Нацэлены на паўтарэнне поспехаў

Магілёўскія школьнікі значна зацікаўлены навукай і даследчай дзейнасцю. Менавіта такі вывад напрошваўся пасля наведвання фіналу абласной канферэнцыі даследчых работ па вучэбных прадметах, якая сабрала разам 140 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Па словах начальніка аддзела педагагічных інавацый МДАІРА Наталлі Афанасьевай, усяго рознымі этапамі конкурсу было ахоплена звыш пяцісот школьнікаў вобласці. А на фінал з’ехаліся лепшыя, пераможцы раённых, гарадскіх тураў.
— Нас вельмі радуе, што колькасць фіналістаў у гэтым годзе павялічылася. Гэта гаворыць аб тым, што павялічылася і колькасць годных праектаў. Дзякуючы ўдасканаленню работы на месцах, у раёнах, удалося сапраўды зацікавіць дзяцей, накіраваць іх на самастойны даследчы пошук, — адзначыла Наталля Рыгораўна.
Даследаванняў, якія заслугоўваюць увагі, на канферэнцыі сапраўды было шмат у кожнай з секцый. Напрыклад, вучаніца гімназіі гарадскога пасёлка Глуск Дар’я Шарко правяла біятэсціраванне і выявіла, як уздзейнічае на жывы арганізм выкарыстанне бытавых шампуняў.
— Біятэсціраванне мы разам з настаўніцай біялогіі Таццянай Уладзіміраўнай Сачанка праводзілі на рачках Дафнія, якія з’яўляюцца біялагічным індыкатарам. Прааналізаваўшы шампуні замежных, расійскіх і беларускіх марак, мы выявілі, што самыя бяспечныя — менавіта беларускія. У іх самы натуральны склад, таму і таксічнасць найменшая, — расказала дзяўчынка.
А вось аднакласніца Дар’і Вольга Ена ў суаўтарстве з вучнем 8 класа гімназіі Кірылам Сачанкам вызначылі, як колькасць мурашнікаў уплывае на экалагічны стан.
— Мы разбілі ўвесь Глускі раён на кварталы і вывучылі экалогію кожнага з іх. Як высветлілася, самая лепшая экалагічная сітуацыя там, дзе знойдзена шмат мурашнікаў. У большасці гэта мясціны, аддаленыя ад населеных пунктаў і прадпрыемстваў, — падзяліліся вынікамі даследавання навучэнцы.
Самай масавай па колькасці прадстаўленых праектаў была секцыя, якая аб’яднала прадметы “Гісторыя” і “Грамадазнаўства”. Школьнікі даследавалі традыцыі беларускага народа, нацыянальныя стравы беларусаў, падзеі, якія адбываліся ў іх населеных пунктах падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Адным з самых запамінальных на гэтай секцыі стала выступленне вучня 6 класа гімназіі № 2 Магілёва Альгерда Марзалюка. Хлопчык дэталёва расказаў пра рыцарскі даспех 1501 года, які быў знойдзены амаль два гады назад супрацоўнікамі кафедры археалогіі МДУ імя А.Куляшова і мінскімі дайверамі на рацэ Віхры пад Мсціславам. Прысутныя маглі на свае вочы пабачыць унікальны даспех, які захаваўся амаль поўнасцю.
— Шлемаў такога тыпу больш не захавалася, а падобныя панцыры, акрамя магілёўскага, ёсць яшчэ толькі ў двух музеях. Таму даспех мае вялікае значэнне для ваеннай гісторыі Беларусі, — адзначыў Альгерд.
Вучаніца сярэдняй школы № 34 Магілёва Вольга Глазкова задалася пытаннем наконт прадстаўлення вобраза Беларусі ў газетах розных краін свету. Дзяўчына вывучала газеты Кітая, Ізраіля, Украіны, ЗША, Польшчы, Германіі і шэрага іншых краін за сямігадовы перыяд.

— Я знаходзіла ў публікацыях маўленчыя маркеры і на іх аснове вызначала, як з цягам часу мяняюцца меркаванні замежных краін аб Беларусі. Цікава, што калі ў асобных краінах раней назіраліся нейтральныя або негатыўныя адносіны да нашай рэспублікі, то ў 2014 годзе, у сувязі з тым, што Мінск стаў цэнтрам міжнароднай палітыкі, выступленні замежных СМІ ў адрас Беларусі сталі больш цёплымі. Таксама я выявіла такую тэндэнцыю: калі СМІ якой-небудзь краіны станоўча прадстаўляюць Беларусь, то з гэтай дзяржавай у нас наладжаны сяброўскія адносіны, — паведаміла Вольга.
