Нацыянальны фінал WRO-2015: беларускія робаты паедуць у Катар

Больш за 30 каманд-фіналістаў прынялі ўдзел у нацыянальным этапе Сусветнай алімпіяды робатаў (World Robot Olimpiad-2015), які прайшоў днямі на базе . У Беларусі падобны творчы марафон праводзіцца ўжо другі раз. Упершыню пераможцы нацыянальнага адбору прынялі ўдзел у WRO ў мінулым годзе, дзе паказалі нядрэнны вынік. Нагадаем нашым чытачам, што тады алімпіяда праходзіла ў Сочы. Сёлета пераможцаў чакае сталіца Катара Доха.

Разлічваць толькі на сябе

World Robot Olimpiad — традыцыйны фестываль, які збірае самых таленавітых і адораных у галіне робататэхнікі дзяцей з усяго свету, сёлета будзе праводзіцца ўжо 12-ты раз. Па традыцыі кожны год новая краіна атрымлівае права прымаць у сябе гэтыя міжнародныя спаборніцтвы. У 2015 годзе юныя вынаходнікі змогуць прыняць удзел як у асноўнай, так і творчай катэгорыі.
Правілы асноўнай катэгорыі патрабуюць, каб удзельнікі збіралі робатаў непасрэдна ў дзень спаборніцтваў. Пасля спецыяльнага сігналу, які абвесціць пачатак творчага марафону, трэнеры павінны выйсці з зоны спаборніцтваў і не наведваць яе да завяршэння алімпіяды. Дзеці збіраюць і праграмуюць робатаў поўнасцю самастойна. Цікава, што, згодна з правіламі, з камп’ютараў сціраецца ўся інфармацыя, якая магла б ім дапамагчы: схемы зборкі, праграмы кіравання робатам і іншая інфармацыя.
Вынікі кожнага раўнда фіксуюцца членамі журы, пасля чаго канкурсанты маюць крыху часу для ўнясення карэктываў. Падобным чынам праходзяць другі і трэці раўнды спаборніцтваў. Па выніках усіх раўндаў журы выбірае пераможцаў.
На шчасце, правілы творчай катэгорыі крыху прасцейшыя. Для ўдзелу ў спаборніцтвах прывозіцца гатовы робат, задача канкурсанта — правесці яго прэзентацыю і прадэманстраваць усе магчымасці мадэлі. Пасля гэтага і сам робат, і праграма аддаюцца для даследавання членам журы. Пераможца выбіраецца зыходзячы з такіх паказчыкаў, як складанасць канструкцыі і праграмы, актуальнасць тэматыкі, адпаведнасць заяўленай тэме і агульны знешні выгляд робата.

