Натхняць на перамогі

Грыцкавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа, што ў Нясвіжскім раёне, невялікі. Школьнікаў тут усяго толькі 72 чалавекі — па 6—8 вучняў у класах. Але ў апошні час гэтая ўстанова на слыху: менавіта яе навучэнцы становяцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў у галіне экалогіі, энергазберажэння, дзіцячых вынаходніцтваў ад абласнога да рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Хоць імёны пераможцаў на дыпломах мяняюцца, імя іх кіраўніка застаецца без змяненняў: амаль заўсёды ў дужках — А.С.Радаман. Сёння мы раскрываем гэтыя дужкі, каб расказаць пра схаваную за імі асобу Андрэя Станіслававіча.

Гэта той выпадак, калі педагог вызначыўся з прафесіяй яшчэ ў дзяцінстве, калі вучыўся ў сваёй роднай сноўскай школе. І гэтым удзячны сваёй настаўніцы біялогіі — Вользе Паўлаўне Хінейка.

— Яе ўрокі былі толькі маленькай часцінкай майго школьнага жыцця. Пасля іх мы з Вольгай Паўлаўнай хадзілі ў паходы, вучыліся назіраць за прыродай, вывучалі птушак, выконвалі практычныя заданні, прымалі ­ўдзел у алімпіядзе па біялогіі (тады яшчэ не было таго мноства конкурсаў, якое ёсць сёння), — успамінае Андрэй Станіслававіч.

Працягнуў хлопец захапленне навакольным светам ужо ў педагагічным класе, дзе паглыблена вывучаў хімію, біялогію і беларускую мову. Яшчэ школьнікам здаў экзамены ў БДПУ імя Максіма Танка і стаў студэнтам. Ні дня не пражыў без захаплення прыродай і пасля: у суседнія Грыцкевічы прыехаў па размеркаванні і працуе тут ужо дваццаты год — і настаўнікам біялогіі і хіміі, і класным кіраўніком. Гэты прынцып — не урокам адзіным жыве чалавек —  ён перанёс і ў сваё прафесійнае жыццё.

— Наша навукова-даследчая ­дзейнасць арганічна дапаўняе ўрок, а пазакласная да­следчая работа развівае дзіця больш камунікатыўна, разнявольвае, дае пачуццё свабоды. Галоўнае — знайсці тых, хто хоча гэтую пасляўрочную свабоду выкарыстоў­ваць з карысцю, — гаворыць Андрэй Станіслававіч. — У нас не вельмі вялікая школа, дзяцей мала, але дапамагае пераемнасць. Мая жонка — настаўніца пачатковых класаў — таксама рыхтуе вучняў да конкурсу “Я — даследчык”. І калі я бачу, што яе дзіця зацікаўлена з маленства, калі ў яго ўсё атрымліваецца, працягваю сам працаваць з ім. Хаця, здараецца, і ў сярэдніх класах дзеці становяцца даследчыкамі. Вось убачыў на апошняй школьнай алімпіядзе цудоўную работу Яўгена Цімашэнкі — цяпер ён у маёй камандзе. Трэба ж рыхтаваць змену выпускнікам.

А гэтая змена сапраўды добрая. Звычайна іх усяго 2—3 чалавекі, але толькі за два апошнія гады яны сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2018”, XXX ­Рэспубліканcкага кон­­курсу эколага-біялагічных работ ­(праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Штогод   яны — пераможцы Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, цяпер яшчэ сталі і фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Найвышэйшыя ўзнагароды яны прывезлі з XXVI адкрытай Маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял”,  Міжнароднага форуму INMAX’2018” і інш.

— З Сяргеем Малахвеем мы выпрабоўвалі біялагічныя сродкі барацьбы з капуснай бялянкай на аснове хвоі. З ім жа стварылі акумулятар на тарфяным попеле, а нядаўна яшчэ і акумулятар на аснове графену. Кожная з гэтых работ прынесла Сяргею перамогу на конкурсе даследчых работ у Расіі. ­Сяргей 3 разы перамагаў у Маскве. Першы раз гэта была перамога на конкурсе “Патэнцыял”, які право­дзіць Маскоўскі энергетычны ўніверсітэт. Летась яго акумулятар на тарфяным попеле прынёс яму дыплом лаўрэата. І за апошнюю сваю распрацоўку — акумулятар на аснове графену — у красавіку ён таксама атрымаў найвышэйшую ўзнагароду. Сяргей збіраецца пасту­паць у БДУіР на праграмаванне, таму яго работы звычайна ў сферы інжынерыі ці фізікі, але ўвогуле мы стараемся рабіць іх міждысцыплінарнымі, аб’ядноўваючы фізіку, хімію, біялогію і інш.

З Юляй Гапановіч мы таксама шмат перамог заваявалі. Адна з апошніх яе работ —  цяпліца з электраградкай і замкнутым кругаваротам вады. Электраградка працуе па прынцыпе генератара пастаяннага імпульснага току, дзе частату імпульсаў стварае зямля і паветра. Пры ўзаемадзеянні з вільготным паветрам адбываюцца імпульс­ныя электрычныя разрады, якія прыцягва­юць ваду з глыбінь зямлі, азаніруюць паветра і спрыя­юць росту раслін. А гэта, як даказалі нашы доследы, значна павышае ўраджайнасць, хаця часта паліваць цяпліцу дзякуючы канструкцыі нават не было неабходнасці. Наша эксперыментальныя цяпліца пабудавана. Хоць яна і маленькая — 3 м2, але ўра­джаю ўдалося атрымаць у 1,5 разу больш, чым у звычайнай. У фінале Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Юля атрымала спецпрыз за сваю распрацоўку — планшэт. Інавацыйнай цяпліцай ужо зацікавіліся спецыялісты Навукова-даследчага інстытута Жодзіна, якія плануюць будаўніцтва цяпліц у сябе.

Дачка А.С.Радамана Лізавета больш захоплена беларускай філалогіяй, прымае ­ўдзел у рэспубліканскіх алімпіядах, але пад татавым кіраўніцтвам спрабуе сябе і як даследчыца. Адна з яе даследчых работ перарасла ў праект і перамагла на Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”.

 — Самая вялікая ўзнагарода — вочы дзіцяці падчас аб’яўлення перамогі. Тады свая роля ў гэтым ужо ў залік не ідзе, хаця задавальненне ўласнай працай таксама ёсць. Акрамя таго, гэта і магчымасць зарэкамендаваць школу перад упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, якое аказвае нам добрую падтрымку. Напрыклад, летась школе падарылі электронны мікраскоп, якога ў нас у раёне пакуль больш ні ў кога няма: цяпер тое, што мы бачым праз акуляры, можна спраекта­ваць на манітор ці інтэрактыўную ­дошку, раздрукоўваць. Увогуле, у нашым кабінеце ёсць усё неабходнае, таму ў мяне няма ніводнай нагоды наракаць на слабую матэрыяльную забяспечанасць майго кабінета. Праўда, пакуль у нас няма лабараторыі, дзе можна праводзіць больш складаныя эксперыменты, — просімся папрацаваць у розныя арганізацыі, дзе ёсць такое абсталяванне. Нам ёсць да чаго імкнуцца, — гаворыць педагог.

Не менш важным Андрэй Станіслававіч лічыць развіццё ў дзяцей камунікатыўных здольнасцей. Гэта спачатку яны хвалююцца, баяцца журы, а потым смялеюць. Педагог упэўнены: уменне быць на вачах, трымацца на публіцы дапаможа яго выпускнікам не
баяцца любых камісій пры паступленні.

Але важна для настаўніка і тое, што дзеці вучацца працаваць на зямлі. Яны ўжо з дзяцінства ведаюць, якіх умоў патрабуе тая ці іншая агародная ці кветкавая культура, як даглядаць іх, каб не шкодзіць прыродзе. Пры школе ёсць вялікі ўчастак з агародам і фруктовым садам, дзе гаспадарыць Андрэй Станіслававіч разам з  навучэнцамі. У такой маштабнай прыроднай лабараторыі ёсць магчымасць не ўтаймоўваць ні свой, ні дзіцячы даследчы імпэт.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Аляксандра КАРАЛЬКОВА.