Характэрна, што многія даследаванні ўдзельнікаў канферэнцыі практыка-арыентаваныя. Так, работа вучаніцы сярэдняй школы № 19 Магілёва Лізаветы Якаўлевай пад назвай “Прыкмета Паскаля і яе выкарыстанне” заключаецца ў тым, каб аблегчыць рашэнне розных матэматычных задач, зрабіць навучанне матэматыцы простым нават для слабых вучняў. А Аляксандр Гарыст з сярэдняй школы № 5 Магілёва прапанаваў складаць аптымальныя турыстычныя маршруты пры дапамозе тэорыі графаў.
Увогуле, як адзначылі члены журы, усе канкурсанты прадэманстравалі трывалыя веды па выбраным прадмеце, добрую падрыхтоўку пры абароне сваіх праектаў. Самы ж высокі ўзровень арганізацыі даследчай дзейнасці паказалі навучэнцы ўстаноў адукацыі Магілёва, Бабруйска, Асіповіцкага, Горацкага раёнаў, абласных ліцэяў.
Што тычыцца пераможцаў, то ў секцыі “Замежныя мовы” лідарамі сталі вучаніцы гімназіі № 1 Бабруйска Валерыя Глазко і Ірына Бабкова, вучаніца гімназіі № 3 Бабруйска Яна Красніцкая, навучэнкі гімназіі № 3 Магілёва Марына Краткоўская і Шукуфа Сулейманава, навучэнка сярэдняй школы № 2 Мсціслава Лізавета Лазарава, вучаніца сярэдняй школы № 13 Магілёва Вольга Шубіна. Аўтарамі лепшых работ па гісторыі Беларусі і грамадазнаўстве сталі вучаніца гімназіі Кіраўска Лізавета Басацкая, навучэнец магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Дзяніс Захар’еў, вучань гімназіі № 2 Магілёва Альгерд Марзалюк, вучань сярэдняй школы № 3 Асіповіч Аляксей Анціховіч. Па біялогіі найбольш вызначыліся навучэнцы Каменіцкага ВПК Асіповіцкага раёна Вікторыя Петушок і Валерыя Сяргейчык, навучэнка сярэдняй школы № 3 Асіповіч Ксенія Агафонава, вучаніца Бельскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Ія Шпакова. Лепшымі даследчыкамі ў дакладнай навуцы фізіцы прызнаны вучні гімназіі гарадскога пасёлка Глуск Канстанцін Кастко і Аляксандр Мельнік, а ў астраноміі — навучэнцы Ліцэя БРУ Аляксандр Нікіфараў, Настасся Сіліна і Вікторыя Вышнякова. Сярод работ па хіміі на абласной канферэнцыі не было роўных вучням Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Дар’і Шыматковай і Юрыю Кісялёву. Дыплом І ступені па геаграфіі атрымалі навучэнкі Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Настасся Давыдзенка і Ульяна Калуцкіх. Лепшы праект па інфарматыцы распрацавалі вучні сярэдняй школы № 27 Бабруйска Мікіта Біткін і Мікаэл Егізаран. У секцыі “Руская мова” пераможцамі сталі вучаніцы гімназіі № 4 Магілёва Яўгенія Краснікава і Кацярына Апатава, а па прадмеце “Руская літаратура” — вучаніца гімназіі № 2 Бабруйска Марыя Хаецкая. Самую адметную работу па беларускай мове прадставілі навучэнцы гімназіі № 3 Магілёва Мацвей Зайцаў і Юлія Веліканава, а па беларускай літаратуры — вучаніца сярэдняй школы № 28 Бабруйска Дзіяна Ладонька.
Цяпер пераможцы, а таксама дыпламанты ІІІ і ІІ ступені будуць актыўна рыхтавацца да рэспубліканскага этапу конкурсу даследчых работ па вучэбных прадметах. Як паведаміла начальнік аддзела педагагічных інавацый МДАІРА Наталля Афанасьева, займацца з таленавітымі школьнікамі будуць спецыяльна створаныя творчыя групы лепшых педагогаў-прадметнікаў. Прадугледжаны і іншыя формы падрыхтоўчай работы. Але галоўнае, што самі юныя даследчыкі нацэлены выступіць на рэспубліцы таксама выдатна, як і дома.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.