Калі ў футбол гуляюць машыны

Натуральна, што жаданне дайсці да сусветнага фіналу было, бадай, у кожнага ўдзельніка беларускай алімпіяды робатаў. Як кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. А таму ўсе ўдзельнікі ад 10 да 18 гадоў імкнуліся максімальна выгадна прадставіць свайго робата.
“У кожнай узроставай катэгорыі была свая задача, — расказвае загадчык лабараторыі робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Генадзьевіч Кулакоў. — Малодшыя школьнікі мераліся сіламі ў спаборніцтве “Лоўля жэмчугу” (у ролі “жэмчугу” выступалі тэнісныя шарыкі). У сярэдняй узроставай групе заданне называлася “Пошук скарбу”. Робаты знаходзілі і збіралі на спецыяльна падрыхтаваным полі кубікі розных колераў. У задачу таксама ўваходзіла іх загрузка на спецыяльную платформу ўнутры робата і дастаўка на базу.
Старэйшыя школьнікі прымалі ўдзел у такім заданні, як “Узыходжанне ў горы”. Творчая катэгорыя аб’яднала ў сабе дзве тэмы: “Праекты WeDo” і “Робаты-даследчыкі”. Акрамя таго, госці фіналу і іншыя канкурсанты маглі ўбачыць такія займальныя спаборніцтвы, як “Боўлінг робатаў” і “Футбол робатаў”, у якіх спаборнічалі студэнты. Калі ў першым выпадку робат знаходзіў на полі мяч для боўлінга, браў яго і імкнуўся трапіць у выстаўленыя кеглі, то ў другім — каманда рыхтавала двух аўтаномных робатаў: нападаючага і галкіпера, якія змагаліся з робатамі праціўніка, выкарыстоўваючы спецыяльны мяч з інфрачырвоным выпраменьваннем”.
Як адзначылі арганізатары форуму (а РЦІТТ арганізоўваў нацыянальны фінал разам з ААТ “Школа робататэхнікі”), асноўны кантынгент удзельнікаў сёлета зноў склалі мінскія школьнікі, паколькі менавіта ў сталіцы гэты кірунак атрымаў найбольш шырокае развіццё. Сёння тут дзейнічаюць 15 цэнтраў па навучанні робататэхніцы. Разам з тым у найбліжэйшым будучым чакаецца пашырэнне геаграфіі конкурсу — падобныя аб’яднанні адкрыліся ва ўсіх абласных цэнтрах тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі.
“Мы ўжо прадстаўлялі Беларусь на міжнародным узроўні, — працягвае Сяргей Генадзьевіч, — і не толькі на WRO-2014. Напрыклад, удзельнічалі ў “Робафэсце”, дзе колькасць удзельнікаў дасягае трох тысяч, а гэта амаль 800 каманд. Прывезлі 2-е і 3-е месцы, што вельмі нядрэнна для пачаткоўцаў.
Таксама паспяховым для нас аказаўся неафіцыйны чэмпіянат Еўропы па робататэхніцы, які праходзіў у Аўстрыі. Там мы занялі 5-е месца. Усяго паміж сабой спаборнічалі 50 краін.
Трэба сказаць, што ўзровень нашых канкурсантаў на міжнароднай арэне дастаткова высокі, але, на жаль, мы не маем такой тэхнічнай забяспечанасці, як удзельнікі з іншых краін. Якасць тэхнікі ў гэтым выпадку адыгрывае ледзь не вырашальную ролю. Ёсць стандартныя наборы для стварэння робатаў, а ёсць спецыяльныя камплекты для спаборніцтваў. Апошнія мы пакуль што не можам сабе дазволіць. Калі гаварыць пра падтрымку бацькоў, то не кожная сям’я можа дазволіць сабе вылажыць каля тысячы долараў за датчык высокай якасці. Таму знаходзімся ў пошуку спонсараў. Такая практыка сёння амаль ва ўсім свеце, асабліва папулярная яна ў Расіі”.
Андрэй Тушынскі прывёз свайго робата на фінальныя спаборніцтвы разам з сябрамі і суаўтарамі — Ільёй Лісіцай і Віталіем Ганам. Хлопцы прыклалі нямала намаганняў, каб запраграмаваць яго на збіранне камянёў і чыстку снегу.
“Для нас гэта не гульня, — падкрэслівае канкурсант. — Думаецца, потым многія цікавыя ідэі можна будзе перанесці на прамысловыя маштабы”.
І Андрэй, і яго сябры не так даўно пачалі займацца ў аб’яднанні па інтарэсах “Робататэхніка”, якое знаходзіцца ў іх навучальнай установе — сярэдняй школе № 98 Мінска. Кіруе аб’яднаннем Алена Пятроўна Кулакова. Педагог адзначае, што сёння да яе на заняткі прыходзяць дзеці і маладыя людзі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў: “Мы пачаткоўцы ў робататэхніцы, але, тым не менш, прымаем удзел у спаборніцтвах адразу з некалькімі праектамі, сярод якіх снегаўборачная і пажарная машыны. Нас вельмі падтрымліваюць бацькі. Яны адзначаюць, што дзеці перасталі бяздумна траціць час за камп’ютарам. Для стварэння праектаў трэба вывучыць нямала літаратуры, а таму ўдзельнікі нашага аб’яднання сёння актыўна наведваюць бібліятэкі. Лічу, што ў робататэхнікі вялікая будучыня ў Беларусі”.

