Натхнёныя сярэбраным векам

Каманда навучэнцаў і педагога сярэдняй школы № 38 Магілёва паспяхова паўдзельнічала ў Міжнародным конкурсе анлайн-чытальнікаў “Сярэбраны век у рускай паэзіі”, арганізаваным Каардынацыйным саветам расійскіх суайчыннікаў у Катары.

У конкурсе прынялі ўдзел 213 чытальнікаў рознага ўзросту з 29 краін: Расіі, Лівіі, Грэцыі, Алжыра, Катара, Сірыі, Турцыі, Кувейта, Марока, Егіпта і інш. Беларусь прадстаўляла каманда 38-й магілёўскай школы. Усіх 8 удзельнікаў падрыхтавала настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Віктараўна Кананкова. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Леанідаўна Койда з вершам Аляксандра Блока “Дзяўчына спявала ў царкоўным хоры”, па ацэнцы прафесійнага журы, заняла 2-е месца, а па выніках анлайн-галасавання — 1-е месца. 

Словазлучэнне “сярэбраны век” уздзей­нічае на кожнага філолага як выпрацаваны ўмоўны рэфлекс у сабакі Паўлава. Гэта ж такі пласт культуры, прыга­жосць, вытанчанасць, натхнёнасць! Думкі пра конкурс не пакідалі мяне цэлы тыдзень, і я зразумела, што трэба штосьці рабіць. У мяне ж  такія таленавітыя дзеці, і кожны — індывідуальнасць, а паэзія сярэбранага веку ўнікальная і непаўторная. І я стала падбіраць для сваіх дзевяцікласнікаў вершы згодна з індывідуальнымі магчымасцямі кожнага.

Напрыклад, іранічнаму і самакрытычнаму Мікіту, як нікому іншаму, падыдзе “Непаразуменне” Сашы Чорнага, пяшчотная і трапяткая Маргарыта добра раскажа цвятаеўскае “Да бабулі”, далікатная і задумлівая Хрысціна выдатна раскрыецца ў вершы “Кензелі” Ігара Севяраніна, дапытлівы шукальнік самога сябе Данііл цудоўна раскажа верш Канстанціна Бальмонта “Я мараю лавіў знікаючыя цені”… З маім выбарам згадзіліся ўсе ўдзельнікі.

На працягу некалькі тыдняў сямёра канкурсантаў прыходзілі ў кабінет рускай мовы і літаратуры расказваць вершы. Таксама дзевяцікласнікі глядзелі і слухалі ў  інтэрнэце, як чытаюць вершы вядомыя акцёры і выканаўцы, прыўносілі ў чытанне штосьці асабістае.

У час адной з рэпетыцый да мяне ў кабінет зайшла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Леанідаўна Койда, паслухала, як дзеці чытаюць вершы, і таксама загарэлася ідэяй прыняць удзел у конкурсе. Мая калега — цудоўны гісторык, і яе натхніў верш Аляксандра Блока “Дзяўчына пела ў царкоўным хоры”, прысвечаны трагічным падзеям руска-японскай вайны — Цусімскай бітве. “Гэта была такая трагедыя ў гісторыі Расіі, — гаварыла Алена Леанідаўна, — 21 карабель патоплены, 5045 чалавек загінулі!”

Работа ішла поўным ходам. Данііл Казлоў, захоплены ідэяй конкурсу, здымаў на камеру ўсіх удзельнікаў, падбіраў музыку і манціраваў відэаролікі. А Алена Леанідаўна прачытала верш “Дзяўчына спявала ў царкоўным хоры” пад “Рэквіем” Моцарта, захаваўшы рытміку мелодыі. Атрымалася адмысловая меладэкламацыя.

Урэшце ад арганізатараў конкурсу мне прыйшоў ліст з прапановай увайсці ў склад журы як прадстаўніку Беларусі. Я, вядома ж, пагадзілася.

