін яго кілаграм (не літр, каб не здагадаліся адразу) у некаторых краінах можна заплаціць вялікія грошы… Калі ключавым элементам урока становіцца аксід крэмнію, то ў такой чорнай скрыні аказваецца прадмет, які ёсць у доме ў кожнага і з’яўляецца доб­рым паглынальнікам вільгаці. Гэта сілікагель, які сустракаецца ў кожнай каробцы з абуткам.

— З сямі- і васьмікласнікамі практыкую на ўроках і хімічныя гульні. Каляровай крэйдай у хаатычным парадку прапісваю на дошцы абазначэнні элементаў. І пачынаю пераліч­ваць іх назвы. У спаборніцкім тэмпе дзеці рэагуюць плясканнем, як толькі знаходзяць адпаведнае. Імкненне быць першым у такім выпадку становіцца дадатковай матывацыяй ведаць усе абазначэнні, — прыводзіць прыклады цікавых практык педагог.

А вось на пытанні карэс­пандэнта пра любімыя тэмы ўрокаў яна задумалася, а потым запэўніла, што на любую з прапанаваных можа пачаць “спяваць” без падрыхтоўкі.

Яна заўсёды зацікаўлена ў максімальных выніках сваіх вучняў і перад кантрольнай або самастойнай работай нярэдка праводзіць фізкультхвілінкі нават са старшакласнікамі.

— Прапаную дзецям розныя нейрапрактыкаванні, якія дапамагаюць актывізаваць работу мозга. Гучыць складана, але насамрэч спрыяе гэтаму нават элементарнае практыкаванне “Кулак — далонь”.

Праца на вынік

Працягваючы размову ў тэме дасягнення вучнямі максімальных вынікаў, нельга не адзначыць важны момант. У лабаранцкай прама над працоўным сталом педагога — фота выпускнікоў мінулых гадоў, якія з іспытамі па хіміі ў цэнтралізаванай форме справіліся на ўсе сто. Пра кожнага з іх настаўніца гаворыць толькі з прыстаўкай най-. Зрэшты, агульнагімназічную скарбонку дасягненняў яе навучэнцы папаўняюць штогод. Гэта і паспя­ховыя выступленні на рэс­публіканскай алімпіядзе па хіміі, і выніковы ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях.

— Якраз для канферэнцый разам распрацоўвалі хімічныя гульні. І з карысцю для ведаў па прадмеце мае вучні сёння могуць пагуляць у папулярнае “Уна”, дзе замест лічбаў — абазначэнні элементаў. Або даміно, дзе KNaSO4, напрыклад, трэба суаднесці з “сульфат натрыю-калію”, — гаво­рыць педагог.

Нават момант рэфлексіі на завяршальным этапе ўрока Вольга Вінцкоўская імкнецца пабудаваць у цікавай для дзяцей форме. Напрыклад, пры вывучэнні аксідаў прапануе працягнуць фразы, якія пачынаюцца з кожнай літары слова-тэмы:

О — очень мне понравилось…

К — кажется я…

С — сегодня узнал…

И — информация была…

Д — думаю, знания пригодятся мне в…

Творчы падыход

Асобная тэма для размовы — прадметныя тыдні хіміі і біялогіі. Сё­лета ўсім навучэнцам гімназіі ў рамках тэматычнага тыдня Вольга Вінцкоўская з маладой калегай Юліяй Дэрвіс прапанавалі адкрыць свой элемент у табліцы накшталт табліцы Мен­дзялеева з цікавай назвай “Гімназічная сістэма настаўнікаў і навучэнцаў В.У.Саванец (дырэктар)”. Прычым не проста адкрыць, але і атрымаць за гэта своеасаблівую “Нобелеўскую прэмію” — шакаладны медаль і адпаведны сертыфікат аб важным адкрыцці. Напрыклад, вучаніца Вольга магла адкрыць элемент вольгій з датай нараджэння на месцы адноснай атамнай масы.

