Нацбанк вызначыў задачы і стратэгію на год

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальны банк апублікаваў карту асноўных задач і стратэгічных ініцыятыў на 2018 год. Адпаведная інфармацыя размешчана на сайце рэгулятара.

Задачы першага ўзроўню вызначаюцца з улікам актуальных праблем эканамічнага развіцця Беларусі, маюць комплексны характар і адлюстроўваюць прыярытэты дзейнасці Нацыянальнага банка ў планавым перыядзе. Сярод задач гэтага ўзроўню: падтрыманне інфляцыі, якая вымяраецца індэксам спажывецкіх цэн, на ўзроўні не большым за 6%; павышэнне транспарэнтнасці дзейнасці Нацыянальнага банка і падтрыманне даверу палітыкі, якую ён праводзіць; забеспячэнне ўстойлівасці да знешніх шокаў; лібералізацыя валютнага рынку і дэдаларызацыя эканомікі; забеспячэнне надзейнага і бяспечнага функцыянавання банкаўскага сектара; забеспячэнне фінансавай стабільнасці, развіццё плацежнай сістэмы Беларусі.

Да другога ўзроўню аднесены такія задачы, як падтрыманне працэнтных ставак у эканоміцы на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні; аптымізацыя аб’ёмаў дырэктыўнага крэдытавання; рэгуляванне ліквіднасці банкаў, што забяспечвае дасягненне аперацыйнага арыенціра; скарачэнне даўгавой нагрузкі Нацыянальнага банка; зняцце валютных абмежаванняў; пераход ад дазвольнай да паведамляльнай сістэмы валютнага кантролю; удасканаленне метадаў ацэнкі ўзроўню рызык; павышэнне празрыстасці структуры ўласнасці банкаў і НКФА; развіццё інвестыцыйнага банкінгу; прымяненне сістэмы макрапрудэнцыяльных інструментаў; зніжэнне ступені пагроз ад кіберзлачынстваў у крэдытна-фінансавай сферы і шэраг іншых.

Рабочым дакументам бягучага перыяду, у якім прадстаўлена іерархія мэт і задач, з’яўляецца карта асноўных задач Нацыянальнага банка на 2018 год.

Нараўне з бягучай дзейнасцю структурных падраздзяленняў Нацыянальнага банка дасягненне яго асноўных мэт можа забяспечвацца рэалізацыяй стратэгічных ініцыятыў.

“Стратэгічная ініцыятыва разглядаецца як сукупнасць праграм, праектаў, мер і дзеянняў, накіраваных на дасягненне Нацыянальным банкам сваіх асноўных мэт на якасна больш высокім арганізацыйна-кіраўніцкім і тэхнічным узроўні. Адметнымі прыметамі стратэгічнай ініцыятывы з’яўляюцца яе навізна, сярэдне- і доўгатэрміновы характар рэалізацыі, маштабнасць і арганізацыйная складанасць. Яны прадугледжваюць неабходнасць кааперацыі службаў Нацыянальнага банка і пабочных арганізацый”, — расказалі ў Нацбанку.