Нацыянальны адукацыйны партал пачне працаваць з 15 жніўня

- 11:32Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

Літаральна праз некалькі дзён прафесійнай супольнасці і шырокай грамадскасці па адрасе www.adu.by стане даступны нацыянальны адукацыйны партал — сучасны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які распрацаваны для комплекснай (інфармацыйнай, навукова- і вучэбна-метадычнай, кансультацыйнай) падтрымкі педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Аб задумцы стварэння гэтага партала і яго магчымасцях нашаму карэспандэнту расказвае начальнік адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Ірына Леанідаўна ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА.

“Ідэя стварэння нацыянальнага адукацыйнага партала лунала ў паветры некалькі апошніх гадоў. Усе разумелі, што тыя ці іншыя адукацыйныя рэсурсы, якія цікавыя і запатрабаваны ўсімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, павінны быць кансалідаваны. Аднак як гэта зрабіць, на якой платформе, як забяспечыць доступ да іх? Наконт гэтых пытанняў вяліся спрэчкі, — гаворыць Ірына Леанідаўна. — Непасрэдным жа ініцыятарам стварэння нацыянальнага партала з’яўляецца міністр адукацыі нашай краіны С.А.Маскевіч. У Нацыянальным інстытуце адукацыі было створана ўпраўленне арганізацыйнага суправаджэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг, у склад якога ўвайшлі спецыялісты як з педагагічнай адукацыяй, так і з тэхнічнай. Гэтае ўпраўленне ў супрацоўніцтве з усімі cпецыялістамі НІА і займалася стварэннем гэтага рэсурсу.

Нацыянальны адукацыйны партал быў распрацаваны з мэтай прадаставіць педагогам, навучэнцам і іх законным прадстаўнікам роўны доступ да якасных адукацыйных паслуг і стварыць умовы для камунікацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Мяркуецца, што гэты рэсурс дазволіць рэалізаваць шэраг прынцыпова новых падыходаў да развіцця і забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Упершыню з’явіцца адзінае акно доступу да нацыянальных адукацыйных рэсурсаў, банк якіх пастаянна будзе абнаўляцца. Узаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў якаснай адукацыі, будзе ажыццяўляцца ў рэжыме анлайн: арганізаваны кансультацыі вядучых спецыялістаў рэспублікі па розных пытаннях навучання і выхавання, форумы, алімпіяды, інтэрнэт-конкурсы, турніры і г.д. Вельмі важна, што педагогі, навучэнцы, бацькі, прадстаўнікі грамадскасці атрымаюць рэальную магчымасць быць не толькі спажыўцамі, але і стваральнікамі сучаснай адукацыйнай прасторы”.
Усе інфармацыйныя рэсурсы партала змястоўна і структурна ўзаемазвязаны. Па-першае, гэта тэкставыя, фота-, прэзентацыйныя і відэаматэрыялы, якія ўключаюць афіцыйную інфармацыю аб партале, навіны адукацыі — рэгіянальныя, нацыянальныя, сусветныя (прычым плануецца, што навіны будзе прадстаўляць не толькі рэдакцыя партала, але і рэгіёны рэспублікі), персаналіі (вядучыя вучоныя, метадысты, педагогі, анатацыі напрамкаў іх навукова-педагагічнай, выкладчыцкай дзейнасці), вучэбна-метадычныя матэрыялы (зборнікі задач, тэстаў, метадычныя дапаможнікі), сістэматызаваныя па тэматычных блоках. Варта згадаць і пра інструктыўна-метадычныя матэрыялы для шырокага кола спецыялістаў сістэмы адукацыі, інфармацыю пра міжнароднае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. Па-другое, на партале прадстаўлены спасылкі на навуковыя выданні па тэматычных блоках, анатаваныя спасылкі на карысныя сайты (базы даных, электронныя бібліятэкі, выставы, архівы), выхад у электронныя бібліятэкі (электронныя каталогі, пошук па тэматычных напрамках і аўтарах неабходных публікацый). Па-трэцяе, праграмныя сродкі забеспячэння і кіравання адукацыйным працэсам, у тым ліку інструменты для анкетавання, спасылкі на гатовыя сродкі для распрацоўкі аўтарскіх камп’ютарных курсаў і інш. Акрамя таго, партал уключае інтэрактыўныя сэрвісы (форумы, інтэрнэт-гасцёўні, вэб-кансультацыі; канферэнцыі, семінары, вэбінары, праекты і конкурсы рознага ўзроўню), а таксама рэсурсы дыстанцыйнага навучання і ўзаемадзеяння. Дарэчы, раздзел “Дыстанцыйнае навучанне” ўжо з другой паловы жніўня прапануе настаўнікам шэраг цікавых адукацыйных праектаў.
“Дзякуючы парталу, істотна пашыраецца спектр магчымасцей і ў сферы задавальнення адукацыйных запытаў, і ў аспекце вырашэння прафесійных задач, — адзначае І.Л.Шаўлякова-Барзенка. — Педагогі атрымаюць магчымасць выкарыстоўваць адукацыйныя рэсурсы партала для павышэння якасці адукацыі, самаразвіцця і самаадукацыі; удзельнічаць у абмене вопытам, абмеркаванні актуальных пытанняў, звязаных з сучаснымі методыкамі навучання і выхавання, інавацыйнымі адукацыйнымі тэхналогіямі, ацэнкай адукацыйных дасягненняў навучэнцаў і г.д. Педагогі могуць наўпрост прадастаўляць на нацыянальным узроўні свой вопыт, выступаць з ініцыятывамі”.

