Натхнёныя маладосцю і працай

“Маладосць. Праца. Рамантыка”. Не старэе гэтая фраза для тысяч студэнтаў, якія кожнае лета вырашаюць папрацаваць у студатрадах. Не слабее здаровая барацьба за першынство на працоўных аб’ектах. Не сціхаюць эмоцыі і на творчых пляцоўках, якія штовечар чакаюць імправізацыі і артыстызму ад байцоў. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў Усебеларускі злёт студатрадаў і адбылося ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр — 2018”. Героямі сталі больш за 400 байцоў, камандзіраў, камісараў і ветэранаў студатрадаўскага руху з усіх рэгіёнаў краіны.

— Праўду кажуць: не трэба быць важным, важна быць патрэбным. Я ўпэўнена, што кожны з вас адчуў гэтую патрэбнасць, — зазначыла, звяртаючыся да залы падчас узнагароджвання пераможцаў, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава. — Сёння вы, студэнты, працуеце на самых буйных будоўлях нашай краіны, працуеце на рэстаўрацыі найважнейшых культурных цэнтраў, у сельскагаспадарчым, прамысловым, педагагічным, медыцынскім кірунках. І ўсё гэта — знакавая і значная праца. Акрамя таго, незалежна ад сітуацыі шчырасць, гонар, адкрытасць, прынцыповасць, працавітасць, прафесіяналізм застануцца з вамі назаўсёды. Студатрадаўскі рух застаецца прыярытэтным кірункам маладзёжнай палітыкі Беларусі. Так, ёсць яшчэ шмат пытанняў, якія нам трэба будзе вырашаць: пытанні працаўладкавання, замацавання і многія іншыя. Але ўпэўнена, што разам з вамі, такімі мэтанакіраванымі людзьмі, мы справімся з любымі задачамі.

Як расказаў Алег Дзікун, другі сакратар ЦК БРСМ, за працоўны семестр 2018 года працавалі 1819 атрадаў, а ў іх — больш за 24 тысячы маладых людзей (больш за 2 тысячы студэнтаў працавалі індывідуальна). Былі арганізаваны будаўнічыя, педагагічныя, сэрвісныя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, вытворчыя і медыцынскія атрады. Моладзь працавала на рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, малочнатаварных ферм, школ і дзіцячых садкоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў, храмаў па ўсёй краіне, на аб’ектах сельскагаспадарчых арганізацый, зернесушыльных комплексах, у лесагадавальніках лесагаспадарчых устаноў, на добраўпарадкаванні гарадскіх аб’ектаў і ўстаноў адукацыі, у санаторыях і дзіцячых аздараўленчых летніках.


Сярод значных аб’ектаў 2018 года — рэканструкцыя стадыёна “Дынама” ў Мінску, будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, падрыхтоўка Магілёва да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і аграгарадка Александрыя да рэспубліканскага свята “Александрыя збірае сяброў”, рэканструкцыя аб’ектаў у Салігорску. Статус рэспубліканскіх маладзёжных будоўляў быў прысвоены будаўніцтву аўтавакзала ў Брэсце, інтэрната № 2 Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, рэканструкцыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы ў Гомелі і вучэбна-лабараторнага корпуса са спарткомплексам у Магілёве, будаўніцтву паліклінікі ў адным з мікрараёнаў Салігорска і інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы ў Мінску.

— Я думаю, кожнаму маладому чалавеку будзе прыемна, праз гады праязджаючы каля будынака, паказаць сваім дзецям, а потым і ўнукам, вынік менавіта сваёй працы, расказаць, як ён тут працаваў, — падзяліўся Алег Дзікун.

Пашыраецца і геаграфія працы студэнцкіх атрадаў. Напрыклад, у завершаным семестры студэнцкія атрады працавалі ў Расіі: ад Санкт-Пецярбурга — да Белаярскага раёна Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі Югра, у тым ліку ў Каломенскім раёне Маскоўскай вобласці, Сочы, Туапсэ і інш.