Судзейства ў конкурсах, тым больш міжнародных, адказная і няпростая задача. Трэба было паглядзець і ацаніць 213 конкурсных відэаролікаў. Двое сутак я была паглыблена ў праслухоўванне паэзіі сярэбранага веку.

Удзельнікі, якія дэкламавалі вершы знакамітых паэтаў, закраналі самае сэрца, эмацыянальнае ўдзеянне было ашаламляльнае, і, каб не быць расціснутай шквалам эмоцый, на трэці дзень я папрасіла дапамогі ў калегі па кафедры рускай мовы Таццяны Мікалаеўны Вянглоўскай. Разам мы хутка вызначылі пераможцаў і накіравалі вынікі ад Беларусі арганізатарам конкурсу.

Мы не ведалі, ці прагаласуе за Беларусь прафесійнае журы краін-удзельніц, і таму вырашылі, што самы аптымальны варыянт дасягнення перамогі — набраць галасы ў анлайн-галасаванні (народным), а для гэтага трэба было, каб як мага большая колькасць людзей праслухала беларускіх удзельнікаў і прагаласавала за нас.

Самыя рэальныя галасы — гэта нашы школьнікі, і яны з задавальненнем рэгістраваліся на Facebook і аддавалі свае галасы землякам.

Самую вялікую колькасць галасоў набралі ролікі Алены Койда і Данііла Казлова. У сваёй узроставай групе Алена Леанідаўна стабільна была на 1-м месцы. А Данііл ва ўзроставай групе 14—17 гадоў з такой жа колькасцю галасоў займаў 3—4-ю пазіцыю, спаборнічаючы за 3-е месца з Андрэем з Іарданіі.

Мы звярталіся па дапамогу да родных, знаёмых, да ўсіх, да каго можна было звярнуцца, нават на Радыё-Магілёў званілі, каб дапамагчы магілёўскім удзельнікам са­браць галасы. Вялікі дзякуй Алене Сяргееўне Апідовіч, яна кінула заклік ва ўсе арганізацыі суайчыннікаў Беларусі, апублікавала на сайце Рассупрацоўніцтва артыкул “Галасуем за Беларусь!” з просьбай падтрымаць магілёўскіх канкурсантаў.

І вось народнае галасаванне нарэшце скончылася. Алена Леанідаўна Койда захавала безагаворачнае першынство ў сваёй узроставай групе. А Данііла Казлова на некалькі дзясяткаў галасоў усё ж абышоў ужо згаданы Андрэй з Іарданіі.

У мяне было дваякае пачуццё. За дзевяцікласнікаў было крыўдна: было прыкладзена вельмі многа намаганняў, але мы ўсё ж крыху не дацягнулі да прызавога месца ў народным галасаванні. А за калегу Алену Койда я адчувала гонар: ад прафесійнага журы яна атрымала 2-е месца, па выніках анлайн-галасавання — 1-е. Амаль абсалютная пераможца!

Трэба аддаць належнае Алене Леанідаўне: яе захапленне паэзіяй, працалюбства, упартасць, адказнасць прынеслі вынікі. Яна паказала прыклад дзевяцікласнікам, як трэба рыхтавацца да конкурсаў: калі хочаш дасягнуць вяршынь, павінна быць поўная самааддача і імкненне да перамогі. “Дрэнны той салдат, які не жадае стаць генералам”, — так гаворыць народная мудрасць.

Арганізатары конкурсу “Сярэбраны век у рускай паэзіі” даслалі ўсім удзель­нікам і пераможцу вельмі прыгожыя дыпломы, стылізаваныя пад сярэбраны век, і ў актавай зале нашай школы адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне дыпламантаў. Дзевяцікласнікі былі вельмі рады, яны разумелі, што ўдзельнічалі ў сур’ёзным конкурсе міжнароднага ўзроў­ню. Данііл Казлоў пры атрыманні дыплома мяне запытаў: “Алена Віктараўна, а калі будзе наступны конкурс? У мяне ёсць добры верш, і я ведаю, як буду яго чытаць”.

Алена КАНАНКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 38 Магілёва.