Навагоднія цацкі Вялікага тэатра

Днямі Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі шосты раз узнагародзіў пераможцаў конкурсу “Навагодняя тэатральная цацка”. Сёлета ў творчым спаборніцтве ўдзельнічалі больш за сто сямей з розных куткоў краіны. Для большасці з іх ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні Новага года збірацца разам і ствараць новую цацку на тэатральную тэматыку. Журы конкурсу, ацэньваючы бязмежную фантазію і талент дзяцей і іх бацькоў, пастаралася адзначыць як мага больш вырабаў, а таму, акрамя чатырох галоўных прэмій, прысудзіла прызы ў 25 намінацыях.

Уладальнікі гран-пры — сям’я Каляснікавых.

Усе навагоднія тэатральныя шэдэўры ўпрыгожылі галоўную ёлку Вялікага тэатра. Тут і традыцыйныя шчаўкунчыкі, мышыныя каралі, балерыны, і розныя шары — усе яны ствараліся з дапамогай падручных матэрыя­лаў, невычэрпнай фантазіі і жадання перамагчы або проста трапіць у любімы тэатр. Цацкі настолькі адметныя, неверагодныя, прыгожыя, што становіцца зразумела, наколькі складана было для журы вызначыць пераможцу. На гэты раз уладальнікам гран-пры стала сям’я Каляснікавых з Мінска. У стварэнні работы “Захавальнік часу” прымалі ўдзел усе трое дзяцей — Канстанцін, Мікалай і Аляксей — разам з мамай і татам. “Мы — сям’я мастакоў. У конкурсе ўдзель­нічаем упершыню. На сумесную работу нас натхніла жаданне прыйсці ў Вялікі тэатр на навагоднюю ёлку. Атрымаць гран-пры — вялікая радасць, — дзеліцца сваімі эмоцыямі Алена Каляснікава. — Наш “Захавальнік часу” — гэта дуб, які ўвасабляе і сам Вялікі тэатр. Для яго стварэння мы выкарысталі кардон, пластылін, залачэнне — і атрымалася аўтарская тэхніка. Хоць варта адзначыць, што ўсе цацкі-канкурсанты не эклектычныя, а зробленыя з душой і з дапамогай сучасных матэрыялаў”.

Першае месца — у сям’і Кацуба з Мінска, якая ўдзельнічала ў конкурсе ўжо чацвёрты раз. Да гэтага яны толькі траплялі ў намінацыі, а цяпер сталі пераможцамі, дзякуючы рабоце “Маленькі прынц і яго маленькая планета”. “Штогод конкурс падштурхоўвае нас сабрацца разам і прааналізаваць адыходзячы год. Так было і на гэты раз. Мы перачыталі нашы любімыя гісторыі пра Шчаўкунчыка і Маленькага прынца, пасля прадумалі сюжэт нашай цацкі і зрабілі яе літаральна за два вечары. Для нас стала сапраўдным падарункам 31 снежня пачуць, што мы перамаглі. Будзем і надалей ствараць навагоднія тэатральныя цацкі”, — расказала Таццяна Кацуба.

“Захавальнік часу”.

Сярэбраным прызёрам стала сям’я Ба­цяноўскіх з Жодзіна разам са сваім “Мышыным каралём”. Сям’я даслала на конкурс адразу дзве цацкі. “Вішанькі” не атрымалі прыз, але размясціліся на ёлцы Вялікага тэатра. “Для стварэння “Мышынага караля” мы выкарысталі самае простае, што было пад рукой: дрот, туалетную паперу, ніткі, шкарлупіны ад фісташак, футра і, канечне, фантазію. Старэйшы сын дапамагаў ляпіць галаву Мышынага караля, фісташкі сталі яго вушкамі, а наш тата зрабіў каркас з дроту — задзейнічаны былі ўсе, — расказала Ірына Бацяноўская. — У мінулым годзе мы таксама былі ў намінацыі і на працягу года думалі над ідэя­й для чарговай навагодняй цацкі. Прызавое месца нас вельмі парадавала. Абавязкова будзем удзельнічаць і наступны раз, бо такія конкурсы до­раць яркія і пазітыўныя эмоцыі”.

Трэцяе месца заняла сям’я Караванскіх і іх “Белы лебедзь”. Прызам глядацкіх сімпатый узнагароджаны “Мадам Му-Му” і “Містар Дырыжор”, створаныя сям’ёй Паньковых з Магілёва. У намінацыі “Самая першая цацка” адзначаны “Чароўны шарык” і “Снегавік” Ульяны і Мікалая Вярэнічаў з Мінска. Прыз самаму юнаму ўдзельніку за “Цуда-цацку” да спектакля “Шчаўкунчык” уручаны Ганне Юч і яе 11-месячнай дачушцы Міраславе. Сімвал 2020 года — “Белае пацучаня” — па тэхналогіі паперкрафт зрабіла сям’я Емяльянавых з Магілёва. Журы таксама назвала самую першую, самую вялікую, самую вытанчаную, самую арыгінальную, самую смачную, самую чароўную цацкі, любімага тэатральнага героя, а таксама ўладальнікаў шматлікіх прызоў ад розных цэхаў Вялікага тэатра, Дзеда Мароза і Снягурачкі. Акрамя прыемных памятных падарункаў, усе пераможцы і госці атрымалі галоўны прыз ад тэатра — магчымасц­ь убачыць казачны балет Пятра Чайкоўскага “Шчаўкунчык”.

Першы намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Рылатка падкрэсліў, што конкурс застаецца за­патрабаваным. “Я нават і не думаў, што столькі беларусаў любяць наш конкурс, а дзеці так добра ведаюць оперных персанажаў. Ёсць шмат таленавітых дзяцей, якія прыдумваюць неверагодныя цацкі. Прычым, чым больш яркая фантазія ў дзіцяці, тым больш цікавыя атрымліваюцца цацкі, бо хлопчыкі і дзяўчынкі прыдумваюць цэлую легенду, у іх кожная дэталь мае значэнне, — расказаў ён. — Асабіста мне вельмі падабаюцца абстракт­ныя цацкі, не звязаныя з нейкім сюжэтам, накшталт ліхтарыкаў. Я перакананы, што навагодняя цацка, зробленая рукамі дзіцяці, павінна быць у кожным доме”.

Ён анансаваў, што конкурс будзе мець працяг. “Многія ўдзельнікі нашага творчага спаборніцтва ўжо сёння пачынаюць прадумваць цацку, якую створаць у канцы года. Таму мы не можам іх расчараваць — і конкурс будзе мець працяг, бо дзяцей падманваць нельга. Тым больш што такі конкурс дазваляе выхоўваць нашага будучага гледача, дзяцей ён вучыць разумець мастацтва, а дарослых — быць добрымі”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота БелТА.