— Такі гульнявы прыём — яшчэ адзін стымул вялікай цікавасці да прадмета для вучняў, у раскладзе якіх ужо ёсць хімія або яшчэ толькі будзе, — з усмешкай тлума­чыць педагог.

Творчы падыход да справы актыўна рэалізуе і ў іншых напрамках работы. Трэці год кіруе валанцёрскім атрадам “Данка” і разам з вучнямі свайго класа ўдзельнічае ў праекце з рабочай назвай “Бабулі і ўнукі”.

— Цесна супрацоўнічаем з наведвальнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) і рэгулярна аргані­зоў­ваем сумесныя сустрэчы. Гэта не проста гутаркі, — працягвае Вольга Вінцкоўская і, каб не быць галаслоў­най, заходзіць на старонку гімназіі ў адной з сацыяльных сетак.

Пра цікавае ўзаемадзеянне з людзь­мі старэйшага пакалення яркімі кад­рамі расказваюць фота з сумеснай спартландыі ў духу савецкай піянерыі. У мінулым годзе ў гімназіі нават арганізавалі турыстычны злёт, дзе наведвальнікі ТЦСАН дзяліліся з моладдзю сваімі ўспамінамі аб аналагічных мерапрыемствах. Даўно сталі традыцыйнымі і сумесныя шашачныя турніры, у якіх гімназістам заўсёды вельмі няпроста выйсці ў лідары ў спаборніцтве з вопытнымі сапернікамі тэрытарыяльнага цэнтра.

— У гэтым навучальным годзе нашы валанцёры да таго ж ахвотна майстравалі сваі­мі рукамі сувеніры для гасцей штогадовага тэатральнага фес­тывалю гімназіі. Хочацца, каб яны памяталі: установа адукацыі — не толькі месца, дзе трэба ўзяць максімальны багаж ведаў. Гэта месца, дзе можна і важна дарыць свой клопат і ўвагу людзям побач, — звяртае ўвагу педагог.

Яна ўпэўнена, што калектыў установы адукацыі не абмяжоўваецца навучэнцамі і педагогамі. І на першы вераснёвы ўрок заўсёды запрашае бацькоў вучняў свайго класа.

— Такія ўрокі ў фармаце дня адкрытых дзвярэй дапамагаюць данесці думку, што вучоба — сумесны вынік, а зацікаўленасць дзіцяці ў ведах павінна падмацоўвацца яшчэ і зацікаўленасцю бацькоў у яго выніках, — дадае Вольга Вінцкоўская.

Дакладнасць і паспяховасць

У мінулым годзе імя актыўнага і менавіта зацікаўленага ў рабоце на вынік педагога было занесена на раённую Дошку гонару. У 2023-м Вольга Вінцкоўская да таго ж стала пераможцай раённага і лаўрэатам абласнога этапаў рэс­публіканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Нас­таўнік года”.

— Рухаючыся наперад, ніколі не марыла аб высокіх ацэнках сваёй працы. Але гэта, зразумела, цешыць і акрыляе. І ўсё ж ні адзін з названых вынікаў не лічу сваім асабіста. На кожным этапе падрыхтоўкі да конкурсу адчувала і атрымлівала вялікую падтрымку калег і кіраўніцтва гімназіі. А кожны вучнёўскі поспех у значнай ступені складаецца з асабістай стараннасці дзіцяці, — падкрэслівае Вольга Вінцкоўская.

Пагаджаючыся з гэтымі словамі, дырэктар гімназіі № 1 Вольга Саванец усё ж адзначае, што права першай скрыпкі ў любым з гэтых прыкладаў заўсёды застаецца за педагогам і дадае:

— Пра нашу Вольгу Мікалаеўну можна сказаць формулай “адказнасць = дакладнасць і паспяховасць”. Уласна, у гэтым і ёсць галоўны сакрэт педагагічнага майстэрства.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара