Натхняць уласным прыкладам

- 10:16Людзі адукацыі

Рабочы графік намесніка загадчыка ясляў-сада № 522 Мінска Настассі Хамраевай вельмі насычаны. Яна наведвае заняткі педагогаў, рыхтуе тэматычныя мерапрыемствы і семінары, якія праходзяць ва ўстанове. У кола галоўных яе задач уваходзіць узаемадзеянне з калегамі па пытаннях іх прафесійнага станаўлення і развіцця і падрыхтоўка педагогаў да прафесійных конкурсаў. Акрамя таго, Настасся Уладзіміраўна вядзе дакументацыю, ажыццяўляе кантроль за харчаваннем выхаванцаў, наведвае сем’і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. А яшчэ яна непараўнальная ў ролі казачных герояў на святочных ранішніках.

У дзіцячы сад Настасся Хамраева ўладкавалася, калі вучылася на 3 курсе БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Сурдапедагог. Дашкольная адукацыя”. Спачатку — на пасаду памочніка выхавальніка, але хутка прыступіла да абавязкаў выхавальніка. Амаль адразу зарэкамендавала сябе як педагог-наватар. Распрацаваўшы праект “Павышэнне ўзроўню ведаў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту ў галіне выяўленчага мастацтва праз выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій”, атрымала грант Мінгарвыканкама. У рамках праекта Настассяй быў створаны цыкл заняткаў па мастацтве, распрацаваны адпаведныя гульні. Намеснікам загадчыка Настасся Уладзіміраўна стала ў 2011 годзе, калі ёй было 25 гадоў.

“Кожны этап майго прафесійнага станаўлення меў свае адметнасці і станоўчыя бакі, — гаворыць Настасся. — Калі працавала выхавальнікам, атрымлівала столькі цеплыні і любові ад непасрэднай работы з дзецьмі! Сёння, калі я намеснік загадчыка, кантакт з выхаванцамі адбываецца праз прызму дзейнасці педагогаў нашай установы, праз вынікі іх работы. Паўплываць на якасць навучання і выхавання дашкольнікаў магу як метадыст, займаючыся пытаннямі прафесійнага самаўдасканальвання калег”.

У 2012 годзе Настасся выступіла ініцыятарам стварэння школы пачынаючага выхавальніка Першамайскага раёна Мінска — метадычнага аб’яднання для спецыялістаў, якія не маюць профільнай дашкольнай адукацыі, з мэтай павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці. У наступным годзе дзяўчына атрымала грант Мінгарвыканкама на рэалізацыю праекта “Коўчынг як эфектыўны сродак у рабоце школы пачынаючага выхавальніка па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагога”. Працягам гэтага вопыту стаў яшчэ адзін праект — “Цьютарскае суправаджэнне як эфектыўны сродак павышэння прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі”, які ў 2017 годзе быў удастоены прэміі Мінгарвыканкама ў намінацыі “Кіраванне ў сферы адукацыі”.

“Сутнасць цьютарскай работы ў тым, што педагогі, якія маюць першую і вышэйшую катэгорыю, павінны садзейнічаць павышэнню прафесійнага майстэрства калег, у якіх другая катэгорыя або ўвогуле яе няма, — гаворыць Настасся Уладзіміраўна. — Для кожнага педагога яны распрацоўваюць свой адукацыйны маршрут развіцця з улікам інтарэсаў іх падапечнага, зыходзячы з поспехаў і праблем, якія ўзнікаюць у яго пры рабоце з выхаванцамі і іх бацькамі. Калі, напрыклад, у пэўнага маладога спецыяліста добра ідзе тэма фарміравання элементарных матэматычных уяўленняў у дзіцяці — цьютар прапаноўвае яму матэрыял у гэтым кірунку. Калі ж, напрыклад, выхавальнік дрэнна валодае методыкай малявання, то цьютар запрашае яго да сябе на заняткі і дэманструе асаблівасці работы па гэтай методыцы. Пасля такіх майстар-класаў цьютар наведвае заняткі сваіх падапечных, каб ацаніць, наколькі засвоены матэрыял ці рэалізоўваюцца неабходныя навыкі на практыцы”.

У 2017 годзе Настасся Хамраева заняла другое месца ў інтэрнэт-праекце “Свет вачыма ІКТ: традыцыі, інавацыі, поспех” у намінацыі “Традыцыі, увасобленыя ў часе” і была ўдастоена дыплома ІІ ступені па выніках удзелу ў вэб-квесце “Пяць крокаў да метадычнай кампетэнтнасці”, арганізаваным Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Мая суразмоўніца была адзначана дыпломам ІІ ступені за перамогу ў гарадскім вочна-дыстанцыйным конкурсе “Адукацыйныя інтэрнэт-гарызонты” ў намінацыі “Лепшы тэматычны сайт”. Такім чынам быў адзначаны сайт школы пачынаючага выхавальніка (http://shkola.ddu522.minsk.edu.by), які быў створаны Настассяй для таго, каб педагогі, якія наведваюць заняткі ў школе маладых, маглі дадаткова знаёміцца з матэрыяламі, неабходнымі ім у рабоце з дзецьмі і з бацькамі.

“Задача кіраўніцтва нашай установы на чале з загадчыцай Людмілай Яўгенаўнай Янкоўскай — дапамагаць выхавальнікам у засваенні новых педагагічных тэхналогій і ў творчым іх прымяненні, ствараць умовы для самаразвіцця кожнага педагога, для яго самарэалізацыі, — гаворыць Настасся Уладзіміраўна. — Мы імкнёмся натхняць калег сваім прыкладам. Дасягненні калектыву ўспрымаем як заслугу кожнага, хто ў ім працуе”.

Зараз Настасся Уладзіміраўна працуе над тэмай электроннага навучання педагогаў з мэтай павышэння іх прафесійнай кампетэнтнасці. Работу ажыццяўляе ў дыстанцыйным асяроддзі Moodle, у якім педагогі сада атрымліваюць і рашаюць тэставыя заданні, распрацаваныя Настассяй. Спецыяльная праграма ацэньвае іх веды. Тэсты звязаны з тэматыкай задач, якія ўстанова рэалізоўвае на працягу года: з праектнай дзейнасцю і з пытаннямі бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў. Педагогі атрымліваюць ад Настассі дамашнія заданні. Напрыклад, стварыць інтэлект-карты для работы з дзецьмі, сфатаграфаваць іх і размясціць здымкі ў дыстанцыйным асяроддзі. Як куратар Настасся Уладзіміраўна ацэньвае работу калег. Калі ў іх з’яўляюцца пэўныя прафесійныя цяжкасці, яны паспяхова вырашаюцца ў сумеснай дзейнасці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.