Навагоднія конкурсы

Навагоднія святы ўжо нагадваюць аб сваім набліжэнні. Разнастайныя мерапрыемствы пачалі ствараць святочны настрой. Так, на Міншчыне падвялі вынікі конкурсаў “Калядная зорка” і “Ёлка-фэст”.

Абласная выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” праходзіла ў Жодзіне. Больш за 230 творчых работ навучэнцаў былі прадстаўлены ў дзесяці намінацыях: “Калядная зорка”, “Навагодняя ёлка”, “Ёлачная цацка”, “Сувенір-падарунак”, “Калядная кампазіцыя”, “Зіма ў Беларусі”, “Зімовы спорт”, “Навагодні персанаж”, “Арт-аб’ект”, “Навагодні касцюм”. Юнакі і дзяўчаты, ствараючы навагоднія дрэвы, калядныя сімвалы, касцюмы для навагодняга балю, тэматычныя сюжэтныя кампазіцыі, праявілі нестандартнае мысленне, уласны погляд на тэму і высокае майстэрства выканання вырабаў. Экспертная камiсiя выбрала 60 работ, якiя прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім этапе выставы-конкурсу “Калядная зорка”.

І калі “Калядная зорка” — гэта конкурс навагодняга аздаблення, то “Ёлка-фэст” — гэта спаборніцтва галоўных навагодніх герояў. Лепшых Дзеда Мароза і Снягурку Мінскай вобласці выбіралі ў Каладзішчанскай сярэдняй школе Мінскага раёна. Сваіх прэтэндэнтаў на перамогу прадставілі 20 устаноў адукацыі з 16 раёнаў вобласці.

Удзельнікі паказалі на сцэне сюжэтна-гульнявую праграму і творчы нумар. У намінацыі “Лепшы Дзед Мароз і Снягурка” перамогу святкавала каманда Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Мінскага раёна. У намінацыі “Лепшая навагодняя сюжэтна-гульнявая праграма” дыплом I ступені атрымалі прадстаўнікі Каладзішчанскай сярэдняй школы.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.