Для навучэнцаў нацыянальны адукацыйны партал пашырае магчымасці свабоднага доступу да адукацыйнай інфармацыі (дакладна выверанай), розных вучэбных матэрыялаў, электронных сродкаў навучання. Вучні запрашаюцца да дыстанцыйнага ўдзелу ў мерапрыемствах рознага ўзроўню (рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядах, конкурсах, праектах і г.д.). Яны змогуць атрымліваць у аператыўным фармаце кансультацыі спецыялістаў — педагогаў, псіхолагаў, сацыяльных педагогаў — па пытаннях, звязаных як з адукацыйным працэсам, так і з асобасным і прафесійным самавызначэннем. Для навучэнцаў таксама пашырыцца спектр дадатковых адукацыйных паслуг. Стваральнікі партала спадзяюцца, што з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій новы імпульс атрымае арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці. Мяркуецца, што самі навучэнцы падкажуць, што яшчэ яны хочуць бачыць у яго раздзелах.
Бацькі і законныя прадстаўнікі навучэнцаў таксама не застануцца без увагі. Яны змогуць атрымліваць разнастайную інфармацыю, уключаючы звесткі аб установах адукацыі, асаблівасцях псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, аб адпачынку і аздараўленні, арганізацыі вольнага часу і г.д., анлайн-кансультацыі па пытаннях, звязаных з навучаннем і выхаваннем дзяцей.
Стварэнне нацыянальнага адукацыйнага партала адкрывае дадатковыя магчымасці і для ўстаноў адукацыі, якія, па сутнасці, атрымліваюць сучасныя інструменты для ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу, магчымасць удзельнічаць у распрацоўцы вучэбна-метадычнага забеспячэння, а таксама статус паўнапраўнага ўдзельніка і ініцыятара дыскусій, накіраваных на развіццё нацыянальнай адукацыйнай прасторы.
Дзякуючы парталу, кожная ўстанова дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі можа прадставіць сваю дзейнасць з той паўнатой і ў тым фармаце, якія дазволілі б скласці комплекснае і дэталізаванае ўяўленне аб яе традыцыях, дасягненнях, а таксама дынаміцы і перспектывах развіцця.
“Такім чынам, прынцыповыя адрозненні новага партала ад ужо звыклых сайтаў адукацыйнай скіраванасці ў тым, што, па-першае, значна пашыраюцца магчымасці і ўзрастае дынаміка прафесійнага ўзаемадзеяння педагогаў; па-другое, рэалізуецца новы падыход да дыстанцыйнага навучання (актуальны зместу навучання, фарміруецца самімі спажыўцамі адукацыйных паслуг, прапануюцца сучасныя формы ўзаемадзеяння, што засведчылі сваю эфектыўнасць у інфармацыйна-адукацыйнай прасторы іншых краін). Але, напэўна, самае важнае тое, што і педагогі, і навучэнцы, і бацькі атрымліваюць магчымасць стаць сапраўднымі стваральнікамі адукацыйнай прасторы (не выяўляць праблемы, а прапаноўваць магчымыя шляхі і спосабы іх вырашэння).
Думаецца, што нацыянальны адукацыйны партал стане эфектыўным інструментам фарміравання іміджу дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі”, — падкрэслівае Ірына Леанідаўна.

 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.