Націк БАГІРАЎ: “У спорце важна змагацца да апошняга”

Каманда беларускіх дзюдаістаў уступіла ў барацьбу за медалі на XXVII Сусветнай летняй універсіядзе ў Казані. 7 ліпеня першы медаль у скарбонку дзюдаістаў прынесла Марына Слуцкая. У вагавай катэгорыі звыш 78 кг яна заваявала “бронзу”. У апошнім паядынку ў рамках турніру Марына аказалася мацнейшай за ўкраінку Настассю Сапсай. На першым месцы турнірнай табліцы ў гэтай катэгорыі Рашэль Нунес (Бразілія), на другім — Ідаліз Орціс Бакур (Куба).Прадстаўляць Беларусь у сталіцу Татарстана прыехалі 5 спартсменаў: Марына Слуцкая, Дар’я Скрыпнік, Аляксей Раманчык, Ваэ Тутхалян і Арыф Багіраў.

Націк Багіраў — шматразовы чэмпіён свету і Еўропы і старшы трэнер нацыянальнай зборнай па дзюдо адзначае, што прывёз у Казань спартсменаў, якія маюць перамогі на чэмпіянатах Еропы, чэмпіянатах свету сярод юніёраў, некаторыя з іх выступаюць і ў дзюдо, і ў самба. Аднак, на думку трэнера, самым неразумным было б адпачыванне на лаўрах. Прафесійны спорт патрабуе пастаяннай работы.
Ужо сёння ў барацьбу на ўніверсіядзе ўступяць дзюдаісты Дар’я Скрыпнік (52 кг), Аляксей Раманчык (73 кг) і Ваэ Тутхалян (66 кг). Арыф Багіраў (60 кг) выйдзе на татамі 10 ліпеня.

— Націк Надзіравіч, якія перспектывы? На каго са спартсменаў робіце стаўку?
— Я не магу вылучыць некага. Яны ўсе перспектыўныя. Хіба не, магу. Я ўсіх іх вылучаю і раблю стаўку на кожнага (усміхаецца). Усе нашы спартсмены могуць дабіцца выніку, вылажыцца і паказаць высокі ўзровень.

— Ужо ведаеце, хто яны, вашы асноўныя канкурэнты тут на ўніверсіядзе?
— У склад расійскай зборнай на ўніверсіядзе ўваходзіць алімпійскі чэмпіён Арсен Галсцян, які выступае ў вагавай катэгорыі 60 кг. Так атрымалася, што ён трапіў у пару з нашым Арыфам Багіравым (сын Націка Багірава. — Заўв. аўт.) Шчыра прызнаюся, я не спяшаюся гаварыць пра гэта Арыфу. Навошта? Даведаецца, калі прыйдзе час.
У нашым відзе спорту вельмі важная псіхалагічная вытрымка. І тут многае залежыць ад успрымання спартсмена. Хаця, на ўласным вопыце ведаю, як бы ты ні стараўся не думаць пра спаборніцтвы напярэдадні, гэта рэдка ў каго атрымліваецца. Здаецца, і расслабіўся зусім, забыўся пра ўсё, а потым ловіш сябе на думцы, што ўвесь напружаны, што ў гэты час увесь у думках там, на татамі. Так можна растраціць сілы. Перагарэць.

— Якія словы гаворыце сваім спартсменам перад паядынкам?
— Добры трэнер — гэта абавязкова тонкі псіхолаг. А таксама неблагі ўрач, масажыст і г.д. Канечне, я настройваю спартсменаў на барацьбу. Тут многае залежыць ад вытрымкі, умення змагацца да апошняга. У самба і дзюдо ўсё і даецца менавіта за кошт умення думаць падчас паядынку і пастаяннай працы да сёмага поту. Зразумела, што ёсць спартсмены больш ці менш адораныя ад прыроды, але жаданне і ўменне працаваць, на маю думку, іграе больш значную ролю.

— Прызнайцеся шчыра, хвалюецеся за сына крыху больш?
— Я хвалююся за кожнага з маіх спартсменаў. За сына крыху больш, магчыма, толькі перад спаборніцтвамі. Аднак падчас паядынкаў яны для мяне ўсе абсалютна роўныя. Працую з кожным максімальна выкладваючыся. Не ўмею па-іншаму. У свой час менавіта дзеля сына я вярнуўся ў спорт. Аднак ніхто не зможа папракнуць мяне ў тым, што я выходжу разам са спартсменам падчас выступлення чыста фармальна, што не адпрацоўваю ў поўную сілу. У гэты час для мяне няма чужых. Такі я чалавек.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.