Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — адна з найбольш перадавых форм падтрымкі таленавітай моладзі

- 9:55Актуально, Апошнія запісы

Дзяржава будзе прадаўжаць падтрымліваць усе формы развіцця і навучання таленавітай моладзі. Пра гэта сказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час наведвання Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

“Дзяржава будзе пра­даўжаць падтрымлі­ваць усе формы развіцця і навучання таленавітай моладзі. І Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта адна з найбольш перадавых форм, — сказаў Раман Галоўчанка. — Памер сродкаў на падрыхтоўку ў тэхнапарку перавышае сумы, якія выдзяляюцца на навучанне ў стандартных установах агульнай сярэдняй адукацыі. Але гэта своеасаблівыя інвестыцыі. Пажадана, каб яны акупляліся і вярталіся ў выглядзе будучага ўкладу ў развіццё тэхналагічнай незалежнасці краіны. Цяпер гэтае пытанне становіцца адным з найбольш прыярытэтных”.

Паводле слоў прэм’ер-мі­ністра, для тэхналагічнага раз­віцця дзяржавы вельмі важна, каб падрастала пакаленне, якое хоча рабіць вынаходствы і шукаць новыя рашэнні.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк створаны 1 студзеня 2021 года. Яго работа скіравана на выяў­ленне і развіццё ў навучэнцаў здольнасцей да навукова­даследчай і вынаходніцкай дзейнасці. Навучанне ва ўстанове праводзіцца па трох напрамках: “Зялёная хімія”, “Робататэхніка” і “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”. Рэалізуюцца яны на базе БДУ, БНТУ і БДУІР адпаведна.

На працягу 2021 года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку запланаваны дзевяць змен (працягласцю 24 дні кожная). У час кожнай змены навучанне па праграме дадатковай адукацыі таленавітых дзяцей і моладзі праходзяць 30 навучэнцаў 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны ў складзе трох груп колькасцю да 10 чалавек кожная.

Вучэбныя праграмы па напрамках навуковых даследаванняў, навукова­тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці складзены так, каб навучэнцы маглі авалодаць комплексам ведаў па рэалізацыі даследчага праекта, набыць навыкі збору і апрацоўкі фактычнага матэрыялу для даследавання.

“Важна не столькі выхаваць такіх дзяцей, колькі іх утры­маць і зрабіць так, каб яны рэалізоўвалі свае здольнасці на ка­рысць краіны. Работа з таленавітай моладдзю — гэта складаны і шматступеньчаты працэс. Тут многае залежыць ад выкладчыка і індывідуальнага падыходу, бо ўсе мы розныя. У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку сфарміравана цэлая сістэма пошуку і адбору такіх дзяцей, вядома, у рамках кароткага тэрміну, пакуль адбываецца навучанне. Аднак гэта дае магчымасць надаць новы імпульс дзейнасці, для таго каб дзеці рухаліся па правільнай траекторыі. Каб яны выраслі не проста цікаўнымі людзьмі, але і патрыятычна настроенымі і гатовымі вырашаць задачы на карысць краіны”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

Будаўніцтва будынка Нацыя­нальнага дзіцячага тэхнапарка плануецца завяршыць да восені 2022 года, адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

“Першы аб’ект — школа — будзе ўведзены восенню гэтага года. Мы плануем, зыходзячы з графіка работ, увесь комплекс будынкаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка скончыць да восені 2022 года. Яго тэрміны здачы па ўзгадненні з кіраўніцтвам краіны былі скарэкціраваны і адсунуты, паколькі ў працэсе будаўніцтва ўзніклі некаторыя пытанні, якія ўскладнілі распрацоўку праектнай дакументацыі на гэтыя аб’екты, — сказаў Раман Галоўчанка. — Зараз тэхнапарк працуе на базе трох пляцовак. Гэта дае добрую магчымасць да запуску асноўнага комплексу абкатаць вучэбныя праграмы, паглядзець, як вучні на іх рэагуюць, дзесьці ўнесці карэктывы. Выкладчыкі і ўвесь персанал тэхнапарка вучацца разам з дзецьмі. Гэты часавы лаг будзе выкарыстаны для таго, каб у новы тэхнапарк увайсці не з чыстага ліста, а поўнамаштабна запусціцца з моманту яго адкрыцця”.

У тэхнапарку прадугледжаны тры асноўныя будынкі — вучэбна-лабараторны корпус, інтэрнат і школа. “Школа будзе выкарыстоўвацца для патрэб не толькі тэхнапарка, але і таго мікрараёна, дзе будзе знаходзіцца, — адзначыў кіраўнік урада. — Фінансаванне будаўніцтва комплексу тэхнапарка ажыццяўляецца на долевай аснове: адна палова — за кошт рэспубліканскага бюджэту, другая — за кошт інавацыйнага фонду Мінска”.

Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што асаблівую важнасць мае той факт, што тэхнапарк скіраваны на падрыхтоўку спецыялістаў прыродазнаўчанавуковага профілю, інфармацыйных тэхналогій, робататэхнікі. Гэта тыя напрамкі, у якіх у краіне вельмі зацікаўлены і па якіх неабходна гарантаваць тэхналагічную бяспеку.

“Я ўпэўнены, што УВА бу­дуць усяляк зацікаўлены ў тым, каб прыцягнуць у шэрагі сваіх студэнтаў выпускнікоў тэхнапарка. Для іх, магчыма, будзе ўстаноўлены нейкі прэферэнцыйны рэжым пры паступленні, але гэтае пытанне будзе вырашаць Міністэрства адукацыі на больш позняй стадыі. Зараз адукацыйнае асяроддзе даволі адкрытае, маладыя лю­дзі могуць самі выбіраць, дзе ім вучыцца. Задача дзяржавы — стварыць усе ўмовы, каб яны не толькі навучаліся ў Беларусі, але і пасля заканчэння навучальных устаноў заставаліся і працавалі тут, умацоўваючы тэхналагічную незалежнасць краіны”, — дадаў Раман Галоўчанка.

(Па матэрыялах БелТА.)
Фота Андрэя Пакумейкі, БелТА.