Новыя распрацоўкі для работы на Марсе

Вольга Пузанава разам з камандай прадстаўляла ДТСААФ Ленінскага раёна сталіцы. Іх полем дзейнасці стала творчая катэгорыя, у прыватнасці “Робаты-даследчыкі”.
“Мы прывезлі на нацыянальны фінал WRO-2015 робата-павука, які мае шэраг пераваг у параўнанні з іншымі рэалізаванымі праектамі, — расказвае Вольга. — У робата шэсць лап, хаця для руху і балансіроўкі яму дастаткова трох. Іншымі трыма лапамі ён можа даследаваць тэрыторыю, а таксама задзейнічаць іх у пераадоленні перашкод ці падніманні па лесвіцы. Акрамя таго, гэтая мадэль мае перспектыўнае развіццё. Яе можна дапоўніць вэб-камерай і вакуумнымі прысоскамі, што дазволіць робату рухацца па вертыкальных паверхнях. Гэта механізм, які можа “хадзіць па балотах” і іншых месцах са складаным рэльефам, думаецца, яго можна з поспехам выкарыстоўваць у ваеннай справе. Таксама гэта выдатны робат для біёлагаў, паколькі ён поўнасцю паўтарае вобраз насякомага. Пры яго праектаванні мы абапіраліся на будову майскага жука.
Важна тое, што наш робат-павук рэалізаваны на платформе Intel Edison. У XXI стагоддзі мы ўжо адправілі робатаў на Марс, дык вось наш намнога больш перспектыўны. Гусенічныя мадэлі, якія цяпер працуюць ва ўмовах Марса, не могуць пераадольваць перашкоды, а наш можа рухацца па камянях і ўзвышэннях, а відэакамера дапаможа яму якасна перадаваць даныя”.

Чакаем перамог з Катара

Назіраць за выкананнем усіх конкурсных заданняў было вельмі няпроста, а таму на пляцоўцы для спаборніцтваў працавала цэлая каманда, якая сачыла за правільнасцю і часам іх выканання. У выніку па рашэнні журы пераможцамі малодшай узроставай групы ў заданні “Лоўля жэмчугу” сталі Антон Стасюк з сярэдняй школы № 13 і Алег Сірэнка з гімназіі № 2 Мінска.
Заданне “Пошук скарбу” стала паспяховым для прадстаўнікоў сярэдняй узроставай катэгорыі Багдана Капенкіна з гімназіі № 13 Мінска і Аляксея Быкава з гімназіі № 61 Мінска.
Па выніках спаборніцтваў творчай катэгорыі ў тэме “Робаты WeDo” пераможцамі сталі Андрэй Грабоўскі з гімназіі № 39 і Максім Буракоў з сярэдняй школы № 105 Мінска. Тэма “Робаты-даследчыкі” прынесла поспех Аляксею Глазу са сталічнай школы № 24.
Да футбольных спаборніцтваў, па меркаванні членаў журы, сваіх робатаў лепш за ўсё падрыхтавалі навучэнцы сярэдняй школы № 203 і гімназіі № 5 сталіцы Амір Тамарыеў і Максім Клімовіч. Сярод тых, чые робаты гулялі ў боўлінг, таксама два пераможцы, на гэты раз дзяўчаты — Настасся Стральцова і Алена Кузей, студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Справа зроблена! Застаецца чакаць поспехаў з Катара, дзе ўжо ў лістападзе пройдзе сусветны фінал World Robot Olimpiad-2015!

Наталля АЛЁХІНА.