Наўмысны абстрэл гуманітарнага канвою — ваеннае злачынства

Мноства людзей загінулі і атрымалі раненні ў выніку абстрэлу сумеснага гуманітарнага канвою ААН і Сірыйскага таварыства Чырвонага Паўмесяца ў раёне Алепа. З такім сцвярджэннем выступіў намеснік генеральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаннях Стывен О’Браен. Паводле яго слоў, калі пацвердзіцца, што ўдар па аўтакалоне быў нанесены наўмысна, гэта будзе лічыцца ваенным злачынствам.

“Паведамленне аб нападзенні на канвой ААН і Сірыйскага таварыства Чырвонага Паўмесяца ў горадзе Урэм эль-Кубра на паўночным усходзе ад Алепа выклікае агіду і жах. Мноства людзей былі забіты або атрымалі сур’ёзныя раненні, уключаючы добраахвотнікаў з Чырвонага Паўмесяца”, — гаворыцца ў пісьмовай заяве Стывена О’Браена. Паводле яго слоў, таксама быў пашкоджаны склад з гуманітарнымі прыпасамі і медыцынскі цэнтр ва Урэм эль-Кубра.

Намеснік генеральнага сакратара вельмі рашуча асудзіў інцыдэнт, падкрэсліўшы, што ўсе бакі канфлікту мелі інфармацыю аб адпраўцы аўтакалоны. “Не можа быць ніякага тлумачэння або апраўдання, якой-небудзь прычыны і рацыянальнага абгрунтавання нападзенню на храбрых і самаадданых гуманітарных супрацоўнікаў”, — адзначыў ён. “Будзем шчырымі: калі гэта бяздушная атака акажацца наўмыснай, яна будзе прыраўнавана да ваеннага злачынства”, — заявіў Стывен О’Браен. Ён заклікаў неадкладна правесці непрадузятае расследаванне інцыдэнту.