Навагоднія прыгоды для асаблівых дзетак

Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя як ніхто іншы маюць патрэбу ў святочных сустрэчах, бо асабліва цэняць радасць зносін.

Запрашаючы сем’і, якія выхоўваюць такіх дзяцей, на дабрачыннае свята, якое штогод праходзіць у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, педагогі аб’ядналі намаганні грамадскіх арганізацый горада, каб казка адбылася. Спонсарамі свята сталі Ленінская раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” і Гро­дзенская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

“А хто такія фіксікі, вялікі, вялікі сакрэт…”, — напявае маленькая Аленка ў сукенцы прынцэсы, прытанцоўваючы на руках у старэйшай сястрычкі, паўтараючы словы песні за любімымі героямі мульт­фільма, якія эрудыцыяй і крэатыўнасцю перамагаюць шкодны вірус у навагодняй казцы. А рукавічка Дзеда Мароза, якая перадаецца адно аднаму, і сапраўды творыць цуды, ператвараючы вершы дзетак у чароўную музыку навагодняга дзейства. І няважна, што не вельмі выразна гучаць словы, галоўнае — шчаслівыя агеньчыкі ў вачах.

Дзіцячыя чаканні збываюцца, калі побач ёсць неабыякавыя дарослыя. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” гэта добра ведаюць, бо шмат гадоў прымаюць пад дахам сваёй установы асаблівых дзетак, дапамагаюць арганізаваць заняткі для іх, сустракаюцца з іх бацькамі. На базе “Спектра” створаны клуб “Добрыя сэрцы” для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, членамі якога з’яўляюцца каля 40 сем’яў. Акрамя таго, у цэнтры адкрыта шмат аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца дзеці-інваліды.

— Штомесяц мы арганізоўваем цікавыя мерапрыемствы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна Алена Дулеўская. — І дзеці разам са сваімі бацькамі прымаюць удзел у гульнях, конкурсах. Такія мерапрыемствы запамінаюцца надоўга, пакідаюць у душы радасць ад зносін.

Ірына АНІКЕВІЧ.