Новым рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прызначаны Алег Віктаравіч Дзьячэнка. Да цяперашняга часу ён займаў пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Міністр адукацыі Андрэй Іванец павіншаваў А.В.Дзьячэнку з прызначэннем і нацэліў калектыў АПА на сур’ёзную работу.
— Сёння мы павінны гаварыць аб тым, што бесперапынная педагагічная адукацыя, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі педагогаў — гэта галоўная задача для АПА, — адзначыў А.І.Іванец. — Акрамя таго, з боку АПА неабходна поўная каардынацыя дзейнасці абласных інстытутаў развіцця адукацыі. Узнікае і шэраг спадарожных пытанняў, якія тычацца ўзаемадзеяння з НІА, практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы нашых настаўнікаў, навуковай і навукова-метадычнай работы.
Па словах міністра, з 1 верасня плануецца ўвод вучэбна-лабараторнага корпуса Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. На базе сярэдняй школы № 225 Мінска сёння арганізуецца вучэбны працэс для навучэнцаў тэхнапарка. Абмяркоўваецца пытанне аб стварэнні на базе гэтай жа навучальнай установы апорнай школы для АПА, дзе будуць дэманстравацца сучасныя распрацоўкі і ноу-хау ў адукацыі. Міністр заклікаў павялічыць актыўнасць, перш за ўсё прафесарска-выкладчыцкага складу АПА, у кірунку навуковай і навукова-метадычнай работы, прымаць удзел у конкурсах на прызначэнне грантаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі.
Алег Віктаравіч Дзьячэнка ў сваю чаргу заклікаў калектыў АПА да сумеснай стваральнай і творчай працы:
— Мы павінны дакладна ўсведамляць, што наша ўстанова адукацыі дзяржаўная. І наша задача — адлюстроўваць і абараняць дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы нашага народа, педагагічнай супольнасці, а таксама прапрацоўваць стратэгічныя напрамкі ўзаемадзеяння з іншымі ўстановамі адукацыі. Мы павінны акумуляваць і трансліраваць самы лепшы педагагічны вопыт. Хацелася б, каб кожны педагог, які прайшоў падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі ў нас, вярнуўся ў сваю ўстанову адукацыі з натхненнем і жаданнем прыехаць на курсы яшчэ раз. Каб расказаў сваім калегам, што ў АПА пануе выдатная атмасфера, працуюць цудоўныя выкладчыкі і метадысты, якія прапануюць лепшыя адукацыйныя праграмы.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.