Нацыянальная сістэма адукацыі ў параўнанні з іншымі краінамі

Аб’ёмы фінансавання сферы адукацыі Рэспублікі Беларусь сувымерныя з дзяржаўнымі выдаткамі на адукацыю ў большасці развітых дзяржаў і штогод павялічваюцца. Калі ў 2017 годзе з бюджэту краіны на адукацыю было накіравана 5176,5 млн рублёў, ці 4,73% ад унутранага валавога прадукту, то ў 2019 годзе гэтыя лічбы склалі ўжо 6421,5 млн рублёў і 4,86% адпаведна.

Па ўзроўні пісьменнасці дарослага насельніцтва і моладзі, па магчымасцях, якія прадастаўляюцца дзяржавай для атрымання адукацыі, па колькасці студэнтаў на 10 тысяч насельніцтва Беларусь знахо­дзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы і Амерыкі. Узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва складае 99,7%, ахоп базавай, агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй занятага насельніцтва — 98%.

Дзякуючы дасягненням у адукацыйнай сферы, краіна ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі сярод дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў і ўваходзіць у лік краін з высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу. Згодна з Дакладам ПРААН аб чалавечым развіцці — 2019, па паказчыках у сферы адукацыі Рэспубліка Беларусь знаходзіццаў групе 30 найбольш развітых краін свету.Па паказчыку “чаканая працягласць навучання”, які складае 15,4 года, Беларусь займае 27-е месца сярод 189 краін, па паказчыку  “сярэдняя працягласць навучання” (12,3 года) — 10-е месца. А па паказчыку “доступ да базавых ведаў” у індэксе сацыяльнага прагрэсу за 2018 год — 13-емесца сярод 146 краін свету.

У 2018 годзе Беларусь упершыню прыняла ўдзел у міжнародным даследаванні PISA. Сярод 79 краін, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, наша краіна заняла месца ў першай палове агульнасусветнага рэйтынга. У тым ліку: па чытацкай пісьменнасці — 36-е месца, па матэматычнай — 38-е, па прыродазнаўчанавуковай — 37-е месца. Прынята рашэнне аб удзеле Рэспублікі Беларусь у даследаванні PISA ў 2021 годзе.

У 2019 годзе ў міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах удзельнічалі 65 вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З іх 46 (71%) былі ўзнагаро­джаны медалямі (6 залатых медалёў, 15 сярэбраных, 25 бронзавых).

Павялічыўся кантынгент замежных грамадзян, якія атрымліваюць адукацыю ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі. У цяперашні час ён складае 7,3% ад агульнай колькасці навучэнцаў Беларусі і сувымерны з такім жа паказчыкам вядучых краін свету.

Працяг будзе.