Навагодні падарунак для вучняў і настаўнікаў

У межах Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” сярэднюю школу № 91 Мінска імя Хасэ Марці наведалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі — памочнік міністра адукацыі Аляксей Калюноў і прэс-сакратар Людміла Высоцкая. Ад імя міністра адукацыі Ігара Карпенкі і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта вучнёўскаму і педагагічнаму калектыву ўстановы адукацыі быў перададзены тэлевізар і камплект метадычнай літаратуры.

Міністра адукацыі з установай, якую ўзначальвае Таццяна Іванаўна Мадудзіна, звязваюць цёплыя шматгадовыя адносіны. Школа з’яўляецца адной з першых устаноў, якая стаяла ля вытокаў інклюзіўнай адукацыі. Сёння тут вучацца 122 дзіцяці з парушэннямі слыху. У выніку шматгадовай работы калектывам распрацавана адукацыйная мадэль, якая дазваляе стварыць аптымальныя ўмовы для ўсіх навучэнцаў, ажыццяўляць неабходную карэкцыйную дапамогу і забяспечваць паспяховую сацыялізацыю ў грамадстве.

І пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца шматлікія перамогі навучэнцаў школы ў інтэлектуальных, выхаваўчых і спартыўных спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Дыплом ІІ ступені на раённым конкурсе навукова-даследчых работ заваяваў вучань 11 класа Цімафей Сафонаў (дарэчы, хлопец заняў 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе сачыненняў “Залатое пяро”), на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры ўладальнікам дыплома ІІІ ступені стаў Уладзіслаў Дзярновіч. 1-е месца на гарадскім конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей” занялі Валянцін Вац і Кірыл Лукін. Сваімі спартыўнымі дасягненнямі радуюць майстар спорту па плаванні Данііл Барысевіч, удзельнік чэмпіянату Еўропы па каратэ ў сваёй узроставай катэгорыі Раман Іваноў.

— Напярэдадні Новага года І.В.Карпенка не мог пакінуць без падарункаў сваіх падапечных. Каб добрыя адукацыйныя і пазнавальныя праграмы садзейнічалі развіццю школьнікаў, а метадычная літаратура спрыяла прафесійнаму росту педагогаў, — падкрэсліла Людміла Высоцкая, уручаючы падарункі.

Калядныя дабрачынныя акцыі працягваюцца па ўсёй краіне. У сярэдняй школе № 91 такая акцыя пройдзе пад назвай “Жыве паўсюдна дабрыня” з запрашэннем бацькоў, шэфаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў, з якімі супрацоўнічае ўстанова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.