Навагодняе свята ад прафсаюзаў

Звыш 500 хлопчыкаў і дзяўчынак сабрала разам у апошнія дні мінулага года абласная прафсаюзная ёлка. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”.

Дзеці з розных куткоў Магілёўшчыны сустрэ­ліся з Дзедам Марозам і Снягуркай, убачылі займальную пастаноўку “Навагодні батл” па матывах казкі “Золушка”, а таксама атрымалі салодкія падарункі.

З навагоднімі і каляднымі святамі прысутных павіншавала намеснік старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Марачкава. Яна пажадала ўсім моцнага здароўя, шчасця, кахання і ўзаемаразумення з роднымі і блізкімі.

— Абласная прафсаюзная ёлка — толькі адно з мерапрыемстваў, запланаваных прафсаюзамі ў перыяд зімовых свят. Напрыклад, прадстаўнікі абласнога аб’яднання наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу Барабанавых з Магілёва, дзе выхоўваюцца 12 дзяцей. Падарункі атрымалі таксама выхаванцы двух дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Магілёўскага раёна — удзельнікі прафсаюзнай дабрачыннай акцыі “Загадай жаданне”, якая праводзіцца ў рэгіёне ўпершыню, — адзначыла Таццяна Барысаўна.

Прафсаюзы таксама аказалі бязвыплатную дапамогу падшэфным установам ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупцы выхаванцам прысмакаў і навагодніх падарункаў, арганізацыі паездак на навагоднія паказы. Асаблівую ўвагу ў грамадскай арганізацыі ўдзялялі віншаванню дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў сацыяльных прытулкаў і дзіцячых устаноў адукацыі інтэрнатнага тыпу.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Прафсаюзы — дзецям” праводзіцца з 2002 года і носіць круглагадовы характар. Істотная дапамога дзецям і іх бацькам аказваецца да Міжнароднага дня абароны дзяцей, Дня ведаў, навагодніх і калядных свят, летняга аздараўлення і інш.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Юліі БАЧКАРОВАЙ.