Так, Міхаіл Кавалеўскі, студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, другі раз ездзіў у складзе Віцебскай будаўнічай брыгады і выязнога атрада “Ярмак” у горад-пабрацім Белаярскі.

— Гэта невялікі горад з 10 тысячамі насельніцтва на поўначы Расіі ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Горад гэты больш за 3,5 тысячы кіламетраў ад нас, але, дзякуючы даўняму сяброўству студатрадаў нашых краін, у Белаярскім ёсць і Віцебская вуліца, і Мінская, і іншыя. Знаёмства з гэтым горадам стала для нас сапраўднай прыгодай. Там толькі два месяцы лета з неверагодна прыгожымі белымі начамі, а ўвесь астатні год — пад мінус 40. Існуе меркаванне, што на Поўначы жывуць жорсткія людзі. Але мы ўбачылі вельмі прыемную, ветлівую моладзь з Белаярскага, спазнавалі культуру, знаёміліся з бытам мясцовых жыхароў — хантаў. Расказвалі ім пра Беларусь, пра яе традыцыі, бо ў мясцовай моладзі больш стэрэатыпаў, чым ведаў пра яе. Але галоўная наша мэта — дапамагаць добраўпарадкоўваць горад-пабрацім. У будучыні я буду праграмістам, але будаўніцкі вопыт нікому не пашкодзіць. “Сапраўдны мужчына павінен любую справу выканаць самастойна, каб не залежаць ад сітуацыі”, — так гаворыць мой бацька, заўзяты дачны вынаходнік, якому я заўсёды стараюся дапамагаць рэалізоўваць яго задумкі.
Пераходны сцяг пераможцы ўжо не першы раз дастаўся будатраду “Эўрыка” з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэты атрад у мінулым годзе добраўпарадкаваў сталовую на Астравецкай атамнай электрастанцыі, будаваў бамбасховішчы, але ўсё ж не толькі гэта было мэтай для яго ўдзельнікаў:

— Я студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта, і маё студатрадаўскае жыццё — гэта вопыт, які мне абавязкова спатрэбіцца ў прафесіі. І гэта не толькі будаўнічыя навыкі, але і навыкі камунікацыі. Не застаюся ўбаку ад спорту і, як многія мае равеснікі, стараюся паспяваць усюды, — гаворыць Іван Саўчанкаў, камандзір “Эўрыкі”.

Узнагароды і прызы атрымалі будаўнічы атрад “Дойліды” імя П.І.Блахіна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, педагагічны атрад “Палымяныя сэрцы” імя А.С.Макаранкі Бярозаўскай раённай арганізацыі БРСМ, сельскагаспадарчы атрад імя Героя Савецкага Саюза М.Ц.Аўчыннікава Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, сэрвісны атрад імя Героя Савецкага Саюза А.С.Азончыка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, экалагічны атрад імя двойчы Героя Савецкага Саюза П.І.Батава Рэчыцкай раённай арганізацыі БРСМ. Пераможцам стаў і медыцынскі атрад “Медык” імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка Полацкай раённай арганізацыі БРСМ, вытворчага атрада імя Героя Савецкага Саюза М.П.Каралёва Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, выязнога педагагічнага атрада “Дзеці Нёмана” Гродзенскай вобласці, які працаваў за межамі Беларусі. У спецыяльнай намінацыі “За адданасць руху беларускіх студэнцкіх атрадаў” адзначаны студэнцкі педагагічны атрад “Ветразь” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Таксама былі ўзнагароджаны лепшыя камандзіры, камісары студэнцкіх атрадаў і штабоў працоўных спраў першасных арганізацый БРСМ устаноў адукацыі. Усім пераможцам упершыню быў уручаны ганаровы знак беларускіх студэнцкіх атрадаў, заснаваны Рэспубліканскім штабам студэнцкіх атрадаў БРСМ у 2018 годзе да святкавання 55-годдзя студатрадаўскага руху.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.